Маштабны лясны пажар на Альманскіх балотах, які пачаўся ўдзень 9 верасьня, патушылі, паведаміла ўвечары 10 жніўня ў МНС Беларусі. Міністэрства лясной гаспадаркі адсправаздачылася пра ліквідацыю пажару на балоце Ельня.
Тушэньнем пажару на Альманскіх балотах агульнай плошчай звыш 50 га (у балоцістай мясцовасьці каля вёскі Старына Столінскага раёну) займаліся 109 работнікаў дзяржаўнай лясной аховы Палескага, Лунінецкага, Івацэвіцкага досьледнага, Целяханскага і Столінскага лясгасаў Берасьцейскай вобласьці, а таксама 19 работнікаў МНС. Для тушэньня пажару задзейнічалі 29 адзінак тэхнікі. Акрамя гэтага, два верталёты Мі-8 і Мі-17 авіяцыі МНС ажыцьцявілі 92 скіды вады.
Увечары 10 верасьня дзяржаўная лясная ахова зьліквідавала пажар і на балоце Ельня. У тушэньні пажару задзейнічалі каля 120 чалавек, у тым ліку 4 работнікаў МНС, паведаміла Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Раніцай МНС Беларусі зноў апублікавала штармавое папярэджаньне аб тым, што 11-12 верасьня на большай частцы тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Берасьцейскай абласьцей чакаецца надзвычайная пажарная небясьпека (5 кляса). Фактары небясьпекі, паводле МНС, узьнікненьне пажараў у прыродных экасыстэмах, распаўсюджваньне агню на населеныя пункты, лініі ЛЭП і сувязі.
У Міністэрстве лясной гаспадаркі раней адзначалі, гаворачы пра бягучыя лясныя пажары, што ўсе яны зафіксаваныя ў ягадных месцах.
«Цяпер — сэзон збору журавін. Але, нягледзячы на забарону на наведваньне лясоў, грамадзяне сьвядома ідуць на злачынства, пазбаўляючы сябе і будучыя пакаленьні ня толькі ягад, але і багатага лесу», — падкрэсьлілі ў Мінлясгасе.
Напярэдадні лесьнікі выказвалі вэрсію, што пажар на Альманскіх балотах мог пачацца з прычыны неасьцярожнага абыходжаньня з агнём.
Альманскія балоты — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане (не пацярпелі ад мэліярацыі). Яны займаюць 94 тысячы гектараў, маюць статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня з 2001 году і ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй.
- За 9 верасьня супрацоўнікі МНС ліквідавалі 94 пажары ў прыродных экасыстэмах (16 лясных, 5 тарфяных, 73 пажары травы і кустоўя).
- За 8 верасьня ў беларускіх лясах зьліквідавалі 16 лясных пажараў, а таксама 5 пажараў тарфянікаў і 73 пажары травы і кустоў.
- За мінулы тыдзень дзяржаўная лясная сахова зьліквідавала 55 лясных пажараў — гэта антырэкорд пажаранебясьпечнага сэзону.
- Агулам з пачатку 2024 году на тэрыторыі Беларусі адбылося 4 314 пажараў (за аналягічны леташні пэрыяд — 4 056; рост на 6,4%), на якіх загінулі 346 чалавек (311; рост у 11,3%).
Форум