Адзін з раённых судоў Ровенскай вобласьці аштрафаваў групу жыхароў памежных зь Беларусьсю населеных пунктаў за незаконнае перасячэньне мяжы для збору журавін на беларускай тэрыторыі.
Як адзначаецца ў судовым рашэньні, якое ў сваім распараджэньні мае Свабода, сярод затрыманых пры незаконным перасячэньні мяжы быў вучань 11 клясы Драздыньскага ліцэю (ад горада Драздынь, што знаходзіцца ў Сарненскім раёне Ровенскай вобласьці, да Беларусі ўсяго 1,5 кілямэтра. — РС).
На судовым пасяджэньні падлетак паведаміў, што па журавіны з суседам ён пайшоў з дазволу бацькоў. Ён быў упэўнены, што «ягады зьбіраюць на тэрыторыі Ўкраіны, бо сусед ведае мясцовасьць».
Ягоная маці пацьвердзіла, што дазволіла сыну пайсьці ў журавіны, бо той хацеў мець свае кішэнныя грошы. Яна таксама была ўпэўненая, што сусед з сынам зьбіралі ягады на тэрыторыі Ўкраіны.
Суд улічыў усе абставіны справы і вынес ліцэісту папярэджаньне. Усе іншыя затрыманыя пасьля збору ягад на беларускай тэрыторыі атрымалі максымальны штраф — 8500 грыўняў (крыху больш як 200 даляраў у эквіваленце. — РС).
Што папярэднічала
Да расейскай вайны ва Ўкраіне, калі Беларусь дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю для абстрэлаў украінскіх населеных пунктаў, памежнікі дзьвюх краін штогод дамаўляліся аб арганізацыі спрошчаных пунктаў пропуску для грамадзян Украіны для збору лясных грыбоў і ягад на тэрыторыі беларускага ляндшафтнага заказьніка «Альманскія балоты».
Сэзонны спрошчаны доступ украінцаў на тэрыторыю Беларусі дзейнічаў у два пэрыяды — з 1 ліпеня да 10 жніўня і з 1 верасьня да 15 лістапада. Спрошчаны парадак дзейнічаў штодня ад шостай ранку да дзясятай гадзіны вечара ўлетку і ад 8:00 да 20:00 увосень у трох часовых пунктах — «Драздынь», «Бярозавае» і «Познань» — з абавязковым вяртаньнем на тэрыторыю Ўкраіны ў дзень перасячэньня дзяржаўнай мяжы.
Пры гэтым грамадзяне маглі перасякаць мяжу толькі пешшу або на ровары. І галоўнае — апроч пашпарта і дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць пражываньне ў памежных вёсках, украінцы павінны былі атрымліваць адмысловы пропуск памежнай службы Беларусі ды імянную квітанцыю аб аплаце за наведваньне рэспубліканскага ляндшафтнага заказьніку «Альманскія балоты» цягам сэзону. Кошт такіх дазволаў на сэзон складаў крыху больш за 100 даляраў у эквіваленце.
Разам з тым кожны год памежнікі рэгістравалі вялікую колькасьць парушэньняў спрошчанага памежнага рэжыму.
У чэрвені 2022 году, калі Расея ўжо паўгода вяла вайну на тэрыторыі Ўкраіны, Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў аб аднабаковым адкрыцьці малых памежных пунктаў. Ва Ўкраіне назвалі такое рашэньне правакацыяй і заклікалі ўкраінцаў адмовіцца ад наведваньня беларускіх лясоў для збору ягад.
«Паколькі Беларусь падтрымлівае расейскую агрэсію супраць нашай краіны, бясьпека нашых грамадзян на тэрыторыі памежнай краіны застаецца пад вялікім пытаньнем. Я прашу жыхароў памежжа сьвядома і ўзважана ставіцца да гэтага. Часовыя месцы для пропуску грамадзян на гэтым кірунку ня будуць функцыянаваць, і пропуск нашых грамадзян на тэрыторыю Беларусі ня будзе ажыцьцяўляцца», — заявіў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 23 чэрвеня 2022 году на брыфінгу ў Кіеве.
Памежжа замінавалі, але не паўсюль
Да студзеня 2023 году ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны замінавалі ўвесь памежны пэрымэтар зь Беларусьсю, апроч балотных участкаў — агульнай працягласьцю 229 кілямэтраў.
«У нашым рэгіёне ўвесь памежны пэрымэтр замінаваны. Да таго ж поўнач Ровенскай вобласьці — гэта цалкам лясы і балоты. Толькі вар’ят адважыцца лезьці ў гэты, як мы завём, Палескі кацёл. Поўнач Роўненшчыны стане крывавым балотам, калі Расея адкрые яшчэ адзін фронт з боку Беларусі», — заявіў у пачатку 2023 году тагачасны кіраўнік Ровенскай вобласьці Віталь Коваль.
У канцы 2023 году шчыльнасьць усталяваных мін на памежнай з Расеяй і Беларусьсю тэрыторыі з чэрвеня 2022 году павялічылі ў 16 разоў і паставілі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін.
Украіна працягвае ўмацоўваць свае межы ў беларускім кірунку, ствараючы шматузроўневыя лініі абароны з інжынэрнымі фартыфікацыямі, супрацьтанкавымі равамі і мінна-выбуховымі загародамі.
Форум