Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Як Свабодная Эўропа / Радыё Свабода зьмяніла маё жыцьцё — аповед эўрапейскага рэдактара Рыкарда Юзьвяка

Як Свабодная Эўропа / Радыё Свабода зьмяніла маё жыцьцё — аповед эўрапейскага рэдактара Рыкарда Юзьвяка


Рыкард Юзьвяк
Рыкард Юзьвяк

Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк расказаў асабістую гісторыю — у тым ліку пра турэмнае зьняволеньне бацькі і ўцёкі бацькоў з камуністычнай Польшчы. Ён патлумачыў, як беларускія пратэсты паўплывалі на ягоную працу і як зь ягонай сямейнай гісторыяй перагукаецца лёс Ігара Лосіка і іншых цяпер зьняволеных журналістаў РСЭ/РC.

За жалезнай заслонай

Мой бацька нарадзіўся ў Познані, на захадзе Польшчы, у 1939 годзе, якраз перад уварваньнем нямецкіх нацыстаў. Паколькі яго бацька служыў у польскай арміі і пазьней быў узяты ў палон, а яго маці трапіла ў турму за супраціў нацысцкаму рэжыму, мой бацька правёў большую частку вайны пад апекай свайго старэйшага брата і мэдсястры швэдзкага Чырвонага Крыжа — сувязь, якая пазьней адыграла значную ролю ў ягоным лёсе.

Пасьля вайны мае дзед і бабуля з маленькім сынам — маім бацькам — пераехалі ў паўночны польскі партовы горад Гданьск у пошуках лепшай працы. У той час у Швэцыі быў адзін з найбуйнейшых у Эўропе гандлёвых флётаў, і на змрочным фоне разбуранай вайной Польшчы іх бліскучыя караблі ў гавані зрабілі на майго бацьку моцнае ўражаньне.

Як і многія людзі за «жалезнай заслонай», мой бацька слухаў «галасы» — так людзі называлі радыёперадачы Ўсясьветнай службы BBC, Голасу Амэрыкі і Радыё Свабодная Эўропа. Слухалі, вядома, употай, уначы ў ложку падносячы да вуха транзыстарны радыёпрымач. Гэта былі цёмныя часы, з цэнзурай і рэпрэсіямі, але для майго бацькі гэтыя перадачы былі знаходкай. Яны інфармавалі і натхнялі, а ў выпадку майго бацькі пераканалі яго ўцячы — на Захад, у Швэцыю.

Празь ледзяное мора

Калі яму было 17 гадоў, бацька паспрабаваў прайсьці пешшу з Польшчы праз пакрытае лёдам Балтыйскае мора, каб дабрацца да дацкага вострава Борнгальм. Потым ён плянаваў працягваць шлях у Швэцыю. Зімы ў той час былі значна больш суровымі, лёд сапраўды пакрываў значную частку Балтыкі, але гэта ўсё яшчэ быў шалёны плян. Караблі-ледаколы зрабілі пераход пешшу амаль немагчымым, і бацька быў вымушаны вярнуцца.

Налета ён паспрабаваў пераплысьці мора на каноэ зь сябрам. Хлопцаў-падлеткаў затрымаў польскі карабель і перадаў уладам. Замест Скандынавіі яны апынуліся ў турме ў Польшчы. Пасьля допытаў і пабіцьця яны агаварылі сябе, прызнаўшыся ў шпіянажы на ЦРУ, іх асудзілі на 10 гадоў.

На шчасьце, у канцы 1950-х гадоў у Польшчы пачаліся лібэральныя рэформы, таму праз год іх вызвалілі. Паколькі мара майго бацькі пра жыцьцё на Захадзе цяпер была адкладзена, ён атрымаў адукацыю і сустрэў маю маці. Яны пажаніліся і абое атрымалі працу на тагачаснай карабельні імя Леніна ў Гданьску. Увесь гэты час ён усё яшчэ слухаў «галасы», джаз, рок-н-рол, якія маглі прабіцца праз глушылкі.

