Міністарка нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакалене заявіла, што правяраюцца ўсе вэрсіі зьнікненьня амэрыканскіх жаўнераў.
Чацьвёра амэрыканскіх вайскоўцаў зьніклі ў аўторак 25 сакавіка падчас вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) непадалёк ад беларускай мяжы.
У сераду было вызначана магчымае месца здарэньня, у вадаёме знайшлі тракавы браняваны транспарт, у якім, як мяркуюць, ехалі вайскоўцы.
«Усе вэрсіі яшчэ правяраюцца, амэрыканцы паведамілі, што яны таксама працягвалі пошукі ў ваколіцах усю ноч, таму што розныя сцэнары па-ранейшаму лічацца магчымымі, пакуль мы ня ўбачым машыну, якая знаходзіцца на глыбіні некалькі мэтраў», — сказала Давіле Шакалене, якая ў чацьвер раніцай наведала палігон Падбродзьдзе, яе цытуе агенцтва BNS.
«Мы ня можам пацьвердзіць, ці ёсьць у машыне вайскоўцы», — дадала яна.
Паводле міністаркі, тракавы эвакуацыйны аўтамабіль М88 «Геркулес» вагой некалькі дзясяткаў тон знаходзіцца на глыбіні каля пяці мэтраў у гразі.
«Яго не відаць з паверхні, яго цяжка намацаць нават мэталічнымі прутамі», — сказаў камандуючы літоўскай арміяй Раймундас Вайкшнарас.
З словаў Шакалене, ноччу была праведзена вялікая праца для асушэньня гэтага месца, а таксама пракладзена новая дарога для пад’езду цяжкай тэхнікі.
Вада адпампаваная да такой ступені, што можна пачынаць земляныя работы. Сытуацыя ўскладняецца тым, што празь месца аварыі аўтамабіля праходзіць магістральны газаправод высокага ціску, газ перакрылі, каб цяжкая тэхніка пачала працаваць.
З словаў Шакалене, неўзабаве будзе вырашана, ці можна правесьці выратавальныя працы «паводле скарочанага сцэнара», з дапамогай экскаватара.
«Паглядзім, як ідуць земляныя работы. Калі пачне капаць экскаватар-амфібія з доўгай стралой, паглядзім, ці ўдасца такім чынам стабілізаваць прыток вады ў забалочанае месца, каб можна было працягнуць работы», — сказала міністарка абароны.
Паводле яе слоў, на месцы здарэньня пастаянна працуюць «сотні людзей», залучаныя дзясяткі адзінак спэцыяльнай тэхнікі.
- Чацьвёра амэрыканскіх вайскоўцаў і браняваны аўтамабіль зьніклі ў аўторак пасьля вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) у Літве.
- У заяве Ўзброеных сілаў Літвы гаварылася, што пра зьнікненьне стала вядома каля 16.45 мясцовага часу 25 сакавіка. Паведамлялі, што ў той жа дзень пачалі пошук з удзелам літоўскіх і замежных вайскоўцаў, ратавальных і пажарных службаў і што вызначана магчымае месца здарэньня.
- Камандаваньне Арміі ЗША ў Эўропе і Афрыцы пацьвердзіла зьнікненьне чатырох амэрыканскіх вайскоўцаў.
- Паведамляюць, што салдаты 1-й брыгады 3-й пяхотнай дывізіі былі на тактычных вучэньнях у часе зьнікненьня.
- Паводле паліцыі, 25 сакавіка ў 19:20 віленскія ўлады атрымалі паведамленьне, што салдаты зьніклі бязь вестак пасьля вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) ў Швянчонскім (Сьвянцянскім) раёне на ўсходзе Літвы.