Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ухваліў гістарычнае рашэньне аб будучым далучэньні Ўкраіны і Малдовы, але наперадзе новыя выпрабаваньні


Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у Брусэлі на пачатку 2023 году
Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у Брусэлі на пачатку 2023 году

Чакалася, што складана будзе абысьці вэта Вугоршчыны. І гэта вырашылася так, як ва ўсёй гісторыі самітаў ЭЗ яшчэ не бывала.

Пра апошнія падзеі ў справе эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны і Малдовы і яе пэрспэктывы піша эўрапейскі рэдактар Свабоды Рыкард Юзьвяк.

Гістарычнае рашэньне

Саміт Эўразьвязу 14-15 сьнежня прынёс добрыя і дрэнныя навіны для Ўкраіны. Перад самітам большасьць дыпляматаў, зь якімі я размаўляў, думалі, што будзе прасьцей дамовіцца аб новым фінансаваньні ЭЗ для разбуранай вайной краіны, чым даць зялёнае сьвятло пачатку перамоваў з Кіевам аб далучэньні. Намякаў на гэта нават старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, размаўляючы з Радыё Свабода за некалькі дзён да вялікай перадсьвяточнай сустрэчы ў Брусэлі.

Але гістарычныя рашэньні аб пашырэньні Эўразьвязу — ня толькі ў дачыненьні да Ўкраіны, але і аб адкрыцьці перамоваў аб уступленьні з Малдовай, з Босьніяй і Герцагавінай, а таксама аб наданьні Грузіі статусу кандыдата — у канчатковым выніку аказаліся самымі простымі рашэньнямі з усіх, згоды дасягнулі ўжо раньнім вечарам у першы дзень саміту.

Затое лідэры краін ЭЗ не змаглі дамовіцца аб 50 мільярдах эўра новага фінансаваньня для Ўкраіны на наступныя чатыры гады. Пасьля некалькіх гадзін безвыніковых перамоваў яны пагадзіліся толькі вярнуцца да гэтага пытаньня ў канцы студзеня, калі адбудзецца новы саміт ЭЗ.

Як абышлі вэта Орбана

Чакалася, што каб прыняць рашэньне аб пашырэньні, складана будзе абыйсьці вэта Вугоршчыны. І гэта вырашылася так, як ва ўсёй гісторыі самітаў ЭЗ яшчэ не бывала. Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан проста ўстаў і пакінуў залю. Да, падчас і пасьля паседжаньня Орбан паўтараў, што ня згодны, каб перамовы з Украінай распачаліся, але дазволіў астатнім 26 прагаласаваць за гэта.

Урэшце гэта азначала, што Вугоршчына не накладае актыўнага вэта на рашэньне аб пашырэньні. У той час як падчас саміту Орбан сьцьвярджаў, што ні Вугоршчына, ні ЭЗ у цэлым не гатовыя пачынаць перамовы аб уступленьні Ўкраіны ў ЭЗ, у камэнтарах перад сустрэчай ён намякнуў, што будзе знойдзены кампраміс. У гэтых папярэдніх выказваньнях ён падкрэсьліваў, што ён супраць «хуткага» або «паскоранага» далучэньня Ўкраіны. І гэтым ён адкрыў магчымасьць для ўгоды.

Па словах чыноўнікаў ЭЗ, зь якімі я размаўляў падчас саміту на ўмовах ананімнасьці, бо гаварыць пад запіс ім было нельга, гэтай угоды дасягнулі падчас сьняданку раніцай у першы дзень саміту Орбан і канцлер ФРГ Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнты Эўракамісіі і Эўрапейскай Рады Уршуля фон дэр Ляен і Шарль Мішэль. Урэшце пра такую ўгоду ў выніку дамовіліся 26 лідэраў, у той час як Орбан, як мяркуецца, выходзіў у туалет.

Што схавана ў рашэньні

Каб зразумець гэты кампраміс, карысна паглядзець на два сказы ў высновах саміту ЭЗ, якія падпісалі лідэры. Яны тычацца далучэньня Ўкраіны і Малдовы, паколькі гэтыя краіны зьяўляюцца парай у працэсе пашырэньня.

«Эўрапейская рада вырашае пачаць перамовы аб далучэньні з Украінай і Рэспублікай Малдова. Эўрапейская рада запрашае прыняць адпаведныя рамкі перамоваў, як толькі будуць рэалізаваныя крокі, выкладзеныя ў адпаведных рэкамэндацыях Камісіі ад 8 лістапада 2023 году».

Першы сказ — відавочная перамога Ўкраіны і Малдовы. Калі я размаўляў з украінскімі афіцыйнымі асобамі перад самітам, яны больш за ўсё хацелі яснай і выразнай заявы, якая пацьвярджае, што перамовы аб далучэньні адкрытыя. Яны гэта атрымалі, і Вугоршчына саступіла.

