У Літве ініцыююць зьмены ў заканадаўстве, якія дазволяць памежнікам ужываць агнястрэльную зброю супраць аб’ектаў, якія незаконна перасякаюць дзяржаўную мяжу Літвы ў паветры, паведамляе lrt.lt.
З адпаведнай просьбай у МУС Літвы зьвярнуўся начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў.
Паводле яго, цяпер літоўскія памежнікі ня маюць ані неабходнай зброі, ані паўнамоцтваў, каб зьбіваць аб’екты, якія незаконна перасякаюць мяжу Літвы. Тым часам у апошнія месяцы зь Беларусі ў Літву залятае значна больш паветраных балёнаў (мэтэазондаў), чым звычайна, адзначыў службовец. Калі ўдавалася затрымаць груз, які яны пераносілі, выяўлялася, што гэта кантрабандныя цыгарэты.
Тэндэнцыю выкарыстоўваць для кантрабанды паветраныя балёны літоўскія памежнікі заўважылі яшчэ з красавіка, адзначыў Любаеў. У жніўні зафіксавалі 117 такіх выпадкаў, у верасьні ж колькасьць аб’ектаў, што заляталі з тэрыторыі Беларусі, павялічылася да 250.
Літоўскія памежнікі ўнесьлі ў МУС прапановы ўдасканаліць закон аб дзяржаўнай мяжы і яе ахове, што дазволіла б супрацоўнікам у асобных выпадках ужываць агнястрэльную зброю для нізкалётных аб’ектаў. Цяпер кантроль паветранай прасторы — адна з асноўных функцыяў літоўскай арміі, таму кожны раз памежнікі, калі фіксуюць мэтэазонд ці іншы аб’ект, мусяць узгадняць усе дзеяньні з арміяй.
30 верасьня прайшло пасяджэньне Нацыянальнай камісіі ў бясьпецы Літвы, на якім ацанілі рызыкі, зьвязаныя з «варожай дзейнасьцю Расеі і Беларусі». Сярод іншага, на пасяджэньні шэрагу міністэрстваў — транспарту, унутраных спраў, абароны — даручылі прадставіць сумесныя прапановы ў праблеме мэтэазондаў, «з дапамогай якіх у Літву спрабуюць перакінуць кантрабанду».
Таксама на пасяджэньні камісіі абмяркоўвалі дадатковыя захады ў скарачэньні транспартных плыняў празь мяжу зь Беларусьсю, розным дзяржорганам рэкамэндавалі прадставіць ураду адпаведныя прапановы.
- За першыя 5 месяцаў 2024 году дзякуючы ўсталяваньню агароджы і сыстэмаў назіраньня на мяжы зь Беларусьсю, а таксама закрыцьцю часткі пунктаў пропуску, аб’ём кантрабанды цыгарэт у Літву праз наземныя пункты пропуску скараціўся амаль удвая.
- Тым ня менш, паводле ацэнкі літоўскай памежнай службы, рызыка кантрабанды і незаконнай перавозкі тавараў у Літву застаецца высокай, бо пасьля ўсталяваньня на мяжы зь Беларусьсю фізычнага бар’еру «кантрабандысты ўсё часьцей спрабуюць пераправіць кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі паветрам», выкарыстоўваючы грузавыя бесьпілётнікі і мэтэазонды.
- З студзеня да траўня 2024 году літоўскія памежнікі выявілі 76 выпадкаў кантрабанды цыгарэт з дапамогай паветранага транспарту (за той жа леташні пэрыяд такіх выпадкаў было 25), таксама за гэты час зафіксавалі 19 выпадкаў запуску мэтэазондаў з кантрабандай.
Форум