Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 15 гадоў калёніі. Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў прысуды ў справе ініцыятывы «Буслы ляцяць»


Фігуранты справы «Буслы ляцяць»
Фігуранты справы «Буслы ляцяць»

Прысуд у справе шасьці актывістаў ініцыятывы «Буслы ляцяць» пакінуты бязь зьменаў і набыў законную сілу, паведамілі БелТА у прэс-службе Вярхоўнага суду па выніках разгляду апэляцыйнай скаргі 28 лютага.

«Довады скаргаў прызнаныя неабгрунтаванымі і пакінутыя без задавальненьня», — заявіў пракурор Аляксандар Дзямідаў, які ўдзельнічаў у пасяджэньні суду апэляцыйнай інстанцыі.

28 верасьня 2022 году Менскі гарадзкі суд пакараў зьняволеньнем фігурантаў гэтай справы: Аляксею Іванісаву прысудзілі 14 гадоў калёніі і штраф у 500 базавых, Аляксею Гамезу — 14,5 года калёніі і штраф у 500 базавых, Мікалаю Біблісу — 8,5 года калёніі і штраф у 300 базавых, Андрэю Будаю — 15 гадоў калёніі і штраф у 500 базавых, Аляксандру Мураўёву і Аляксандру Сідарэнку — па 12 гадоў калёніі кожнаму.

Іх судзілі агулам паводле шасьці крымінальных артыкулаў, пачынаючы з «распальваньня варожасьці» і заканчваючы «ўдзелам у арганізацыі, створанай для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці». Судзьдзя Анастасія Папко прызнала ўсіх вінаватымі. Працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, працягваўся з канца траўня.

Асуджаныя актывісты групы «Буслы ляцяць» прызнаныя палітвязьнямі.

Група «Буслы ляцяць» — частка нефармальнага аб’яднаньня «Супраціў», якое ўлады прызналі «тэрарыстычным».

Пра фігурантаў справы групоўкі «Буслы ляцяць» вядома няшмат. Ніхто з шасьці асуджаных да падзей 2020 году ня быў заўважаны сярод палітычных і грамадзкіх актывістаў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яны нават не былі знаёмыя паміж сабой да восені 2020 году. Самаму старэйшаму зь фігурантаў справы, Аляксею Іванісаву, 54 гады. Самаму малодшаму, Аляксандру Сідарэнку, 29.

Як мінімум адзін з асуджаных, Мікалай Бібліс, удзельнічаў у пратэстах 2020 году. 16 ліпеня яго затрымалі і пабілі сілавікі пасьля спробы падаць скаргу на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі ў ЦВК. Мікалай тады моцна пацярпеў, яму выбілі зуб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG