14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёну пачаўся новы судовы працэс супраць палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Яе ўжо трэці раз судзяць паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Палітзьняволенай пагражае яшчэ 1 год няволі ў дадатак да амаль чатырох гадоў, якія яна ўжо адбыла.
У знак салідарнасьці з палітзьняволенай заходнія дыпляматы — прадстаўніца амбасады Нямеччыны ў Менску, а таксама прадстаўнікі іншых дыпляматычных прадстаўніцтваў у Беларусі — 14 кастрычніка накіраваліся да будынка суду, дзе праходзіў суд над актывісткай.
У заяве амабсады Нямеччыны ў Менску адзначаецца, што абвінавачваньні супраць Паліны Шарэнда-Панасюк «несправядлівыя і палітычна матываваныя».
«Той факт, што маці дваіх непаўналетніх дзяцей у Дзень маці, нягледзячы на ўжо адбыты турэмны тэрмін вымушаная зноў паўстаць перад судом, дэманструе бязьлітаснасьць беларускага рэжыму ў дачыненьні да іншадумцаў. Фэдэральны ўрад Нямеччыны патрабуе вызваліць палітычных зьняволеных у Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні заходніх дыпляматаў.
- 23 траўня 2024 году Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсьці на волю пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня ў 2,5 года і двух дадатковых тэрмінаў па 1 годзе, дабаўленых судом нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі».
- Замест вызваленьня актывістку зьмясьцілі ў Гомельскае СІЗА на час расьсьледаваньня новай крымінальнай справы паводле 411 артыкула КК (Непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.
- На волі Паліну Шарэнду-Панасюк чакаюць муж Андрэй і двое сыноў — Славамір і Стах.
- У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці». Нядаўна муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя Паліны.
- У сярэдзіне верасьня палітзьняволеную перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомля. Па прыбыцьці яе адразу адправілі ў карцар на 10 дзён.
Форум