Другі сказ, здаецца, пакідае месца для ваганьняў. Каб пачаць перамовы аб уступленьні, вам трэба прыняць рамкі перамоваў — і, такім чынам, вы зноў адкрываеце магчымасьць затрымак і далейшага вэта з боку Вугоршчыны.

Эўрапейская камісія фактычна адкрыла шлях для гэтага рашэньня, калі прадставіла сваю вялікую справаздачу аб пашырэньні ў лістападзе. Там яны адзначылі, што не пазьней за сакавік 2024 году дадуць краінам-чальцам ЭЗ справаздачу аб умовах, якія заставаліся для Ўкраіны, Малдовы і Босьніі і Герцагавіны.

Украіне заставалася:

  • прыняць законы, каб лепш функцыянавала Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро;
  • разгледзець нявыкананыя рэкамэндацыі Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы па дзяржаўнай мове, СМІ і адукацыі — балючае пытаньне для Будапэшта, паколькі ён сьцьвярджае, што Ўкраіна дыскрымінуе сваю вугорскую этнічную меншасьць;
  • і, нарэшце, прыняць закон, які рэгулюе лабіраваньне.

Кіеў заяўляе, што ўжо прыняў першыя два законы і неўзабаве прыме заканадаўства аб лабіраваньні. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, зьвяртаючыся да лідэраў Эўразьвязу празь відэасувязь з Кіева 14 сьнежня, заявіў: Украіна чакае, што базу перамоваў прымуць у сакавіку.

Гэта выглядае як найбольш лягічны сцэнар, паколькі лідэры ЭЗ павінны сустрэцца ў гэтым месяцы на саміце ў Брусэлі. Але, як заўсёды бывае ў Брусэлі, разьлічваць на гэта ня варта. Орбан на саміце выказаў меркаваньне, што Ўкраіна ня выканала ніводнай з астатніх трох умоваў. І, урэшце, ён мае права вэта і гатовы ім скарыстацца.

Якія праблемы чакаюцца ў будучыні

У перамовах Орбана зь Мішэлем і кампаніяй таксама было разуменьне, што лідэры вернуцца да гэтага пытаньня праз год, гэта значыць, у сьнежні 2024-га. У гэтым ёсьць пэўная лёгіка. Па-першае, у чэрвені адбудуцца выбары ў Эўрапарлямэнт, пасьля чаго будзе зусім новая Эўракамісія і новы прэзыдэнт Эўрапейскай рады.

Некаторыя афіцыйныя асобы ЭЗ асьцерагаюцца, што фактычнае зялёнае сьвятло Ўкраіне за некалькі месяцаў да выбараў у Эўрапарлямэнт дае папулістам у некаторых краінах ЭЗ магутную электаральную зброю, асабліва з улікам паведамленьняў пра рост «стомленасьці ад Украіны». Абысьці гэта, па словах чыноўнікаў ЭЗ, зь якімі я размаўляў, можна было б, адклаўшы пытаньне аб уступленьні на некалькі месяцаў, каб новая Эўрапейская камісія магла паглядзець на сытуацыю новымі вачыма.

Нягледзячы на тое, што Орбан гэтым разам не сапсаваў партыю, хутчэй за ўсё, ён усё роўна будзе спрабаваць запаволіць працэс інтэграцыі ў ЭЗ для Ўкраіны і будзе выкарыстоўваць усе даступныя яму вэта ў якасьці рычага, каб атрымаць тое, чаго ён хоча, а менавіта — сродкі ЭЗ для Вугоршчыны.

Зрух у бок кансэрватызму

Зрух у бок кансэрватызму ўжо адбываецца, бо папулісты з моцнымі антыўкраінскімі поглядамі перамаглі на нядаўніх выбарах у Нідэрляндах і Славаччыне, а сярод заканадаўцаў-рэспубліканцаў у Злучаных Штатах расьце нежаданьне выдзяляць больш сродкаў на ўзбраеньне Кіева.

Калі сытуацыя зрушыцца на карысьць Орбана, ЭЗ, магчыма, давядзецца адступіць — альбо скараціўшы фінансаваньне Ўкраіны, альбо пашыраючы яго з хуткасьцю сьлімака. У той час як Орбан быў адзіным, хто выступаў супраць пачатку перамоваў з Украінай аб далучэньні, некаторыя краіны-сябры, верагодна, лепш хацелі б, каб Украіна не далучалася да зьвязу хутка. Афіцыйны прадстаўнік адной з усходніх краін-чальцоў, які пажадаў застацца невядомым, бо ня меў права гаварыць для запісу, нядаўна сказаў мне:

«Афіцыйна мы падтрымліваем уступленьне Ўкраіны да 2030 году. Але на самой справе мы былі б ня супраць, калі б гэта было бліжэй да 2040 году».

Па словах чыноўніка, прычына гэтага — асьцярогі, што ЭЗ ня зможа рэфармавацца дастаткова хутка, каб прыняць новых сябраў, і што Ўкраіна паглыне занадта шмат бюджэту блёка.

Як зь іншымі краінамі-кандыдатамі

У сувязі з тым, што заяўку Ўкраіны на ўступленьне ў ЭЗ нарэшце ўхвалілі, іншых кандыдатаў на ўступленьне ў ЭЗ зацьвердзілі таксама, паколькі ніводная з краін-сябраў ня мела ніякіх пярэчаньняў. Малдова сутыкнецца з такой жа нявызначанасьцю, як і Ўкраіна, адносна таго, калі можа пачацца ўступленьне.

Грузія мае цяпер статус кандыдата, які ў 2022 годзе атрымалі Ўкраіна і Малдова. Гэта азначае, што Тбілісі працягвае адставаць на крок ад Кішынёва і Кіева.

Было таксама больш пазытыўнае выказваньне пра Босьнію, чым чакалася раней. Тое, што атрымала Сараева, было фактычна ўмоўным адкрыцьцём перамоваў аб далучэньні. Фармулёўка была больш расплывістая, чым у выпадку з Украінай і Малдовай, і ў высновах саміту адзначалася, што «Эўрапейская рада пачне перамовы аб уступленьні з Босьніяй і Герцагавінай, як толькі будзе дасягнута неабходная ступень адпаведнасьці крытэрам сяброўства».

Але пасьля моцнага лабіраваньня з боку Аўстрыі, Харватыі, Вугоршчыны і Славеніі дадалі яшчэ адзін сказ, які, прынамсі, дае крыху больш яснасьці адносна таго, калі можа адбыцца наступны крок:

«Камісіі прапануецца далажыць Радзе аб прагрэсе не пазьней як у сакавіку 2024 году з мэтай прыняцьця рашэньня».

Фінансавыя прэтэнзіі Орбана

За дзень да саміту Эўракамісія выдзеліла Вугоршчыне больш за 10 мільярдаў эўра, якія раней былі замарожаныя з прычыны праблем зь вяршэнствам закону ў гэтай краіне. Хоць Орбан і сказаў, што ён не выкарыстоўвае свайго права вэта, каб забясьпечыць сродкі, але тое, што грошы пайшлі ў Будапэшт якраз у той момант, калі Орбану трэба было даць зялёнае сьвятло некалькім рашэньням, выглядала, безумоўна, вельмі зручным супадзеньнем.

Вугоршчына заявіла, што хоча атрымаць усе сродкі Эўразьвязу, якія цяпер затрымліваюцца,— на суму амаль 20 мільярдаў эўра. Больш як магчыма, што ў будучым Будапэшт скарыстаецца магчымасьцю вэта, каб паспрабаваць атрымаць замарожаныя сродкі. А такіх магчымасьцяў будзе шмат, бо для адкрыцьця і закрыцьця ўсіх 30 зь лішкам разьдзелаў перамоваў патрэбна аднагалоснасьць усіх 27 краін-сябраў ЭЗ.

Першай магчымасьцю для Вугоршчыны скарыстаць яшчэ адно вэта будзе разгляд рашэньня даць Украіне зялёнае сьвятло на 50 мільярдаў эўра. Іншыя дзяржавы-чальцы не змаглі пераканаць Будапэшт падтрымаць іх на мінулым тыдні, але пытаньне абмяркуюць і прагаласуюць зноў у канцы студзеня.

У выпадку, калі Вугоршчына ня будзе саступаць, астатнім 26 краінам, магчыма, давядзецца зноў праявіць крэатыўнасьць, і, магчыма, Орбан выскачыць выпіць кавы падчас галасаваньня. Вядома, Орбан можа ўстрымацца, але спачатку на гэта павінен пагадзіцца Будапэшт. І хоць Брусэль аддае перавагу аднагалоснаму прыманьню рашэньняў, бо гэта гарантуе, што за крэдытамі і грантамі Ўкраіне будзе стаяць увесь бюджэт ЭЗ, нацыянальныя бюджэты 26 краін таксама могуць гарантаваць гэтыя ўкраінскія крэдыты. Юрыдычна гэта значна больш складана, але гэта можа спрацаваць.

Тое, што краіны ЭЗ не дамовіліся аб фінансаваньні Ўкраіны да канца году, стала вялікай няўдачай для ЭЗ і Ўкраіны, але час на іх баку, бо грошы ў Кіева ня скончацца яшчэ да другога кварталу 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG