У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» арт-дырэктар беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін адказвае на пытаньне, што пайшло ня так у 2020 годзе, чаму беларусам не ўдалося перамагчы рэжым.
— Беларусаў падвяла вера ў лепшае. Яны выявіліся ня тое каб вельмі даверлівымі, але верылі ў сьветлае і ў нейкую разважлівасьць дыктатара. Яны пагадзіліся з тым, што «мы будзем стаяць без абутку на лавачках, будзем дарыць кветкі, яны [улады] гэта зразумеюць і пагодзяцца памяняць сытуацыю».
Але там не зразумелі. Там [у беларускай уладзе] аказаліся звычайныя нацысты і рэальныя злачынцы. Іх было занадта шмат, гэтых злачынцаў, людзей са зброяй, і яны пачалі адразу страляць і забіваць — Тарайкоўскага, Шутава і іншых.
Гэта ўсё наша вера, вера ў тое, што мы добрыя, мы можам проста пераканаць. Але так не спрацавала, там не такія людзі.
Нам трэба было перачытаць, напрыклад, «Восень патрыярха» ці «1984», каб зразумець, што гэты мэханізм не працуе. Пры гэтым увесь актыў, то бок людзі, якія маглі ўзяць у рукі мэгафон, апынуўся ў турме, бо Лукашэнка своечасова іх усіх пасадзіў, каб яны нічога не зрабілі.
Цалкам інтэрвію зь Мікалаем Халезіным у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».
Форум