Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ў некалькі разоў скараціла выдачу студэнцкіх візаў іншаземцам


Варшаўскі ўнівэрсытэт, галоўная брама
Варшаўскі ўнівэрсытэт, галоўная брама

Польшча сёлета ў некалькі разоў скараціла выдачу студэнцкіх візаў замежнікам, у той жа час вырасла колькасьць адмоваў прэтэндэнтам на гэтыя візы.

Гэта зьвязана зь нядаўнім візавым скандалам, піша польская газэта Rzeczpospolita са спасылкай на зьвесткі МЗС краіны.

Пасьля таго як у ліпені 2024 году ў Польшчы ўзмацнілі жорсткасьць праверак іншаземцаў, якія падаюцца на студэнцкую візу, адначасова моцна ўпала колькасьць пададзеных у консульствы заяваў і вырасла колькасьць адмоваў у выдачы візаў, адзначае газэта.

Агулам з пачатку 2024 году па 31 жніўня іншаземцы падалі 13 207 заяваў на атрыманьне польскіх студэнцкіх візаў, зь іх каля 5 тысяч атрымалі адмовы. Выдалі 8,2 тысяч студэнцкіх візаў — у асноўным беларусам і ўкраінцам.

У мінулыя 5 гадоў Польшча выдала ў 2,5-4 разы больш такіх візаў:

  • у 2019 годзе Польшча выдала больш за 33,3 тысячы візаў для навучаньня ў ВНУ краіны (адмову атрымалі ўсяго 3,4 тысячы чалавек),
  • у 2020-м — 25,3 тысячаў (2 тысячы адмоваў),
  • у 2021-м — 30,8 тысячаў (5,3 тысячаў адмоваў),
  • у 2022-м — 32,5 тысячы (менш за 6 тысячаў адмоваў),
  • у 2023 годзе — 21 тысячу (больш за 6,3 тысячаў адмоваў, у гэты год у Польшчы разгарэўся так званы візавы скандал).

Больш за ўсё адмоваў у візах селета атрымалі грамадзяне Альжыру (170 адмоваў, гэта фактычна кожная другая заява), Банглядэш (247 адмоваў, або 70% ад агульнай колькасьці пададзеных заяваў) і Этыёпіі (270 адмоваў, каля паловы ад усіх заяваў). Таксама шмат адмоваў атрымалі грамадзяне Іраку, Емэну, Марока, Нігерыі, Турэччыны і Пакістану.

Як чакаецца, такая сытуацыя адмоўна адаб’ецца на фінансавым становішчы некаторых польскіх унівэрсытэтаў, у асноўным прыватных, якія залежаць ад замежных студэнтаў-платнікаў, зазначае выданьне.

  • Праблема са студэнцкімі візамі — частка буйнога візавага скандалу, які цягнецца ў Польшчы зь мінулага году. Вынікі дзяржаўнага кантролю візавай сыстэмы МЗС, МУС і адміністрацыі Польшчы не паказалі, што замежнікі злоўжываюць занадта лёгкім наборам у польскія ВНУ, а іх сапраўднай мэтай знаходжаньня ў Польшчы зьяўляецца праца або міграцыя ў іншыя краіны Шэнгенскай зоны, пісалі раней польскія СМІ. Як высьветлілася, дзясяткі тысяч замежнікаў маглі атрымаць студэнцкія візы і не пачаць навучаньне.
  • Справа ў тым, што студэнцкія візы даюць магчымасць працаўладкавацца ў Эўразьвязе без атрымання дазволу на працу, таму многія "фіктыўныя" студэнты фактычна куплялі доступ да рынку працы па кошце года навучаньня. Гэтая схема была выгадная і шэрагу прыватных ВНУ Польшчы, бо хоць да вучобы не прыступала большасьць атрымальнікаў студэнцкіх візаў, курс вучобы яны аплачвалі — а год у польскай ВНУ з выкладаньнем на ангельскай мове можа каштаваць прыкладна 3120 эўра. Схема аказалася настолькі распаўсюджанай, што ў некаторых ВНУ больш за палову студэнтаў былі замежнікамі. Сьцьвярджаецца, што падобную схему выкарыстоўвалі пераважна студэнты з Афрыкі і Азіі.
  • Каб выключыць схему «фіктыўных» студэнтаў у будучыні, у Польшчы прынялі рашэньне ўвесьці зьмены для ВНУ: цяпер яны павінны будуць правяраць, ці ёсьць у патэнцыйных студэнтаў аналяг польскага атэстату сталасьці, а таксама праводзіць зь імі сумоўі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG