Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра «Хэзбалу», групоўку, якую падтрымлівае Іран і якая ваюе супраць Ізраіля


Байцы «Хэзбалы» на пахаваньні сваіх паплечнікаў, 18 верасьня 2024 году
Байцы «Хэзбалы» на пахаваньні сваіх паплечнікаў, 18 верасьня 2024 году

«Хэзбала» ўзьнікла як рэакцыя на ўварваньне Ізраіля ў Паўднёвы Лібан у 1980-х. Іран, галоўны хаўрусьнік «Хэзбалы», стварыў гэтую групоўку і ператварыў яе ў важную палітычную і ваенную сілу ў Лібане.

«Хэзбала» — гэта вайсковая групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе большую частку Паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хаця Эўрапейскі зьвяз унёс у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло.

Шыіцкая групоўка зьявілася падчас грамадзянскай вайны ў Лібане як рэакцыя на ўварваньне Ізраіля ў 1982 годзе. «Хэзбала» была, як мяркуецца, створаная Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірану (КВІР), элітным падразьдзяленьнем узброеных сілаў Ірану. Мэтаю Ірану, дзе пераважаюць шыіты, было аб‘яднаньне шыіцкіх палітычных групаў і апалчэньняў Лібану ў адну арганізацыю, кажа Дані Цытрыновіч, навуковы супрацоўнік Інстытуту дасьледаваньняў нацыянальнай бясьпекі ў Ізраілі. «Хэзбала» таксама была створаная як важная частка іранскай стратэгіі стрымліваньня.

«Іран бачыць у гэтай арганізацыі асноўны фактар, які перашкодзіць Ізраілю або ЗША пачаць вайну супраць Ірану, і ўвесь час імкнецца ўмацоўваць яе сілу», — кажа Дані Цытрыновіч.

Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што Іран узброіў і навучаў баевікоў «Хэзбалы» і ўклаў у групоўку сотні мільёнаў даляраў.

Дзярждэпартамэнт раней называў «Хэзбалу» «найбольш тэхналягічна разьвітай тэрарыстычнай групай у сьвеце». Паводле зьвестак офісу дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША, «Хэзбала» мае каля 40 тысяч баевікоў і больш за 150 тысяч ракетаў і ракетных установак, у тым ліку зброю, якая можа наносіць удары ў глыбіню тэрыторыі Ізраіля. Узброеныя сілы Ізраіля назвалі «Хэзбалу» «наймагутнейшым недзяржаўным актарам у сьвеце».

Цытрыновіч адзначыў, што Іран можа не аддаваць непасрэдных загадаў арганізацыі, але Тэгеран «сур’ёзна ўплывае» на працэс прыняцьця рашэньняў у «Хэзбале». Ён назваў «Хэзбалу» «іранскім партнэрам, які кіруе стратэгіяй Тэгерану на Блізкім Усходзе».

«Хэзбала» зьяўляецца ключавым элемэнтам так званай іранскай «восі супраціву», хаўрусу вайсковых груповак, якія Тэгеран падтрымлівае ў змаганьні супраць Ізраіля і Злучаных Штатаў. Пад кіраўніцтвам Хасана Насралы «Хэзбала» наладзіла цесныя сувязі зь іншымі іранскімі ўзброенымі групамі, дапамагаючы ў іх навучаньні і ўзбраеньні.

Дані Цытрыновіч кажа, што Тэгеран «амаль што залежыць» ад «Хэзбалы» для кіраваньня сваімі ўплывамі на іншыя групы восі супраціву. Выкраданьне «Хэзбалой» двух ізраільскіх салдатаў у 2006 годзе справакавала 34-дзённы канфлікт з Ізраілем, які пачаў паветраныя ўдары і наземнае ўварваньне ў Лібан. Вайна, якая скончылася пасьля замірэньня пад эгідай ААН, значна ўзмацніла палітычны статус «Хэзбалы» ў Лібане і рэгіёне.

Нягледзячы на тое, што «Хэзбала» застаецца палітычна ўплывовым гульцом у Лібане, ейная падтрымка не выходзіць за межы шыіцкай супольнасьці краіны. Шматлікія прадстаўнікі хрысьціянскіх, друскіх і суніцкіх супольнасьцяў Лібану абвінавачваюць «Хэзбалу» ў дзеяньнях, непадкантрольных Ірану, якія ўцягваюць краіну ў рэгіянальныя канфлікты.

«„Хэзбала“ ўжо не карыстаецца той папулярнасьцю і грамадзкай падтрымкай, якую мела ў 2006 годзе», — адзначае Хамідрэза Азізі, навуковы супрацоўнік Нямецкага інстытуту міжнародных адносінаў. Ён зьвязвае заняпад папулярнасьці «Хэзбалы» з шэрагам эканамічных і палітычных скандалаў, у якія групоўка была ўцягнутая ў апошнія гады.

«Хэзбала» пацярпела значныя страты за апошнія месяцы: Ізраіль забіў шмат яе старшых камандзіраў, зьнішчыў частку вайсковага арсэналу і парушыў ейную сыстэму камунікацыі.

Нягледзячы на аслабленьне, экспэрты папярэджваюць, што «Хэзбалу» ня варта сьпісваць з рахункаў.

«„Хэзбала“ мае дастаткова рэсурсаў і досьведу, каб нанесьці Ізраілю значную шкоду ў наземнай вайне», — дадаў Азізі, адзначыўшы, што групоўка лепш узброеная і падрыхтаваная, чым палестынская групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG