Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту, прэзыдэнтка-элект Сьвятлана Ціханоўская мяркуе, што зварот ураду Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) аб злачынствах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі прадэманструе непазьбежнасьць пакараньня і адказнасьці.
«У нас тысячы палітычных вязьняў, яны знаходзяцца ў вельмі цяжкай сытуацыі ў турмах. Калі тое ці іншае дзеяньне пагоршыць іхную сытуацыю — гэта адказнасьць рэжыму. Шмат людзей знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада, яны ў цяжкай фізычнай сытуацыі, яны ня могуць атрымаць мэдычнай дапамогі, яны зараз ужо знаходзяцца ў найгоршай сытуацыі, якую толькі можна сабе ўявіць», — сказала Ціханоўская, адказваючы на пытаньне, ці ня стануць рэпрэсіі ў Беларусі больш жорсткімі пасьля гэтага звароту ў МКС.
Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што апазыцыйныя структуры хочуць «зрабіць усё, каб вінаватыя ў злачынствах супраць палітвязьняў былі прыцягнутыя да адказнасьці».
«Мы мусім паказаць, што сыстэма міжнароднай справядлівасьці працуе, што мы не забываемся пра гэтых людзей і не пакідаем іх. Мы хочам паказаць, што юрыдычныя інстытуты працуюць», — дадала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту.
Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка мяркуе, што перадача ў МКС матэрыялаў аб трансьмежавых злачынствах супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў зьяўляецца «вельмі моцным сыгналам» для прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.
«Вельмі важна стварыць для іх сытуацыю выбару, каб яны зразумелі, на якім яны баку. Па-другое, яны павінны бачыць гэты выбар, і каб яны ад сёньня яго зрабілі. Яны павінны вырашыць, застаюцца яны з Лукашэнкам ці не. Гэта іхны адказ на пытаньне, што можа быць больш бясьпечна: пайсьці ў адстаўку, адступіцца ці ўдзельнічаць у рэпрэсіях. Я думаю, што гэта момант, які дапаможа нам таксама зьмяніць сытуацыю і ўнутры краіны», — сказаў Павал Латушка.
Ордэр на арышт могуць выдаць да завяршэньня расьсьледаваньня
Аарыф Абрагам, адвакат брытанскай юрыдычнай палаты Doughty Street Chambers, які спэцыялізуецца ў крымінальным правасудзьдзі й прадстаўляе ў Міжнародным крымінальным судзе інтарэсы Літвы, сказаў, што ініцыяванае Літвой расьсьледаваньне адпавядае мандату МКС.
Паводле яго, рэпрэсіі, што пачаліся ў Беларусі ў 2020-м і працягваюцца дагэтуль, ёсьць злачынствамі супраць чалавечнасьці. Ахвяры гэтых злачынстваў знаходзяцца ў тым ліку на тэрыторыі Літвы, Польшчы і шэрагу іншых дзяржаваў і пры гэтым надалей застаюцца пад перасьледам.
Як паведаміла выданьне reform.news, Аарыф Абрахам дадаў, што ўсе фармальныя патрабаваньні для пачатку расьсьледаваньня выкананыя, а тое, што Беларусь не ратыфікавала Рымскі статут і не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду, не перашкаджае пачатку расьсьледаваньня.
Паводле адваката, на першым этапе разгляду звароту Літвы МКС прааналізуе ўсе перададзеныя матэрыялы і доказы, а потым, калі справу прызнаюць адпаведнай крытэрам МКС, пачнецца фармальнае расьсьледаваньне, у выніку якога будзе ўхваляцца рашэньне аб выдачы ордэраў на арышт.
Пры гэтым, сказаў Аарыф Абрагам, пракурор, калі палічыць перададзеныя доказы важкімі, можа не чакаць завяршэньня расьсьледаваньня і выдаваць ордэры на арышт па меры яго ажыцьцыяўленьня.
Урад Літвы 30 верасьня афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў.
Злачынствы былі ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), гаворыцца ў заяве на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы.
У звароце ў МКС урад Літвы адзначыў, што «ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 году і дагэтуль супраць цывільнага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці».
Сярод злачынстваў, якія з траўня 2020 году Аляксандар Лукашэнка зьдзяйсьняў пры дапамозе чыноўнікаў, вайскоўцаў, сілавікоў, прадстаўнікоў судовай сыстэмы і інш., у дакумэнце пералічваюць пазбаўленьне мірных грамадзян асноўных правоў, адвольныя затрыманьні і судовы перасьлед, гвалт сілавікоў, катаваньні, незаконныя забойствы, бесчалавечнае і зьневажальнае абыходжаньне з затрыманымі, запалохваньне і перасьлед, прымусовая праца і інш.
У заяве адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі «гвалтоўна перасяліў сотні тысяч жыхароў Беларусі на тэрыторыю суседняй Літвы і іншых дзяржаў-удзельніц, уключаючы тыя, якія суседнічаюць зь Беларусьсю, без падставаў, дазволеных міжнародным правам» (гаворка, пэўна, пра беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу. — Рэд.). Мэта гэтых дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі, як мяркуюць улады Літвы, заключаецца ў тым, каб «пазбавіцца любымі сродкамі ад усіх крытыкаў і апанэнтаў», а таксама «ўмацаваць аўтарытарную ўладу».
У сукупнасьці гэтыя дзеяньні «зьяўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасьці трох розных тыпаў: незаконная дэпартацыя, перасьлед і іншыя бесчалавечныя дзеяньні, і, магчыма, іншыя зьвязаныя зь імі злачынствы», гаворыцца ў заяве.
«Хоць Беларусь не зьяўляецца дзяржавай – удзельніцай Міжнароднага крымінальнага суду, МКС можа ажыцьцяўляць сваю юрысдыкцыю, калі хаця б частка дзеяньняў мае месца на тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніцы. У гэтым выпадку [ёсьць] ахвяры, якія перасякаюць тэрыторыю Літвы і іншых дзяржаў-удзельніц у выніку высылкі або іншых прымусовых дзеяньняў і/ці іншых зьвязаных зь імі злачынстваў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Урад Літвы «пераканаўча просіць канцылярыю пракурора расьсьледаваць усе мінулыя, цяперашнія і будучыя злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю МКС, пра якія ідзе гаворка, зьдзейсьненыя на тэрыторыі Беларусі і часткова на тэрыторыі Літвы, прынамсі, з 1 траўня 2020 году», гаворыцца ў заяве.
Форум