Дата 17 верасьня 1939 году зьвязаная з пачаткам ІІ сусьветнай вайны, якая для беларусаў стала адной з самых трагічных старонак гісторыі. Давайце па чарзе разгледзім міты і клішэ, якімі сёньня карыстаецца прапаганда, каб стварыць вакол яе рамантычную і сьвяточную атмасфэру.
Міт першы: 17 верасьня 1939 году Чырвоная Армія распачала вызвольны паход у Заходнюю Беларусь
«Вызвольны паход» — такая ж падмена паняцьцяў, як і «спэцапэрацыя Пуціна ва Ўкраіне». 17 верасьня адбылася клясычная ваенная агрэсія, якая стала вынікам дамовы паміж Сталіным і Гітлерам, вядомай як Пакт Молатава-Рыбэнтропа. Нацысцкая Нямеччына і сталінскі СССР дамовіліся падзяліць Эўропу і пачалі ІІ сусьветную вайну. Гітлер заняў заходнюю частку тагачаснай Польшчы, а Сталін — усходнюю. Гэта пасьля яны перасварыліся, а ў 1939 годзе яны былі партнэрамі, нават праводзілі вайсковы парад у Берасьці.
Міт другі: З 1921 году Заходняя Беларусь была акупаваная Польшчай
Юрыдычна — не. Ліга нацый, тагачасны адпаведнік ААН, прызнавала Польшчу ў межах да 1939 году. Больш за тое, Польшчу ў тых межах прызнаваў і Савецкі Саюз. Зрэшты, савецкая Расея сама брала ўдзел у падзеле Беларусі на Рыскай мірнай канфэрэнцыі. Менавіта савецкія лідэры прапаноўвалі Польшчы забіраць беларускую тэрыторыю далей за Менск, да Бярэзіны, узамен за саступкі ва Ўкраіне. Але палякі адмовіліся браць больш.
Міт трэці: Насельніцтва так званых Крэсаў Усходніх зазнавала ўзмоцненае апалячваньне, у той час як у савецкай Беларусі квітнела беларушчына
Сапраўды, у Польшчы беларусы ня мелі нармальных умоў для разьвіцьця нацыянальнай культуры. Яшчэ на пачатку 1921 году толькі на Віленшчыне было амаль 200 беларускіх школ, але з часам іх пачалі замяняць на польскія. Па сутнасьці, сытуацыю зь беларушчынай у Заходняй Беларусі можна прыблізна параўнаць з тым, што адбываецца ў Беларусі сёньня, калі беларускія школы ўжо не адчыняюцца, а невялікая іх колькасьць у вёсках імкліва памірае разам з тымі вёскамі. Тады ў Заходняй Беларусі ішла палянізацыя, гэтаксама як сёньня ва ўсёй Беларусі — русыфікацыя.
Беларусы намагаліся шмат што рабіць самі, як і сёньня. Яны арганізоўваліся ў суполкі Таварыства беларускай школы і патрабавалі навучаньня на роднай мове. У 1927 годзе яны дамагліся адкрыцьця 78 беларускіх і польска-беларускіх школ. Уявіце такое сёньня. Сёньня барацьба ідзе за адкрыцьцё беларускіх клясаў, а ня школ. У сярэдзіне 30-х у Таварыства беларускай школы было паўтысячы гурткоў па самаадукацыі ў Заходняй Беларусі, бібліятэкі, клюбы, тэатральныя гурткі і харавыя калектывы. Беларусы выдавалі беларускія кнігі, выходзілі часопісы. Іронія лёсу. Сёньня ў Рэспубліцы Беларусь дзейнасьць Таварыства беларускай школы і Таварыства беларускай мовы забароненыя.
Да таго ж палянізацыя з пункту гледжаньня Польшчы не ішла так пасьпяхова. Вось цытата з рапарту Міністэрства вайсковых спраў Польшчы, 1925 год:
«Найлепшыя вынікі палянізацыя дае на беларусах, асабліва каталіках. Калі яны засвойваюць польскую мову, то пачынаюць размаўляць на ёй нават па-за казармай, а гэта будуе ў іх пачуцьцё грамадзянскага абавязку».
Мінула 11 гадоў. З рапарту 1936 году:
«У наваградзкім, баранавіцкім і слонімскіх паветах назіраецца зьява адыходу ад польскасьці. Усё часьцей даводзіцца зьвяртацца па дапамогу з цэнтральнай Польшчы. Зьява набыла маштаб дэнацыяналізацыі. Заява „Я беларус“ пачынае рабіцца моднай».
А што наконт беларушчыны ў БССР у тыя часы?
У Вільні пад польскім панаваньнем беларускі паэт Максім Танк мог на месяц трапіць у турму за сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць, ён быў камуністам. Але яго вызвалялі, і ён працягваў пісаць беларускія вершы. У БССР у гэты час панаваў тэрор, людзей расстрэльвалі ў Курапатах, ішла павальная русыфікацыя. У польскім лягеры ізаляцыі ў Бярозе не загінуў аніводзін беларус. У той жа час, паводле афіцыйных дадзеных, падчас апэрацыі па зьнішчэньні палякаў у БССР («польская апэрацыя») загінулі 9196 палякаў. То бок кожны 13-ты паляк, які жыў у савецкай Беларусі, быў расстраляны. Гэта адбывалася ў 1937–1938 гады.
Беларусізацыя, якая разгарнулася на пачатку 1920-х, завяршылася празь некалькі гадоў, а яе ініцыятары і выканальнікі трапілі пад рэпрэсіі. Усе наступныя гады ў БССР адбывалася русыфікацыя.
Дарэчы, пасьля 17 верасьня школы ў Заходняй Беларусі ня сталі крыніцай беларусізацыі. Іх выкарыстоўвалі для паступовай русыфікацыі.
Міт чацьвёрты: Варшава імкнулася калянізаваць народныя землі. Туды пасялілі асаднікаў, якія эксплюатавалі беларусаў
Беларусы мелі сваю зямлю, гаспадарку і самі сябе кармілі. Ім не загадвалі здаваць коней і кароў у калгасы, як гэта было ў БССР, і не прымушалі працаваць за працадні ў гэтых калгасах. Менавіта таму ў верасьні 1939 году ўзровень жыцьця сялян у Заходняй Беларусі быў для многіх салдат Чырвонай арміі шокам.
Польскія асаднікі сапраўды атрымлівалі землі ў Заходняй Беларусі, але найчасьцей гэта былі звычайныя чыноўнікі або паліцыянты. У міжваеннай Польшчы не існавала прымусовай працы, і беларусы не павінны былі адпрацоўваць паншчыну. Калі чалавек хацеў зарабіць, то мог ісьці на працу да багацейшага гаспадара і сам узгадняў зь ім цану сваёй працы. Дарэчы, дзясяткі тысяч сем’яў гэтых асаднікаў пасьля 1939 году бальшавікі саслалі ў Сібір. Многія ўжо ніколі адтуль не вярнуліся.
Міт пяты: Заходнюю Беларусь ператварылі ў адсталую ўскраіну польскай дзяржавы
Зусім нядаўна ў Менску выйшаў зборнік дакумэнтаў «„Вызваленыя“ і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускіх архіваў». Гэта дакумэнты ня польскія, а з архіваў Рэспублікі Беларусь. Калі спачатку, у верасьні 1939 году, дакумэнты фіксуюць у часткі праваслаўнага беларускага насельніцтва, а таксама сярод габрэяў пэўную радасьць ад прыходу «вызваліцеляў», то пазьней назіраецца расчараваньне і роспач. Людзі задаваліся пытаньнем, якія ж гэта «нашы», калі яны падштурхоўваюць да забойства чыноўнікаў, памешчыкаў, рабаваньня маёнткаў, парушаюць агульначалавечыя нормы паводзін і жыцьця.
Пагоршыліся і матэрыяльныя ўмовы жыцьця, бо ў выніку нацыяналізацыі прамысловасьці і гандлю апусьцелі паліцы крам, запанаваў агульны дэфіцыт тавараў і прадуктаў. Людзі неўзабаве зразумелі, што апынуліся ў таталітарнай дзяржаве.
Беларусь аб’ядналася ў выніку ІІ сусьветнай вайны, гэтаксама як, напрыклад, Польшча ўтварылася ў выніку І сусьветнай вайны. І палякі нікому за яе ня дзякуюць. Дык навошта беларусам камусьці дзякаваць за вайну і сьвяткаваць яе пачатак?