Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паліна ў вельмі цяжкім псыхалягічным стане», — муж палізьняволенай Шарэнды-Панасюк


Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота

Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якую два тыдні таму зьмясьцілі ў СІЗА замест вызваленьня з калёніі, цяпер «у вельмі цяжкім псыхалягічным стане».

Гэтак ахарактарызаваў стан жонкі былы палітвязень Андрэй Шарэнда і спаслаўся на крыніцу, якая ў Гомельскім СІЗА бачылася з Палінай Шарэндай-Панасюк сёньня, 7 чэрвеня.

«З прычын бясьпекі называць чалавека не магу, але зьвесткі дакладныя. З добрых навінаў, што Паліна жывая, з дрэнных — што яе стан у псыхалягічным сэнсе вельмі і вельмі складаны, цяжкі. Яе працягваюць мучыць, фактычна катаваць. Як яшчэ гэта назваць, калі зноў ня вызвалілі, хоць тэрмін скончыўся, а закінулі ў сьледчы ізалятар і будуць зноў судзіць? Толькі катаваньнем. І на сваякоў таксама маральна ціснуць», — сказаў муж палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк.

Паводле зьвестак Андрэя Шарэнды, сваякі ягонай жонкі спрабавалі перадаць ёй харчовую перадачу, але яе не прынялі.

«Зноў прычына, што нібыта ёй ужо нехта перадаў 30 кіляграмаў прадуктаў — норму на месяц. Гэтым разам невядомыя „добразычліўцы“ прынесьлі ёй мех старой морквы. Яблык яшчэ няма, як рабілі летась, дык цяпер дораць моркву. Зьдзекуюцца з Паліны і яе сваякоў. Гэта яўна сплянаваная, заказаная наверсе правакацыя, якой яны мэтанакіравана дабіваюць невінаватага чалавека», — мяркуе Андрэй Шарэнда.

21 траўня актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсьці з жаночай калёніі ў Зарэччы па заканчэньні прызначанага ёй тэрміну, але на волі так і не зьявілася.

У другой палове таго ж дня стала вядома, што палітзьняволеную перавялі ў Гомельскае СІЗА, на яе завялі новую крымінальную справу паводле 411 артыкула аб «грубым непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы», і ёй пагражае яшчэ 1 год зьняволеньня. Гэта будзе ўжо трэцяе пакараньне Паліны Шарэнды-Панасюк паводле 411 артыкула.

Перасьлед Паліны Шарэнды-Панасюк

  • Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадзкая актывістка зь Берасьця, якую затрымалі 3 студзеня 2021 году. Спачатку яе асудзілі на 2 гады зьняволеньня па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 364 («Гвалт ці пагроза гвалту адносна супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта»).
  • Пазьней яе двойчы асудзілі за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» яшчэ агулам на 2 гады зьняволеньня.
  • У сакавіку, калі прапагандысты зьнялі сюжэт пра палітзьняволеную, у кадар трапіла жоўтая бірка Паліны — на ёй было пазначана, што тэрмін Шарэнды-Панасюк павінен быў скончыцца 21 траўня.
  • За кратамі Паліна Шарэнда-Панасюк ужо адбыла 3 гады і 5 месяцаў.
  • Паліна стала першай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле. А ў 2023 годзе на актывістку завялі новую крымінальную справу паводле таго ж артыкула і зноў прысудзілі 1 год. Агулам яна атрымала тэрмін у 4 гады зьняволеньня.
  • Паліна не прызнала віны, у СІЗА і папраўчых калёніях № 4 (Гомель) і № 24 (Рэчыцкі раён), як заявілі яе сваякі і праваабаронцы, яна была пад псыхалягічным ціскам, у калёніі яе білі ахоўнікі. Агулам больш за год яна правяла ў ШЫЗА і ПКТ. Шмат разоў сваякі палітзьняволенай скардзіліся, што да яе не пускалі адваката, а адпраўленыя ёй мэдычныя бандэролі затрымлівалі, а то і зусім не перадавалі.
  • У 2023 годзе на знак пратэсту супраць катаваньняў Паліна Шарэнда-Панасюк заяўляла пра адмову ад беларускага грамадзянства. Але да разгляду гэтай заявы справа не дайшла.
  • Паліна Шарэнда-Панасюк — маці дваіх дзяцей, якія цяпер жывуць у Вільні разам з бацькам, Андрэем Шарэндам.
  • У сакавіку 2024 году дзяржаўная тэлевізія апублікавала інтэрвію з Палінай, якое яе муж Андрэй Шарэнда назваў «пастановачным».
  • У 2023 годзе Паліна Шарэнда-Панасюк стала першым ляўрэатам у новай намінацыі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасьці як асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску за сваю дзейнасьць у прасоўваньні і абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG