На 6-ю гадзіну раніцы 12 верасьня лясны пажар на плошчы 14,5 гектара на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка ў Хойніцкім раёне не ліквідаваны, вынікае з сутачнай зводкі Гомельскага абласнога ўпраўленьня МНС.
Калі пачаўся пажар, ратавальнікі не ўдакладняюць. Пра тое, што пажар на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка ў Хойніцкім раёне «не ліквідаваны», у МНС паведамлялі і ў ранішняй зводцы за 11 верасьня.
У зводцы за 10 верасьня МНС паведамляла пра ліквідацыю двух лясных пажараў на агульнай плошчы 4,01 Га — на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка ў Нараўлянскім раёне і пажару ў Рагачоўскім раёне.
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік быў арганізаваны 18 ліпеня 1988 году ў беларускай частцы зоны адчужэньня ЧАЭС на тэрыторыі трох найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў Гомельскай вобласьці — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага. На тэрыторыі знаходзяцца 96 пакінутых населеных пунктаў, дзе да аварыі жылі больш за 22 тысячы жыхароў.
На тэрыторыі Палескага запаведніка знаходзіцца каля 30% цэзію-137, які выпаў на тэрыторыю Беларусі, 73% — стронцыю-90, 97% — ізатопаў плютонію-238, 239, 240. Для тэрыторыі запаведніка характэрна наяўнасьць высокіх узроўняў забруджваньня трансуранавымі радыёнуклідамі зь вялікімі пэрыядамі паўраспаду: плютонія-238 — 87,7 года, плютонія-239 — 24 110 гадоў, плютонія-240 — 6564 гадоў, плютонія-241 — 14 241 — 433 гады. У сувязі з гэтым большая частка тэрыторыя запаведніка нават у аддаленай пэрспэктыве ня можа быць вернутая ў гаспадарчае карыстаньне.
За мінулыя суткі ратавальнікі Гомельскай вобласьці патушылі два лясныя пажары агульнай плошча — 2,002 га ў Жыткавіцкім і Рэчыцкім раёнах, а таксама пяць пажараў травы і кустоў (1,079 га) у Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Жыткавіцкім і Калінкавіцкім раёнах, паведамілі ў абласным упраўленьні МНС.
МНС Беларусі 12 верасьня апублікавала папярэджаньне пра надзвычайную пажарную небясьпеку на большай частцы тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Берасьцейскай абласьцей, фактары небясьпекі — узьнікненьне пажараў у прыродных экасыстэмах, распаўсюджваньне агню на населеныя пункты, лініі ЛЭП і сувязі.
Берасьцейскае абласное ўпраўленьне МНС пра ўзгараньні ў прыродных экасыстэмах ў ранішняй зводцы 12 верасьня не паведамляе. Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога ўпраўленьня МНС, ратавальнікі за мінулыя суткі сем разоў выяжджалі на тушэньне сухой расліннасьці, а таксама патушылі адзін лясны пажар у Бабруйскім раёне.
- За 10 верасьня супрацоўнікі МНС зьліквідавалі 56 пажараў у прыродных экасыстэмах (6 лясных, 3 тарфяныя, 47 пажары травы і хмызьняку).
- За 9 верасьня супрацоўнікі МНС зьліквідавалі 94 пажары ў прыродных экасыстэмах (16 лясных, 5 тарфяных, 73 пажары травы і кустоўя).
- За 8 верасьня ў беларускіх лясах зьліквідавалі 16 лясных пажараў, а таксама 5 пажараў тарфянікаў і 73 пажары травы і хмызьняку.
- За мінулы тыдзень дзяржаўная лясная ахова зьліквідавала 55 лясных пажараў — гэта антырэкорд пажаранебясьпечнага сэзону.
- Агулам з пачатку 2024 году на тэрыторыі Беларусі адбылося 4 314 пажараў (за аналягічны леташні пэрыяд — 4 056; рост на 6,4%), на якіх загінулі 346 чалавек (311; рост у 11,3%).
Форум