Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове абвясьцілі расейскага дыплямата непажаданай асобай. У Расеі паабяцалі адказаць на «варожы крок»


Кішынёў, Малдова. Ілюстрацыйнае фота
Кішынёў, Малдова. Ілюстрацыйнае фота

Перад гэтым у Малдове затрымалі двух чыноўнікаў парлямэнту і памежнай паліцыі праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе і змове супраць інтарэсаў Малдовы. Паводле сьледзтва, яны перадавалі інфармацыю супрацоўніку «аднаго з пасольстваў».

У Міністэрстве замежных спраў Малдовы паведамілі, што 1 жніўня выклікалі расейскага амбасадара Алега Васьняцова і ўручылі яму ноту аб абвяшчэньні супрацоўніка пасольства Расеі ў Кішынёве непажаданай асобай (persona nоn grata).

«Улады Малдовы ўхвалілі гэтае рашэньне ў выніку правядзеньня канкрэтных мерапрыемстваў, у часе якіх атрымалі зьвесткі і доказы, якія сьведчаць пра ажыцьцяўленьне расейскім дыпляматам на тэрыторыі Рэспублікі Малдова дзейнасьці, несумяшчальнай з дыпляматычным статусам», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У сувязі з гэтым супрацоўнік расейскай амбасады павінен пакінуць Малдову.

У Міністэрстве замежных спраў Расеі паабяцалі адказаць на гэтае «нематываванае варожае рашэньне» уладаў Малдовы.

«Расцэньваем гэты недружалюбны крок як яшчэ адну праяву агрэсіўнага антырасейскага курсу цяперашняга малдоўскага кіраўніцтва, якое безадказна зьнішчае расейска-малдоўскія сувязі, што маюць гістарычныя карані», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Расеі.

Паводле расейскага боку, «нагнятаньне русафобскіх настрояў, фабрыкацыя і раскручваньне „шпіёнскіх гісторый“ сьведчыць аб страце афіцыйным Кішынёвам здольнасьці на адэкватныя дзеяньні, усьведамленьня сталай важнасьці дачыненьняў паміж Расеяй і Малдовай для народаў дзьвюх дзяржаў».

«У сытуацыі, што склалася, расейскі бок пакідае за сабой права даць належны адказ на нематываванае варожае рашэньне малдоўскіх уладаў датычна супрацоўніка пасольства Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні.

31 ліпеня ў Кішынёве супрацоўнікі Службы інфармацыі і бясьпекі (СІБ) сумесна з пракуратурай па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і асаблівых справах правялі ператрусы ў будынку парлямэнту Малдовы ў межах крымінальнай справы.

Пасьля вобшукаў паведамілі аб затрыманьні двух чыноўнікаў парлямэнту і памежнай паліцыі праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе і змове супраць інтарэсаў Малдовы. Паводле сьледзтва, яны перадавалі інфармацыю супрацоўніку «аднаго з пасольстваў».

Расейскія дыпляматы гэта адмаўляюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG