Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Чаму не вызваляюць палітвязьняў, якіх змусілі зьняцца ў прапагандысцкіх фільмах?


Муж палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда, праваабаронца Марына Касінерава, прадстаўніца ініцыятывы dissidentby. Суд над Палінай. Ілюстрацыйны каляж.
Муж палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда, праваабаронца Марына Касінерава, прадстаўніца ініцыятывы dissidentby. Суд над Палінай. Ілюстрацыйны каляж.

У Дзень маці судзяць маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк. Палітзьняволенай пагражае яшчэ 1 год няволі ў дадатак да тых амаль ужо чатырох гадоў, якія яна адбыла. Ад каго залежыць вызваленьне Паліны? Чаму для ўладаў важны ейны кейс і чаму яе не вызваляюць і падаўжаюць ёй тэрміны?

Адказваюць муж Паліны Андрэй Шарэнда і Марына Касінерава, прадстаўніца ініцыятывы dissidentby, якая займаецца непасрэднай дапамогай палітвязьням.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— 14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёну супраць Паліны пачыўся новы судовы працэс. Палітзьяволеную трэці раз судзяць паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Андрэй, што вядома пра фізычны і псыхалягічны стан Паліны няпярэдадні суду?

Андрэй Шарэнда: Паліна знаходзіцца ў Рэчыцкім ІЧУ. Гэта месца зь вельмі кепскімі ўмовамі ўтрыманьня, дзе не выдаюць матрацаў, бялізны, нічога. Час перад судом і некалькі тыдняў пасьля суду Паліна будзе вымушаная спаць проста на падлозе ў халадэчы. Напярэдадні суду робіцца зьдзек з чалавека, каб на судзе ён быў зьнясілены. У Паліны хранічны панкрэатыт, гэта вельмі сур’ёзнае захворваньне, фактычна сьмяротнае ў тых умовах, у якіх трымаюць Паліну. У нас ёсьць вялікая трывога за стан яе здароўя. У судзе змаглі пабачыць яе трошку. Яна вельмі змучана выглядае. Сотні содняў у штрафным ізалятары, некалькі дзясяткаў этапаў ня могуць не адбіцца як на фізычным, так і на псыхалягічным здароўі.

— За што насамрэч судзяць Паліну?

Марына Касінерава: Паліну насамрэч судзяць за тое, што яна вельмі адважная жанчына, за тое, што яна любіць Беларусь, любіць тое месца, дзе яна жыве, змагаецца за свае каштоўнасьці і за будучыню сваіх дзяцей. І яе ня проста судзяць, яе яшчэ дадаткова катуюць за гэта.

— Паліна Шарэнда-Панасюк была сапраўдным сымбалем нязломнасьці. І для ўладаў было вельмі важна паспрабаваць скампрамэнтаваць гэты смыбаль. Яе прымусілі зьняцца ў прапагандысцкім фільме, але ў выніку ня вызвалілі. Чаму для ўладаў важны яе кейс і чаму яе не вызваляюць і працягваюць ёй тэрміны?

Марына Касінерава: У мяне такое адчуваньне, што беларускія ўлады, беларуская дыктатура працуе па мэтадычцы Оруэла, рамана «1984», калі таталітарнаму, рэпрэсіўнаму рэжыму важна ня толькі кантраляваць тое, што адбываецца ў грамадзтве, але залезьці нават у галовы людзей, зьмяніць іхныя думкі і зламаць асобу. Менавіта гэта спрабуюць рабіць з нашымі палітвязьнямі, у тым ліку з Палінай. Самае амаральнае, што робіць рэжым, ён выкарыстоўвае людзей, палітвязьняў у сваёй інфармацыйнай вайне з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, і гэтыя людзі для іх не зьяўляюцца людзьмі, асобамі. Гэтыя людзі для іх проста зброя, якую яны вельмі амаральна выкарыстоўваюць у сваіх мэтах.

Мы бачылі фільм з Палінай. Мы ведаем, што тых людзей, якіх нібыта памілавалі... Памілавалі — азначае памілаваць і адпусьціць жыць сваё жыцьцё. Мы атрымліваем зьвесткі, што да людзей прыяжджаюць у калёнію кадэбэшнікі, каб пісаць просьбу аб памілаваньні і падпісваць зь імі сакрэтныя дакумэнты пра тое, што яны будуць зьліваць нейкую інфармацыю пра дэмакратычныя сілы, што яны абавязаныя здымацца ў розных прапагандысцкіх фільмах. Людзі пагаджаюцца на ўмовы такога нібыта вызваленьня. Людзі застаюцца пад наглядам, вымушаныя ўладкавацца на працу цягам 1-3 дзён пасьля вызваленьня, што амаль немагчыма зрабіць ва ўмовах Беларусі зараз.

На людзей працягваецца ціск. Шматлікія праваабарончыя, гуманітарныя арганізацыі паведамляюць, што такім чынам улады спрабуюць адшукаць шляхі, празь якія дастаўляюцца грошы ў Беларусі для дапамогі такім людзям. Людзей, акрамя таго што несправядліва пасадзілі, асудзілі, катавалі, на іх яшчэ працягваюць ціснуць празь сям’ю, проста новымі тэрмінамі, і выкарыстоўваюць у сваёй вайне.

Андрэй Шарэнда: Дзьве асноўныя прычыны, чаму Паліну не вызвалілі. Першая прычына — у іх не атрымалася Паліну зламаць. Мы ўсе бачылі на тым прапагандысцкім відэа, што, нават нягледзячы на тыя саступкі, на якія яна была вымушаная пайсьці, яна трымалася вельмі годна. Другая, асноўная прычына — рэжым Лукашэнкі проста помсьціць Паліне і іншым палітвязьням за іх мужную пазыцыю, якая ў іх была і застаецца. Гэта асноўная прычына, чаму зьявіўся рэжым інкамунікада, чаму людзям проста падаўжаюць тэрміны. Гэта проста помста.

  • 23 траўня 2024 году Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсьці на волю пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня ў 2,5 года і двух дадатковых тэрмінаў па 1 годзе, дабаўленых судом нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі».
  • Але замест вызваленьня актывістку зьмясьцілі ў Гомельскае СІЗА на час расьсьледаваньня новай крымінальнай справы паводле 411 артыкула КК («Непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы»). У сярэдзіне верасьня палітзьняволеную перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомля. Па прыбыцьці яе адразу адправілі ў карцар на 10 дзён.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG