Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове 20 кастрычніка пройдзе рэфэрэндум аб уступленьні ў ЭЗ


Сьцягі Малдовы і Эўразьвязу
Сьцягі Малдовы і Эўразьвязу

Плебісцыт адбудзецца ў адзін дзень з выбарамі прэзыдэнта.

Парлямэнт Малдовы прызначыў рэфэрэндум па пытаньні ўступленьня краіны ў Эўрапейскі Зьвяз на 20 кастрычніка, паведамляе DW.

За адпаведнае рашэньне прагаласавалі 56 дэпутатаў са 101, абсалютную большасьць склалі прадстаўнікі кіруючай партыі «Дзеяньне і салідарнасьць».

У сярэдзіне красавіка Канстытуцыйны суд Малдовы ўхваліў унясеньне шэрагу паправак у Канстытуцыю краіны. Асноўны закон Малдовы папоўніцца разьдзелам «Эўрапейская інтэграцыя», які будзе ўключаць артыкул «Аб далучэньні да ўстаноўчых дамоваў і актаў аб пераглядзе ўстаноўчых дамоваў ЭЗ». Законапраект аб новаўвядзеньнях у Канстытуцыі набудзе моц пасьля афіцыйнага прызнаньня Канстытуцыйным судом вынікаў рэфэрэндуму.

Усенароднае галасаваньне адбудзецца ў адзін дзень з выбарамі прэзыдэнта. Пасаду кіраўніцы дзяржавы са сьнежня 2020 году займае Мая Санду. Яна мае намер балятавацца на другі прэзыдэнцкі тэрмін.

Малдова на шляху ў Эўразьвяз

Прэзыдэнтка Малдовы падпісала заяўку на ўступленьне краіны ў ЭЗ у сакавіку 2022 году. Празь некалькі месяцаў краіна атрымала статус кандыдата ў чальцы ЭЗ. 14 сьнежня 2023 году па выніках двухдзённага саміту Эўрапейская рада вырашыла пачаць перамовы з Кішынёвам аб уступленьні ў Эўразьвяз.

У тым жа месяцы Санду заявіла, што рэфэрэндум аб уваходжаньні Малдовы ў склад ЭЗ немагчыма арганізаваць на тэрыторыі непрызнанага Прыднястроўя, паколькі гэты рэгіён не кантралюецца малдоўскімі ўладамі. Санду дапускала, што Малдова можа далучыцца да ЭЗ да 2030 году разам з Прыднястроўем, хоць цяпер гэты рэгіён не кантралюецца Кішынёвам. У Бруселі ж ня выключылі, што ўступленьне можа адбыцца без Прыднястроўя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG