Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігуранта справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» Юрыя Зянковіча чакае трэці суд


Юрась Зянковіч
Юрась Зянковіч

Палітвязьня Юрыя Зянковіча будуць зноў судзіць 7 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле інфармацыі ад праваабаронцаў, фігуранту справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» цяпер выстаўленае абвінавачаньне па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу — «грубае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Яму пагражае дадатковы год зьняволеньня.

У верасьні 2022 году Юрыя Зянковіча асудзілі першы раз, тады на 11 гадоў пазбаўленьня волі. Юрыста абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці).

Аднак у сьнежні таго ж году над палітвязьнем адбыўся новы суд, ужо паводле абвінавачаньня ў «абразе прадстаўніка ўлады» — гэта 369 артыкул КК. Як кажуць праваабаронцы, палітвязьню дадалі паўгода да раней прызначанага тэрміну.

Вядома, што ў час расьсьледаваньня справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» Юры Зянковіч заключыў дамову зь сьледзтвам, а на судзе прызнаў віну і папрасіў прабачэньня ў саўдзельнікаў, якімі суд прызнаў палітыка Рыгора Кастусёва (атрымаў 10 гадоў зьняволеньня, але 3 ліпеня 2024 году выйшаў на волю паводле амністыі), палітоляга і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту (таксама асуджаны на 10 гадоў), Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука (абаім суд прызначыў па 2,5 года зьняволеньня).

Юры Зянковіч пачаў адбываць пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі № 2, цяпер яго ўтрымліваюць у больш жорсткіх умовах у турме № 4 у Магілёве. Зьвестак пра ўмовы ўтрыманьня Зянковіча і ягоны стан здароўя надзвычай мала.

Новую справу супраць палітвязьня будзе разглядаць судзьдзя Вікторыя Палякова.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG