Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не ад дабра украінцы ідуць на беларускае балота...”


У Беларусі сёлета ўзмацніўся адміністрацыйны ціск на гастарбайтэраў з Украіны. Наймальнікі мусяць касаваць зь імі ранейшыя дамоўленасьці, бо падатковая служба патрабуе сплачваць падаткі за выкарыстаньне замежнай працоўнай сілы. Акрамя таго, украінцы скардзяцца на больш жорсткія працэдуры мытна-памежнага догляду.

БЕЛАРУСКАЕ ПАЛЕСЬСЕ


Паводле апэратыўных зьвестак Камітэту памежных войскаў Беларусі, сёлета на Гомельшчыне і Берасьцейшчыне затрымалі больш як 2300 жыхароў Украіны. Усіх іх абвінавацілі ў тым, што зьбіралі ў чужым лесе грыбы, ягады, а на балоце — журавіны.

У інспэкцыі па ахове навакольля Столінскага раёну спэцыялісты патлумачылі, што ў журавіны на былы савецкі палігон наведваюцца пераважна землякі. У 1960-я іх сем’і былі выселеныя адсюль ва Украіну пад прымусам.
Яны ідуць туды, дзе ўсё было нажыта іх роднымі.


“Яны ідуць туды, дзе ўсё было нажыта іх роднымі. Перад школай ідуць і вось зараз таксама. Каб дзяцей апрануць, каб накарміць іх. Разумееце? Не ад дабра ж яны ідуць у гэтае балота”, — паведаміла інспэктарка Галіна.

Таксама суразмоўніца “Свабоды” цьвердзіць, што Беларусі ня варта прыраўноўваць зьбіральнікаў журавін да злосных парушальнікаў мяжы:

“Шкада, калі ў іх адбіраюць гэтыя ягады. Тым больш што аніякай шкоды яны ня робяць. Праўда? Зьбіраюць журавіны, калі аптымальныя тэрміны настаюць”.

Паводле перапісу насельніцтва 1999 году, у Беларусі пражывае 237 тысяч украінцаў, альбо 2,4 працэнта ад усяго насельніцтва краіны. Як лічыць начальнік аддзелу Берасьцейскага статыстычнага ўпраўленьня Зоя Пятруковіч, колькасьць украінцаў не павялічваецца:

Паводле перапісу насельніцтва 1999 году, у Беларусі пражывае 237 тысяч украінцаў.


“Ад аднаго перапісу да другога колькасьць людзей, якія жывуць у Беларусі, але лічаць сябе ўкраінцамі, не павялічваецца. Вялікай розьніцы не назіраецца. Працэнт практычна аднолькавы”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У больш аддаленых ад мяжы з Украінай беларускіх рэгіёнах цяпер назіраецца адток украінцаў. Пра прычыны — Андрэй Белагубаў.

Раней украінскія гастарбайтэры дапамагалі калгасам упраўляцца з уборкай ураджаю. Шмат украінцаў было й на магілёўскіх базарах. Хадавым таварам было сала й мяккія цацкі. Цяпер гэтага няма.
Адносіны з Украінай манапалізавала наша ўладная вярхушка.

Магілёўскі палітык Аляксандар Сілкоў тры гады вучыўся ў Данецкім дзяржаўным унівэрсытэце кіраваньня. Ён цьвердзіць, што ўкраінцы памалу страчваюць цікавасьць да Беларусі:

“На жаль, адносіны манапалізавала наша ўладная вярхушка. Адносіны гарызантальнага роўню цалкам адсутнічаюць. Калі сустракаесься з украінскімі палітыкамі ці бізнэсоўцамі, шмат хто зь іх перастаў глядзець на Беларусь як на сфэру сваіх інтарэсаў. Было некалькі няўдалых спробаў ва ўкраінскіх бізнэсоўцаў, і пасьля гэтага яны перасталі сюды езьдзіць. Мы, беларусы, уяўляем Украіну як суцэльнае бязладзьдзе й вэрхал. Для таго каб наладжваць адносіны, трэба сустракацца”.

Паводле палітыка, украінскі ўзровень адукацыі лепшы, чым у Беларусі, бо ён дапасаваны да рэальных патрэбаў рынкавай эканомікі. Гэты досьвед, цьвердзіць Сілкоў, варта нам пераймаць.

Кіраўнік культурна-асьветніцкага аб’яднаньня ўкраінцаў у Магілёве “Дніпро” Генадзь Гузій лічыць:

“Народы падзяліць палітыкам не ўдалося, таму жыцьцё само на месца ўсё ставіць. І палітыкі разумеюць урэшце, што трэба разам жыць і сябраваць. І перасяляюцца сюды з Украіны. Вось, напрыклад, пляменьнік да мяне прыехаў. І ўжо тут ажаніўся. Від на жыхарства атрымаў. Усё ў парадку”.

Колькі ўкраінцаў за апошні час прыехала на жыхарства на Магілёўшчыну, высьветліць не ўдалося. Вядома, аднак, што за першыя шэсьць сёлетніх месяцаў з рэгіёну агулам зьехала больш за чатыры тысячы чалавек, а прыехала — каля трох.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У Кобрынскім раёне на Берасьцейшчыне раней украінцы прыяжджалі на праполку цукровых буракоў, укладку асфальту і ўборку збожжа. Тамтэйшы жыхар Адам Войцік расказвае, чаму кіраўнікі заваблівалі наймітаў:

“Напрыклад, украінцы полюць цукровыя буракі. Старшыня абяцае заплаціць адзін мільён рублёў, але папярэджвае, што 500 тысяч трэба аддаць яму. І гэта хабарнік тлумачыць, што паводле расцэнкі, якая існуе, украінцы могуць не зарабіць і 300 тысяч”.
Было б правільна браць маладых працаўнікоў і хутка даваць грамадзянства.


Суразмоўца “Свабоды” — дасьведчаны аграрнік. Ён прапаноўвае шырэй выкарыстоўваць дапамогу ўкраінцаў:

“Было б правільна з палітычнага пункту гледжаньня ставіцца да маладых працаўнікоў з Украіны прыязна й хутка даваць грамадзянства. Сур’ёзныя й працавітыя людзі да нас прыяжджаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG