Злоснае непадпарадкаваньне
Да 2020 году ў Беларусі паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі) судзілі толькі дваіх палітзьняволеных. У 2012 годзе — Зьмітра Дашкевіча, і ў 2015 годзе — Мікалая Дзядка.
Цяпер суды паводле 411 артыкула адбываюцца ледзьве ня кожны тыдзень. Праваабаронцам вядомыя ўжо каля 60 прысудаў, некалькі чалавек чакаюць новых працэсаў. Часьцяком пра новы суд палітвязьню паведамляюць у дзень вызваленьня. Ёсьць выпадкі, калі «палітычных» будуць судзіць па 411 артыкуле ўжо трэці раз (Вікторыя Кульша, Паліна Шарэнда) альбо другі (Зьміцер Дашкевіч ды іншыя).
Яшчэ адна схема перасьледу палітзьняволеных прадугледжвае завядзеньне новай справы, пасьля таго як чалавек адбудзе пакараньне. Паводле крыніцаў Свабоды, гэта часьцей адбываецца тады, калі «палітычнаму» прысудзілі невялікі тэрмін. Да прыкладу, так было зь Яўгенам Кладавым з Баранавічаў. Яго затрымалі ў жніўні 2023 году спачатку на 13 сутак, ня выпусьцілі, а ў лістападзе асудзілі на 1 год за лайкі пад карыкатурамі на Лукашэнку. Перад самым выхадам на волю на Кладава завялі крымінальную справу па новых артыкулах — «масавыя беспарадкі» (293 КК), «распальваньне варожасьці» (130 КК) і «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» (361 КК). Цяпер Яўгену Кладаву можа пагражаць да 12 гадоў зьняволеньня.
Зьмітру Дашкевічу за кратамі пагражае ўжо другі запар тэрмін за непадпарадкаваньне адміністрацыі.
«Вось-вось на мяне завядуць новую справу»
Мікалай (імя былога палітвязьня зьмененае, у Беларусі ў яго застаюцца бацькі. — РС) вызваліўся з калёніі ўвесну 2024 году, цалкам адбыўшы прысуджаныя яму 3 гады (яго асудзілі паводле артыкула 342 — арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх). У размове са Свабодай ён прызнаецца, што перад вызваленьнем адміністрацыя калёніі яго запалохвала. Маўляў, доўга на волі ён не затрымаецца, хутка вернецца назад.
Мікалай непакоіўся, што яго адразу перазатрымаюць каля КПП калёніі, пра такія такія прыклады ён чуў. Але гэтага не адбылося, былы зьняволены прыехаў да бацькоў у райцэнтар. Там у Мікалая не было прапіскі, да затрыманьня ён жыў і быў зарэгістраваны ў іншым горадзе, дзе меў бізнэс. Трэба было ісьці ў міліцыю прапісвацца, а таксама цягам трох дзён неабходна было стаць на ўлік.
«Я не пасьпеў — раніцай на другі дзень пасьля вызваленьня да бацькоў прыйшлі. Размаўлялі зь імі груба: „Дзе ваш крымінальнік?“ Я выйшаў з пакоя. Кажу: „Давайце спакойна пагаворым, я нікуды ўцякаць не зьбіраюся, буду тут працаваць, дапамагаць бацькам — яны і так столькі здароўя і грошай на мяне патрацілі“. Размовы не атрымалася. Загадалі ехаць у міліцыю, тэрмінова станавіцца на ўлік», — кажа Мікалай.
Па словах суразмоўцы, міліцыянты ледзьве ня кожны дзень прыходзілі з праверкамі, запэўнілі, што на працу крымінальніка нікуды ня возьмуць. Загадалі таксама наведваць прафіляктычныя размовы. Папярэдзілі, што выезд за мяжу яму забаронены.
«Пачалі ўначы прыходзіць, у літаральным сэнсе абнюхваць, ці ня п’яны. Я на ўчастку пачаў узводзіць цяпліцы — была вясна, жыць за штосьці трэба. Прыгразілі, што разбураць. Маўляў незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць. Ды ўва ўсіх суседзяў парнікі каля дому! Адкрыта пагражалі, што вось-вось на мяне завядуць новую справу — ужо «рыюць пад мяне», — расказвае былы зьняволены.
Па яго словах, першымі празь месяц ня вытрымалі бацькі. Сказалі, што яшчэ адной яго пасадкі не перажывуць.
«Доўга вагаўся, бо на бацьках-пэнсіянэрах яшчэ і брат-інвалід. Мне і так было сорамна, колькі яны на мяне патрацілі, возячы перадачы ў калёнію. Празь месяц адважыўся, зьвярнуўся ў BySol, і яны дапамаглі мне выехаць зь Беларусі», — расказаў хлопец.
Мікалай кажа, што да бацькоў дагэтуль прыходзяць міліцыянты, пытаюцца, дзе сын. Просяць перадаць, каб вярнуўся, запалохваючы, што абвесьцяць у міжнародны вышук і ўсё адно знойдуць і дэпартуюць у Беларусь.
Свабода таксама расказвала пра былога палітвязьня Арцёма Мядзьведзкага, які пасьля вызваленьня з калёніі заставаўся ў Беларусі. Яго выклікалі ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў — нібыта за данаты
Сьледчы заявіў, што прэтэнзіі ў органаў да Арцёма зьвязаныя зь пераводам 15 рублёў сябру, якога разам зь Мядзьведзкім прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці за валун, які хлопцы выкацілі на дарогу ў Менску ў 2020 годзе.
«Сьледчы пачаў на мяне казаць, што вы, напэўна, зноў нешта задумалі. Напэўна, нейкую палітычную дзейнасьць пачынаеце. Для чаго ты яму скідаў 15 рублёў? Я нават ня памятаў пра тыя 15 рублёў. Пачаў пытацца — дзе жыве сябра той, дзе працуе. Я разумею, што гэта ўсё дзіўна. Ён яшчэ пачаў мне пагражаць,— расказаў Свабодзе Мядзьведзкі.
Хлопец пасьля выхаду на волю ўжо начытаўся гісторый, што можа пагражаць за данаты, і вырашыў зьяжджаць зь Беларусі.
«Гаворка ідзе не пра закон»
Юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill, якая папрасіла не называць яе імя зь меркаваньняў бясьпекі, кажа, што ўлады могуць бясконца асуджаць людзей, якія ім не даспадобы, нават калі тыя цалкам адбылі пакараньне: інкрымінаваць новыя эпізоды, іншыя артыкулы.
«Тут гаворка ідзе не пра закон, а пра палітычны перасьлед. Дапусьцім, чалавека пасадзілі за ўдзел у маршы 16 жніўня. Ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці па 342 артыкуле, атрымаў, да прыкладу, 3 гады і адбыў пакараньне. А сьледчыя знайшлі, што ён удзельнічаў яшчэ і ў маршы 23 жніўня, альбо 20 верасьня, 18 кастрычніка, ці ў іншую дату — акцый жа ў 2020 годзе было шмат. І заводзяць новую справу. Калі ўлады захочуць, то падставу для перасьледу заўсёды знойдуць», — кажа юрыстка міжнароднай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill.
Святлана Галаўнёва, юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна», таксама пацьвярджае, што гэта даволі распаўсюджаная сытуацыя, калі палітвязьняў, якія ўжо адбылі свой тэрмін пакараньня, працягваюць перасьледаваць, на іх зноў ціснуць.
У кожным штомесячным аглядзе сытуацыі з правамі чалавека «Вясна»засяроджвае ўвагу на перазатрыманьнях ці новым крымінальным перасьледзе палітвязьняў
«На волі палітычных адразу ставяць на прафіляктычны ўлік, што азначае пэўны кантроль з боку праваахоўных органаў, як мінімум выклікі на прафіляктычныя гутаркі. Звычайна таксама абмяжоўваецца права выезду з краіны. Больш жорсткая мера кантролю — прэвэнтыўны нагляд, гэта, па сутнасьці, хатні арышт. Практыкуецца таксама з боку КДБ схіленьне былых палітвязьняў да супрацоўніцтва. Пра такі выпадак, напрыклад, расказвала Алана Гебрэмарыям.
Часта былых палітвязьняў зноў затрымліваюць і на іх зноў заводзяць крымінальныя справы. Напрыклад, Сяргей Дзяцук, ужо адбыўшы свой тэрмін, быў зноўку затрыманы па абвінавачаньні ў злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі», — прыводзіць канкрэтныя прыклады праваабаронца.
Да таго ж на палітвязьняў, уключаных у пералік тэрарыстаў, накладаюцца фінансавыя абмежаваньні, якія дзейнічаюць і пасьля вызваленьня. Гэта асаблівы фінансавы нагляд, то бок усе банкаўскія апэрацыі магчымыя толькі з дазволу Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў МУС.
Некаторыя абмежаваньні і формы кантролю павінны скасоўвацца са сканчэньнем тэрміну судзімасьці. Але, як паказвае практыка, улады могуць ціснуць на чалавека бясконца — гэтаму спрыяюць і пэўныя заканадаўчыя падмуркі, і замацаваная практыка свавольства, падсумоўвае юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.
Форум