Служба выведкі і бясьпекі Малдовы (SIS) заблякавала сем пераважна расейскіх інфармацыйных сайтаў, у тым ліку сайт дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «РИА Новости», які, на яе думку, нясе «рызыку для нацыянальнай бясьпекі» краіны.
25 верасьня SIS загадаў малдаўскім правайдэрам электронных камунікацый заблякаваць доступ да пяці расейскіх сайтаў — Ng.ru, Gazetacrimea.ru, Crimea.gov.ru, Crimea.ria.ru і Crimea24tv.ru у дадатак да «РИА Новости».
Сёмым сайтам, які загадалі заблякаваць, стаў Nuacum.eu, які апісвае сябе як голас руху пад назвай Nu. Nu Acum («Не, не цяпер»).
Гэтая старонка заклікала малдаванаў прагаласаваць супраць далучэньня да Эўразьвязу на рэфэрэндуме, заплянаваным на наступны месяц. Рух сьцьвярджаў, што гэты крок заўчасны. Nu. Nu Acum кіраваны экс-міністрам эканомікі Актавіянам Калмікам.
Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду, якая балятуецца на другі тэрмін 20 кастрычніка, прапанавала правесьці рэфэрэндум аб інтэграцыі з ЭЗ адначасова з прэзыдэнцкімі выбарамі.
Папярэднім прэзыдэнтам краіны быў прарасейскі палітык Ігар Дадон, з прыходам да ўлады Санду краіна павярнулася да Захаду. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны Кішынёў адназначна выказаўся ў падтрымку ўкраінскага боку і прыняў тысячы ўцекачоў з краіны-суседкі.
Урэшце Кішынёў атрымаў запрашэньне ў ЭЗ у 2022 годзе і ў чэрвені пачаў перамовы аб сяброўстве там.
Амбасада Расеі ў Малдове, якая ў мінулым называла блякаваньне расейскіх сайтаў «суб’ектыўным і палітызаваным крокам», гэтым разам не камэнтуе рашэньня SIS заблякаваць сем сайтаў.
У чэрвені ЗША, Канада і Вялікая Брытанія выступілі з сумеснай заявай, у якой папярэдзілі Малдову аб плянах Расеі ўплываць на прэзыдэнцкія выбары і аспрэчыць вынік, калі ён будзе супярэчыць інтарэсам Крамля.
Напярэдадні леташніх мясцовых выбараў SIS загадаў заблякаваць дзясяткі старонак, якія, на яго думку, увасаблялі небясьпеку для інфармацыйнага асяродзьдзя Малдовы. Пасьля таго, як Радыё Свабода выявіла, што «заблякаваныя» сайты працягваюць быць даступнымі, экспэрты заявілі, што мэтад, выкарыстаны ўладамі Малдовы — блякаваньне DNS — быў неэфэктыўным.
Малдаўскія заканадаўцы ў пачатку гэтага году прынялі закон, які ўстанавіў інстытуты, якія маюць права блякаваць доступ, а менавіта Міністэрства замежных спраў і SIS.
Форум