Удача на трэці раз

У 1971 годзе мае бацькі наведвалі Югаславію, адну зь нямногіх краінаў, куды можна было падарожнічаць у той час. На пляжы ў горадзе Пула ў цяперашняй Харватыі яны пабачылі нямецкую пару, якая вонкава нагадвалі іх саміх. Мужчына быў цёмнавалосым, як мой бацька; жанчына была бялявая, як мая маці.

Маім бацькам не было чаго губляць. Яны падышлі да гэтай пары і спыталіся, ці тыя з Заходняй Нямеччыны. Так яно і аказалася. Тады яны зьвярнуліся да нямецкай пары з просьбай, у сьмеласьць якой мне дагэтуль цяжка паверыць. Мае бацькі спыталіся, ці маглі б яны падарожнічаць пад выглядам тых немцаў. І, што дзіўна, немцы сказалі «так». (Падобна, такая дапамога «ўсходнікам» не была рэдкасьцю падчас халоднай вайны.)

Таму яны здолелі пераехаць мяжу ў Італію на машыне нямецкай пары і зь іх дакумэнтамі. А нямецкая пара пайшла ў найбліжэйшае консульства і паведаміла, што іх абрабавалі.

Праз год жыцьця ў статусе палітычных уцекачоў у Італіі маім бацькам дазволілі пераехаць у Швэцыю, дзе яны пазьней атрымалі дазвол на жыхарства, а потым грамадзянства.

Праз вайну мой бацька гадаваўся ў нянавісьці да немцаў — таму было мілай іроніяй, што акт найвышэйшай шчодрасьці, які даў яму свабоду, зрабілі немцы. Яны падтрымлівалі сувязь і кожныя Каляды дасылалі нямецкай пары паштоўку.

Кола замкнулася

Я нарадзіўся ў Швэцыі ў 1980-я ў міры і заможнасьці, пра якія мае бацькі маглі толькі марыць у сваёй маладосьці. Як і многія іншыя з майго пакаленьня, я вучыўся за мяжой, вывучыў некалькі эўрапейскіх моваў і мог свабодна падарожнічаць па кантынэнце зь верай у ідэю «агульнай эўрапейскай прасторы». Таму ў нейкім сэнсе лягічна, што я трапіў у Брусэль.

Калі я ў 2011 годзе атрымаў прапанову паспрабаваць сябе няштатным карэспандэнтам Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Брусэлі, я ведаў, што гэта не звычайная праца. У сям’і я гадаваўся на гісторыях пра значнасьць РСЭ/РС, і я адчуў, што сямейнае кола замыкаецца.

Напачатку 2011 году, калі я пачынаў сваю працу, важнай навіной былі сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў сьнежні папярэдняга году і наступнае здушэньне пратэсту. Эўразьвяз уводзіў санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і я стаў асьвятляць гэтую гісторыю з Брусэлю. Ад таго часу я шмат пішу пра тое, як працуюць Эўразьвяз і NATO.

25 сакавіка адбылася інаўгурацыя Лукашэнкі на сёмы тэрмін, і ён усё яшчэ знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Пад ягоным рэпрэсіўным кіраваньнем у Беларусі цяпер у турмах каля 1,500 палітычных вязьняў. Адзін зь іх — мой калега, журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, які за кратамі ад 2020 году. Іншага калегу, Андрэя Кузьнечыка, вызвалілі з турмы ў Беларусі ў пачатку году.

Калі я думаю пра Ігара і Андрэя — і пра Ўладзіслава Есіпенку, якога за супрацоўніцтва з праектам Свабоды зьняволілі ў акупаваным Расеяй Крыме — я не магу ня думаць пра гісторыю свайго бацькі і ўсё, што ён зрабіў, каб жыць вольным жыцьцём.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода кожны тыдзень дасягае каля 50 мільёнаў чалавек у тых краінах, дзе няма свабоды СМІ, дзе яна пад пагрозай, ці там, дзе інфармацыйная прастора запоўненая дэзынфармацыяй. РСЭ/РС усё яшчэ важнае, як яно было важным для маіх бацькоў у часы камуністычнай Польшчы. Як для Андрэя, Ігара і Ўладзіслава — і для людзей, да якіх яны зьвярталіся.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG