Палітвязьня Алега Яфрэменку трэці раз будуць судзіць за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»
У судзе Барысаўскага раёна 23 верасьня разгледзяць чарговую справу супраць палітвязьня Алега Яфрэменкі, паведамляе «Вясна». Яго трэці раз абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).
Працэс будзе весьці судзьдзя Людміла Зінкевіч.
Раней палітвязьню ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасьні 2021 году Алега перавялі на турэмны рэжым, а пазьней двойчы дадавалі па году калёніі за «непадпарадкаваньне адміністрацыі». Алега ўтрымліваюць у зьняволеньні ўжо чатыры гады.
Жыхара Віцебска абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў падсечку міліцыянту падчас вулічнага шэсьця 13 верасьня 2020 году — той упаў і падрапаў далоні. Суд прызначыў Алегу чатыры з паловай гады калёніі. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў магілёўскую калёнію № 15, але празь некалькі месяцаў яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Там Алега рэгулярна зьмяшчалі ў ШЫЗА па надуманых прычынах.
У жніўні 2022 году судзьдзя Вікторыя Палякова прысудзіла Алегу Яфрэменку паводле арт. 411 КК у дадатак да чатырох з паловай гадоў калёніі яшчэ год у зьняволеньні. Трэці суд над Алегам адбыўся 25 ліпеня 2023 году: судзьдзя Горацкага раёна Алена Вараб’ёва прызнала палітвязьня вінаватым паводле арт. 411 КК і прысудзіла яму яшчэ адзін год пазбаўленьня волі.
Палітзьняволеную Тацяну Канеўскую перавялі з турмы ў калёнію
Палітзьняволеную Тацяну Канеўскую перавялі з турмы ў гомельскую калёнію, паведамляе «Вясна».
Тацяна Канеўская — актывістка ініцыятывы «Матчын рух 328». Змагалася за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. У траўні 2021 году яе асудзілі да 6 гадоў калёніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і арт. 292 (захоп будынкаў).
У калёніі Тацяну зьмяшчалі ў ШЫЗА і ў ПКТ. У студзені 2022 году ёй узмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым, дзе на яе аказвалі ціск.
Тэрмін турэмнага рэжыму скончыўся, таму палітзьняволеную перавялі ў жаночую калёнію № 4.
Андрэя Будая, асуджанага ў справе ініцыятывы «Буслы ляцяць», зноў будуць судзіць
Праваабаронцам стала вядома, што 23 верасьня ў Бабруйску будуць судзіць ужо асуджанага на 15 гадоў калёніі палітзьняволенага Андрэя Будая. Гэтым разам яго абвінавачваюць у злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі (ч. 2 арт. 411 КК), паведамляе «Вясна».
Справу будзе разглядаць судзьдзя Павал Карцінін.
Андрэй Будай — фігурант гучнай справы ініцыятывы «Буслы ляцяць», якую ў Беларусі прызналі «тэрарыстычнай». У верасьні 2022 году судзьдзя Анастасія Папко прысудзіла яму 15 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 500 базавых велічынь, прызнаўшы вінаватым паводле 4 артыкулаў:
- арт. 361 Крымінальнага кодэксу (Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
- арт. 130 КК (Распальваньне варожасьці ці звады);
- арт. 290-4 КК (Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй);
- арт. 359 КК (Акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага ці грамадзкага дзеяча).
Затрыманых у справе ініцыятывы «Буслы ляцяць» абвінавацілі ў шэрагу дывэрсій і нападаў на маёмасьць сілавікоў і праўладных актывістаў, якія адбываліся з сакавіка па чэрвень 2021 году. Гаворка пра абліты фарбай аўтамабіль барысаўскага судзьдзі, прабітыя колы машыны журналіста дзяржаўнага СМІ, разьбітае шкло ў кватэры супрацоўніка пракуратуры Менску, зьнішчэньне сыстэмы відэаназіраньня ў Фрунзэнскім раёне сталіцы.
Пазьней Андрэя Будая ўнесьлі ў «тэрарыстычны» сьпіс КДБ.
Спачатку палітвязень адбываў тэрмін у віцебскай калёніі № 3, пазьней яго перавялі ў бабруйскую калёнію № 2. Праваабаронцам вядома, што палітвязьня рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА.
Форум