Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зноў праблемы зь перадачай». Муж палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк расказаў навіны пра яе


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Муж палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, якую нядаўна перавялі ў гомельскае СІЗА-3, дзе яна чакае новага суду, расказаў Свабодзе пра новыя праблемы з прадуктовымі перадачамі для Паліны, а таксама пра тое, як прайшла яе апошняя псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза.

Зноў праблемы з прадуктовай перадачай

Паводле крыніцы, якую Андрэй Шарэнда ня можа называць дзеля бясьпекі, па вяртаньні ў гомельскае СІЗА ягоную жонку чакала тая ж гісторыя з прадуктовай перадачай, як і летась.

«Нібыта ад невядомай асобы ёй паступілі пакункі зь зялёнымі яблыкамі. У выніку цяпер месячная норма перадачы прадуктаў у 30 кіляграмаў лічыцца выбранай, і больш у гэтым месяцы для яе нічога ня прымуць.

Гэтак і раней рабілі: перадавалі Паліне то мех гнілой морквы, то мех бітых яблык, як мінулым летам. Такі зьдзек, псыхалягічны ціск на Паліну і на нас, яе сваякоў. У СІЗА добра ведаюць пра хваробу Паліны, што ў яе праблемы з страўнікам і залозай, а мы спрабуем перадаць ёй добрыя прадукты. Дык каб нічога не атрымала», — мяркуе муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Паводле Андрэя Шарэнды, летась сваякам усё ж удавалася перадаць для Паліны харчовыя перадачы.

«Атрымалася адзін раз у сьнежні перад этапам. Яны ў сьнежні не закінулі ёй нічога, дык сваякі адмыслова езьдзілі ў Гомель, каб перадаць сьвежую гародніну, садавіну, сыр, каўбасу. Звычайны набор прадуктаў. І пасылку з рэчамі ў СІЗА прынялі. А ў калёнію за 5 месяцаў увогуле нічога перадаць не атрымалася. І вось зноў нічога», — расказаў Андрэй Шарэнда.

Паводле яго, Паліну Шарэнду-Панасюк працягваюць трымаць у рэжыме інкамунікада — апошні ліст ад яе сям’я атрымала ў канцы 2023 году.

«Экспэртызы як такой і не было»

Псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу Паліна Шарэнда-Панасюк праходзіла ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псыхічнага здароўя ў пасёлку Навінкі пад Менскам, дзе ў тым ліку дасьледуюць тых, каго падазраюць у злачынствах. Паводле крыніцы, на якую спасылаецца Андрэй Шарэнда, вынік экспэртызы, якую прайшла Паліна, нічым не адрозьніваецца ад вынікаў дзьвюх экспэртызаў, якія ў яе былі ў ранейшыя гады зьняволеньня.

«Прызнаная нармальнай, што ім і трэба, каб чарговы раз кінуць яе за краты як асуджаную, — сказаў Андрэй Шарэнда. — А экспэртызы як такой і не было цяпер. Толькі пагутарылі зь ёй, можа, з гадзінку, і ўсё. Яна ж, як атрымліваецца, толькі тыдзень там была. Гэта мінімальны час паміж этапамі».

Сваякам палітзьняволенай стала вядома пра накіраваньне Паліны на экспэртызу ў самым пачатку ліпеня, а 31 ліпеня прыйшлі зьвесткі пра тое, што палітзьняволеная ўжо ў СІЗА ў Гомлі. Там Паліна Шарэнда-Панасюк будзе знаходзіцца да заканчэньня сьледзтва над ёй па новай крымінальнай справе — зноў паводле 411 артыкула аб «злосным непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Да ўжо адбытых 3,5 гадоў зьняволеньня актывістцы могуць дадаць яшчэ год.

«На прагулкі амаль не выводзяць»

Пра тое, як цяпер пачуваецца і як выглядае Паліна Шарэнда-Панасюк, зьвестак няшмат.

«Вельмі бледная. Бо на прагулкі месяц не выводзілі і, магчыма, цяпер амаль не выводзяць. Яўна схуднела. І псыхалягічна ёй пасьля этапаў вельмі цяжка», — кажа муж палітзьняволенай Андрэй.

18 ліпеня стала вядома, што Паліна хворая на «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці» — вельмі небясьпечную для здароўя хваробу, лекаваньне якой ускладняецца ва ўмовах зьняволеньня. Пра дыягназ сваякам стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калёніі № 24, дзе трымаюць палітзьняволеную Шарэнду-Панасюк.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG