Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Менску скардзяцца на смог. У Белгідрамэце расказалі, калі чакаць паляпшэньня сытуацыі


Смог, ілюстрацыйнае фота
Смог, ілюстрацыйнае фота

У Менску ў паветры працягвае адчувацца пах гару і прыкметная смуга. У Белгідрамэце кажуць, што асноўная прычына — перанос дыму ад пажараў у экасыстэмах.

Паводле спэцыялістаў, ужо скора месцамі па краіне пройдуць дажджы, якія павінны хаця б часткова выправіць сытуацыю, піша БелТА.

У Белгідрамэце адзначылі, што пастаянна праводзяць маніторынг стану атмасфэрнага паветра і публікуюць адпаведную інфармацыю ў адкрытым доступе.

«Паводле зьвестак бесьперапынных вымярэньняў на аўтаматычных станцыях перавышэньняў гранічна дапушчальных канцэнтрацыяў забруджвальных рэчываў у атмасфэрным паветры ў Менску 11 верасьня не зафіксавана, — паведамілі спэцыялісты Белагідрамэту. — Асноўнай прычынай паху гару ў населеных пунктах краіны можа зьяўляцца перанос дыму пажараў у экасыстэмах (лясныя пажары, узгараньне хмызьняку і інш.)».

У ведамстве зьвярнулі ўвагу, што ў Беларусі з пачатку каляндарнай восені трымаецца антыцыклянальны характар надвор’я. Паветраныя патокі з поўдня, паўднёвага ўсходу выносяць у краіну сухое і цёплае паветра.

«Так, за першую дэкаду верасьня месцамі, а па Гомельскай, Магілёўскай, паўднёвым усходзе Берасьцейскай вобласьці ў многіх раёнах ападкаў практычна не было. Там адзначаецца небясьпечная зьява — надзвычайная пажарная небясьпека. У Менску з пачатку верасьня выпаў толькі 1% ад дэкаднай нормы ападкаў. Адсутнасьць зон ападкаў, якія маглі б асаджваць завіслыя часьцінкі пылу і гару, і пры наяўнасьці гару ад узгараньняў (асабліва па паўднёвым усходзе краіны), паўднёва-ўсходнімі вятрамі выносіцца ўглыб краіны», — патлумачылі ў Белгідрамэце.

Паводле спэцыялістаў, спыніцца такая сытуацыя з праходжаньнем умераных і моцных дажджоў па ўсёй Беларусі, якія чакаюцца ўжо 12 верасьня. Паводле сыноптыкаў, удзень 12 верасьня на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца дажджы, у асобных раёнах — навальніцы і моцныя дажджы. Тэмпэратура паветра складзе +18 +24°С, па ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі +25+28°С.

«У найбліжэйшыя дні франтальныя падзелы, уплыў якіх чакаецца ўжо ў чацьвер і пятніцу, крыху палепшаць сытуацыю ў краіне. Аднак па шэрагу раёнаў (асабліва па ўсходзе краіны) будзе назірацца дэфіцыт ападкаў, а значыць, пажарная небясьпека захаваецца», — адзначылі ў Белгідрамэце.

МНС Беларусі 12 верасьня апублікавала папярэджаньне пра надзвычайную пажарную небясьпеку на большай частцы тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Берасьцейскай абласьцей, фактары небясьпекі — узьнікненьне пажараў у прыродных экасыстэмах, распаўсюджваньне агню на населеныя пункты, лініі ЛЭП і сувязі.

  • За 10 верасьня супрацоўнікі МНС зьліквідавалі 56 пажараў у прыродных экасыстэмах (6 лясных, 3 тарфяныя, 47 пажары травы і хмызьняку).
  • За 9 верасьня супрацоўнікі МНС зьліквідавалі 94 пажары ў прыродных экасыстэмах (16 лясных, 5 тарфяных, 73 пажары травы і кустоўя).
  • За 8 верасьня ў беларускіх лясах зьліквідавалі 16 лясных пажараў, а таксама 5 пажараў тарфянікаў і 73 пажары травы і хмызьняку.
  • За мінулы тыдзень дзяржаўная лясная ахова зьліквідавала 55 лясных пажараў — гэта антырэкорд пажаранебясьпечнага сэзону.
  • Агулам з пачатку 2024 году на тэрыторыі Беларусі адбылося 4 314 пажараў (за аналягічны леташні пэрыяд — 4 056; рост на 6,4%), на якіх загінулі 346 чалавек (311; рост у 11,3%).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG