Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да аднаго году.
Да 2020-га ў Беларусі паводле гэтага артыкула судзілі толькі дваіх палітзьняволеных: у 2012 годзе Зьмітра Дашкевіча і ў 2015 годзе Мікалая Дзядка.
Днямі палітвязьня Сяргея Дзецука, які адседзеў у Навасадзкай калёніі № 14 3 гады і якога перазатрымалі ў сакавіку ў дзень выхаду на волю, асудзілі яшчэ на 1 год акурат па артыкуле 411.
Цяпер суды паводле 411-га адбываюцца ледзьве ня кожны тыдзень. Праваабаронцам вядомыя каля 40 прысудаў, некалькі чалавек чакаюць судоў.
«Ніхто не застрахаваны»
Калі тэрмін асуджанага падыходзіць да канца, гэта зусім не азначае, што вязень выйдзе на волю, сьцьвярджае юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова.
«Фактычна да любога вязьня адміністрацыя калёніі можа прымяніць 411 артыкул Крымінальнага кодэксу. Гэта адсутнасьць гарантыі вызваленьня вязьняў па сканчэньні тэрміну зьняволеньня.
Усе суды па 411-м праходзяць у закрытым рэжыме і звычайна на тэрыторыі ўстановы, дзе ўтрымліваецца чалавек. Сьведкамі выступаюць самі супрацоўнікі калёніі, таму пра аб’ектыўнасьць і неперадузятасьць тут гаварыць не выпадае», — кажа юрыстка.
Яна тлумачыць, што канкрэтна адміністрацыя можа палічыць злосным парушэньнем.
«Гэта, па сутнасьці, набор ужо наяўных пакараньняў, гэта можа быць любы з гэтых набораў:
— 4 вымовы;
— 4 пазачарговыя дзяжурствы;
— 3 спагнаньні, адно зь якіх — пазбаўленьне чарговай пасылкі або перадачы, а таксама пазбаўленьне чарговага працяглага або кароткатэрміновага спатканьня;
— альбо 2 спагнаньні, адно зь якіх — зьмяшчэньне асуджанага ў ШЫЗА.
Ніхто са зьняволеных не застрахаваны, што ягоны тэрмін ня будзе павялічаны цалкам адвольна», — мяркуе юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна».
На яе думку, пакуль артыкул 411 ёсьць у Крымінальным кодэксе, ён пагражае ўсім палітвязьням, бо гэта клясычны рэпрэсіўны артыкул, які парушае права чалавека на асабістую свабоду і права ня быць асуджаным або пакараным двойчы.
«Так можна судзіць чалавека колькі заўгодна разоў, дадаваць новыя і новыя тэрміны. Прыклады гэтаму — і Зьміцер Дашкевіч, і Паліна Шарэнда-Панасюк, і Вікторыя Кульша, і многія іншыя», — кажа юрыстка «Вясны».
Рэкардсмэнаў чакае ўжо трэці суд
Вікторыя Кульша — адміністратарка чату «Кіроўцы-97». Яе затрымалі ў лістападзе 2020 году. У чэрвені 2021 году яе асудзілі на два з паловай гады (паводле артыкула 342 — арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). Суд быў закрыты.
У чэрвені 2022-га ў гомельскай жаночай калёніі № 4 на выязным пасяджэньні Вікторыі дадалі яшчэ 1 год паводле артыкула 411.
Сярод «парушэньняў» у яе былі: «зьнішчэнне ліста, напісанага да дачкі»; «выйшла ў туалет, не папярэдзіўшы»; «была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы»; «знаходзілася з расшпіленым гузікам на паліто», «пры адкрыцьці дзьвярэй камэры ня ўстала, не павіталася, не назвалася».
У жніўні 2022 году палітзьняволеную этапавалі ў папраўчую калёнію № 24 у Зарэчча. У красавіку 2023 году ёй дадалі яшчэ адзін год паводле 411 артыкула. Жанчыну пастаянна трымалі ў ШЫЗА і ПКТ.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на яе завялі трэцюю запар крымінальную справу за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» па арт. 411 КК. Па стане на ліпень 2024 году Вікторыя Кульша ўтрымліваецца ў СІЗА № 3.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ў студзені 2021 году. У чэрвені суд Маскоўскага раёну Берасьця прыгаварыў яе да 2 гадоў пазбаўленьня волі паводле трох артыкулаў — 364 («Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта») КК.
У красавіку 2022 году палітзьняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго году зьняволеньня паводле арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго году паводле таго ж артыкула.
Паліна мелася выйсьці на волю ў канцы траўня 2024 году, але супраць яе завялі новую крымінальную справу — зноў паводле 411-га артыкула Крымінальнага кодэксу за «злоснае непадпарадкаваньне».
«Пакараньне павінна быць канчатковым»
Юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill, якая папрасіла не называць яе імя зь меркаваньняў бясьпекі, расказала, што адзін прысуд Паліны Шарэнды-Панасюк паводле 411 артыкула быў выкладзены на партале pravo.by.
«Там было напісана, што яна рабіла фізычныя практыкаваньні ня ў той час, другое парушэньне — паклала галаву на стол і задрамала, трэцяе — яна няветліва павіталася. Натуральна, за такія парушэньні не павінна быць крымінальнай адказнасьці», — перакананая юрыстка.
На яе думку, такога артыкула не павінна быць увогуле ў Крымінальным кодэксе.
«Калі чалавек адседзеў тэрмін паводле крымінальнага артыкула, ён павінен выйсьці на волю. То бок, калі чалавека пакараў суд, гэтае пакараньне павінна быць канчатковым. А цяпер атрымліваецца, што выкарыстоўваць артыкул 411 і падаўжаць тэрмін зьняволеньня можна бясконца», — кажа юрыстка.
Артыкул 411 КК супярэчыць пункту 7 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (ратыфікаванага і Беларусьсю): «Ніхто не павінен быць паўторна судзімы або пакараны за злачынства, за якое ён ужо быў канчаткова асуджаны або апраўданы ў адпаведнасьці з законам і крымінальна-працэсуальным правам кожнай краіны».
І наагул, прыцягваць за дробныя парушэньні да крымінальнай адказнасьці няправільна, лічыць юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill.
«Гэта ж дробязі. У найгоршым выпадку яны цягнуць на адміністрацыйныя парушэньні, але ніяк не на крымінальныя. Але чамусьці, калі чалавек адбывае пакараньне, гэтым дробязям надаецца статус крымінальных злачынстваў. І пакараньне асобе прызначаюць у выглядзе пазбаўленьня волі. Так не павінна быць», — перакананая юрыстка.
Бяз доступу да матэрыялаў справы
Артыкул 411 — не адзіная прычына, каб пакідаць палітвязьняў за кратамі даўжэй за прысуджаны ім тэрмін. Пэрыядычна зьняволеных судзяць за кратамі і па іншых абвінавачаньнях.
У сярэдзіне ліпеня 2024 году павінен быў выйсьці на волю Зьміцер Дашкевіч. 14 ліпеня 2022-га судзьдзя Маскоўскага суду Менску Тацяна Пірожнікава вынесла прысуд Дашкевічу — 1,5 года калёніі агульнага рэжыму паводле «народнага» артыкула 342. Пакараньне ён адбываў у Навасадзкай калёніі № 14. На волю павінен быў выйсьці 11 ліпеня 2023 году. Аднак на яго завялі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаваньне» і перавялі ў сьледчую турму № 8 у Жодзіна. 18 кастрычніка судзьдзя Барысаўскага райсуду Тацяна Дзеравянка прызначыла палітвязьню яшчэ адзін год калёніі ўжо ва ўмовах строгага рэжыму.
У жодзінскай турме Зьмітра паўгода трымалі ў карцары. У студзені 2024 году палітвязьня зноў перавялі ў ПК № 14. Сёлета пры канцы траўня стала вядома, што на Зьмітра завялі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».
Нядаўна праваабаронцам стала вядома, што пачаўся новы суд, і Дашкевіча абвінавачваюць паводле «народнага» артыкула 342 КК. Юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова кажа, што ў траўні размова ішла толькі пра 411 артыкул.
«Можа, перадумалі, доступу да матэрыялаў справы няма, дакладна не вядома, што інкрымінуецца Дашкевічу».
Юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill выказвае меркаваньне, якое можа тычыцца і Дашкевіча, і каго заўгодна іншага.
«Чалавека асудзілі за ўдзел у адным маршы і пакаралі. А сілавікі пасьля даведаліся, што ён браў удзел яшчэ ў адным маршы. Можна ўвесь час шукаць і заводзіць іншыя крымінальныя справы. А можа, і 411 артыкул. Сёньня мы бачым, што ў дачыненьні да палітзьняволеных тэрміны падаўжаюць ужо трэці раз», — кажа юрыстка.
Праваабаронцы «Вясны» зьвярнуліся да спэцыяльнага дакладчыка ў пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі з заклікам паўплываць, каб артыкул 411 быў выключаны з Крымінальнага кодэксу краіны.
Форум