27 верасьня 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе будуць судзіць палітвязьня Сяргея Белага, паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на інфармацыю «Нашай нівы».
Судзіць яго будзе Міхаіл Макарэвіч, вядомы сваімі палітычнымі прысудамі: раней ужо асудзіў шэраг беларусаў паводле больш як 30 палітычных крымінальных артыкулаў, а таксама вынес вялікую колькасьць прысудаў у адміністрацыйных справах «за палітыку».
Сяргея Белага абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- «Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК),
- «Распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК),
- «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК),
- «Абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).
Палітвязьню пагражае да 5 гадоў калёніі ў дадатак да мінулага тэрміну.
У кастрычніку 2023 году Сяргея Белага ўжо асудзілі да пазбаўленьня волі за «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Мужчыну затрымалі ў лютым 2023 году, на «пакаяльным» відэа сілавікоў яго прымусілі сказаць, што пакідаў камэнтары ў тэлеграме і «прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога».
Паводле «Нашай нівы», 51-гадовы Сяргей Белы родам з украінскага Херсона, але амаль усё жыцьцё пражыў у Беларусі, працаваў на розных рабочых спэцыяльнасьцях. Мае дваіх непаўналетніх дзяцей.
Правабаронцы прызналі Сяргя Белага палітвязьнем.
Форум