Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Латушка ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі»: «Гэта была зьдзелка з сумленьнем, хлусіць было цяжка»


Аляксандар Лукашэнка, Павал Латушка, каляж
Аляксандар Лукашэнка, Павал Латушка, каляж

Новы праект Свабоды – «Сьведкі Лукашэнкі». Гэта сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.

Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?

Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».

Сёньня — Павал Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, намесьнік кіраўніка Абʼяднанага Пераходнага Кабінэту Беларусі, былы міністар культуры Беларусі, былы амбасадар Беларусі ў Францыі і Польшчы.

Ён адказвае на пытаньне, чаму ў 1995-м годзе, маючы дэмакратычныя і нацыянальныя погляды, пайшоў працаваць у міністэрства замежных справаў, распавядае, як некалькі разоў хацеў сысьці з дзяржаўнай службы, і ўзгадвае свае некаторыя размовы сам-насам з Аляксандрам Лукашэнкам.

Гутарку цалкам глядзіце на відэа. Ніжэй — некалькі цытатаў Паўла Латушкі з інтэрвію:

  • «У 1988 годзе я хадзіў на паседжаньні „Талакі“. Мой бацька быў сябрам Партызанскай раённай управы БНФ, і я таксама прымаў удзел у акцыях пратэсту. Падчас жнівеньскага путчу 1991-га я выйшаў на плошчу пратэставаць. Я быў выхаваны ў сям’і, дзе паважалі беларускую мову і культуру. Яшчэ ў школе мы з братам ладзілі Дзень беларускай мовы, удвух малявалі плякаты, чаму варта вучыць беларускую мову».
  • «Уся мая сям’я ў 1994-м годзе прагаласавала за Пазьняка, але я за Шушкевіча. Чаму? Бо я падыходзіў з разуменьнем таго, што трэба не дапусьціць да ўлады Кебіча і Лукашэнку. Я лічыў, што трэба падтрымліваць кандыдата, які зможа аб’яднаць тых людзей, якія выступаюць за дэмакратычны шлях... Зянон Пазьняк не аб’ядноўваў гэтую большасьць, ён меў свой моцны электарат, але пашырыць яе было даволі цяжка».
  • «Я двойчы прасіў не прызначаць мяне прэс-сакратаром МЗС... Я здраджваў самому сабе. Мне было вельмі цяжка працаваць. Трэба было хлусіць кожны дзень». «Я не хачу зараз тлумачыцца. Так, гэта была зьдзелка з сумленьнем, гэта было супярэчліва. Гэта балела, гэта было цяжка. Хлусіць было цяжка, я сьціскаў зубы. Але памятаю, як, адпрацаваўшы некалькі тыдняў прэсавым сакратаром МЗС, я паклаў на стол Уралу Латыпаву заяву аб звальненьні. Ён выклікаў мяне наступнай раніцай, вярнуў гэтую заяву і сказаў: „Вы разумееце, кім вы былі ўзгоднены на гэтую пасаду? Вы разумееце, што з вамі стане пасьля?“»
  • «У мяне быў канфлікт з прэсавым сакратаром Лукашэнкі Барысевічам за беларускую мову. Мне проста забаранялі праводзіць брыфінгі на беларускай мове. Маўляў, замежныя журналісты не зразумеюць. Я яму сказаў: „Усё залежыць ад таго, якая інфармацыя. Калі інфармацыя будзе цікавая, зразумеюць і перакладуць“. Як вы памятаеце, я ўсё ж пераважна па-беларуску праводзіў гэтыя брыфінгі».
  • «Лукашэнка казаў мне: „А я вас падтрымліваю ў тым, што вы размаўляеце на беларускай мове. Калі б я мог, я б таксама гаварыў па-беларуску. Але тады якую цану за газ прапануе мне Мядзьведзеў (тагачасны прэзыдэнт Расеі. — РС)?“ Значыцца, можна прадаць сваё, роднае, нацыянальнае за нафту і газ».
  • «Калі я быў міністрам культуры, то міністар культуры Расеі Швыдкой мне сказаў: „На цябе пішуць кляўзы, амбасадар Расеі Сурыкаў“. Яны лічылі мяне нацыяналістам за тое, што я размаўляю па-беларуску. А я што — па-кітайску мушу гаварыць?».
  • «Я не хачу хваліцца, але хто яшчэ мог прыйсьці ў кабінэт Лукашэнкі і сказаць: „Нам трэба адкрыць музэй Васіля Быкава“ — і дамагчыся гэтага? Можа ня той музэй, якога Быкаў заслугоўвае, але мы адкрылі ў Ждановічах філіял Беларускага дзяржаўнага літаратурнага музэя на лецішчы Быкава. Я разумеў, што КДБ піша на мяне, і Лукашэнка ведае гэта».
  • «Лукашэнка мне сказаў: „Я задушу цябе ўласнымі рукамі, калі ты мне здрадзіш“. Я ўвогуле не спажываю алькаголю, але тады я выпіў гарэлкі. Я зразумеў, што ён задушыць. Я ведаў, што былі забітыя Захаранка, Ганчар, іншыя. Рызыка была, але я лічыў, што маёй бясьпекай была публічнасьць».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG