Анатоль Лябедзька мяркуе, што ў сёньняшняй сытуацыі з палітвязьнямі не праглядаецца нічога істотнага новага, чаго ў Беларусі б ня ведалі за апошнія дзесяцігодзьдзі:
«Палітвязьні былі і застаюцца таварам для палітычнага бартэру, але ёсьць палітвязьні з дадатковай вартасьцю, і Зяньковіч, на мой погляд, адзін зь іх. Яго адметнасьць у наяўнасьці пашпарта грамадзяніна ЗША. Я думаю, што дырэктар рынку па гандлі палітвязьнямі ведае, што для Вашынгтона грамадзянін — гэта каштоўнасьць. І яны гатовы, як сьведчыць практыка, плаціць мільярды, як гэта было адносна нядаўна ў Іране, падымаць эскадры, гатовы змагацца за тое, каб іх грамадзянін быў на волі. І вось гэта спрабуюць выкарыстаць і цяпер», — сказаў Анатоль Лябедзька.
На пытаньне, для чаго гэта патрэбна Лукашэнку, Лябедзька сказаў:
«У яго задача найбліжэйшага часу, найбліжэйшай пэрспэктывы — гэта вярнуць сабе легітымнасьць і суб’ектнасьць. І палітычныя вязьні, усе, што адбываецца ў прыватнасьці зь Зяньковічам, якраз і павінны працаваць на рэалізацыю гэтых мэтаў і задач.
Калі мы гаворым пра легітымнасць, то яна мае два складнікі — унутры Беларусі і міжнародны.
Унутры Беларусі Лукашэнка можа больш-менш канталяваць гэты працэс: калі не вярнуць сабе легітымнасьць у 2025 годзе, то пастарацца зрабіць уражаньне, што ён вярнуў гэтую легітымнасьць. На міжнароднай арэне больш складана. Яе ня вернеш на візытах першых лэдзі Нігерыі і Зымбабвэ. Тут патрэбны іншыя ўмовы, і для Лукашэнкі вельмі важна трапіць у тыя міжнародныя працэсы, якія зараз адбываюцца. Трапіць за стол перамоваў па Ўкраіне, напрыклад. А як гэта зробіш, калі няма камунікацый? Ні з Брусэлем, ні з Вашынгтонам. Таму і разыгрываецца карта палітвязьня Зяньковіча, якога разглядаюць як тавар, у якога есьць пэўная цана, і яны яго хочуць збыць, атрымаўшы для сабе палітычныя дывідэнды.
Калі вырашыцца гэтая сытуацыя і Зяньковіч выйдзе на волю, напрыклад трапіўшы ў чарговы міжнародны абмен ці за нейкія асобныя бонусы ад ЗША, нам трэба чакаць, што гэтая ніша ня будзе заставацца пустой. Я перакананы, што аналітычныя сілавыя структуры працуюць над такімі сотамі, якія павінны ўвесь час быць запоўненыя. Калі няма палітвязьня зь нейкім пашпартам сёньня, то ён павінен быць заўтра. Таму і бачым, што зьяўляюцца такія кейсы, як грамадзянін Японіі, які быццам шпіён, тая ж сытуацыя з грамадзянінам Нямеччыны Рыка Крыгерам. Аднаго вызваляюць, другога ў гэтыя соты дапаўняюць. Такая сытуацыя, каб увесь час быў кантынгент для гэтага палітычнага бартэру».
Увечары 19 верасьня ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм пра палітзьняволенага апазыцыянэра Юрася Зянковіча, асуджанага на 11 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за спробу дзяржаўнага перавароту.
У фільме БТ Юрась Зянковіч, які знаходзіцца ў няволі 3,5 гады, выглядаў моцна схуднелым. Верагодна, пад прымусам ён агучваў нібыта дэталі пляну зрынаньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньняў, невядома якім спосабам атрыманыя ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.
Падобна, запіс адбываўся ў сьценах крытай турмы № 4 у Магілёве, вядомай сваімі надзвычай жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня палітычных зьняволеных.
У канцы відэа Зянковіч, грамадзянін Беларусі і ЗША, зьвярнуўся да кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША Камалы Гарыс і Дональда Трампа з просьбай паспрыяць яго вяртаньню да сям’і ў Х’юстан (штат Тэхас).
Часовы павераны ў справы ЗША ў Беларусі Пітэр Каўфман асудзіў сюжэт з удзелам Зянковіча.
«Я рашуча асуджаю недапушчальную дэманстрацыю беларускім рэжымам затрыманага грамадзяніна ЗША ў дзяржаўных СМІ ў прапагандысцкіх мэтах і абвяргаю беспадстаўныя заявы, якія прагучалі ў праграме. Гісторыя выкарыстаньня рэжымам тактыкі прымусу для вытворчасьці падобнага кантэнту ставіць пад сумнеў добраахвотны характар удзелу грамадзяніна ЗША», — гаворыцца ў заяве дыплямата.
Справа Зянковіча
Менскі абласны суд разглядаў справу аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» з 29 ліпеня 2022 году. 5 верасьня 2022 году фігурантам агучылі прысуд:
- Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі,
- Аляксандру Фядуту — 10 гадоў,
- Рыгору Кастусёву — 10 гадоў,
- Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.
- Вольга Галубовіч — 2,5 года.
Зянковіча абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне сацыяльнай варожасьці»).
Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).
Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Фігурантамі справы былі таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія жывуць за мяжой.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году.
Лукашэнка раней заявіў, што абвінавачаныя нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.
У сьнежні 2022 году над Зянковічам адбыўся новы суд, ужо паводле абвінавачаньня ў «абразе прадстаўніка ўлады» — гэта 369 артыкул КК. Як кажуць праваабаронцы, палітвязьню дадалі паўгода да раней прызначанага тэрміну.
Вядома, што ў час расьсьледаваньня справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» Юры Зянковіч заключыў дамову зь сьледзтвам, а на судзе прызнаў віну і папрасіў прабачэньня ў Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука.
Летам 2024 году Рыгор Кастусёў выйшаў на волю па памілаваньні.
Юры Зянковіч пачаў адбываць пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі № 2, цяпер яго ўтрымліваюць у больш жорсткіх умовах у турме № 4 у Магілёве.
Сёлета ў ліпені праваабаронцы паведамілі, што Юрыя Зянковіча будуць зноў судзіць 7 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу — «грубае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Яму пагражаў дадатковы год зьняволеньня.
Форум