Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ў справе ініцыятывы INeedHelpBY судзяць жонку былога палітвязьня Максіма Сергеенкі Алесю


Суд у Магілёве, архіўнае фота
Суд у Магілёве, архіўнае фота

Алеся Сергеенка, пакуль чакала мужа з турмы, навучылася даглядаць машыну. Муж выйшаў на волю празь месяц пасьля яе арышту.

З 22 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе разглядаецца справа Алесі Сергеенкі, якую затрымалі ў студзені ў справе ініцыятывы INeedHelpBY.

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што жанчыну судзяць паводле частак 1 і 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). За гэта ёй пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Алесе Сергеенцы 40 гадоў, яна маці дваіх непаўналетніх дзяцей, 3 і 16 гадоў.

Муж Алесі, кіроўца машыны хуткай дапамогі ў Магілёве Максім Сергеенка ўвесну 2021 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня ў гучнай «справе аб ляльках», якіх суд ацаніў як зьнявагу высокапастаўленых чыноўнікаў і Лукашэнкі.

Справа была заведзеная ўвосень 2020 году пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце здымкаў лялек з тварамі высокапастаўленых дзяржаўных асобаў і надпісамі ў іх адрас. Усяго шэсьць лялек было разьмешчаныя на дарогах каля вёсак Вільчыцы і Любуж Магілёўскага раёну. Па выніках справы зьняволеньня прысудзілі тром чалавекам, уключна з Максімам Сергеенкам.

Алеся Сергеенка ўсяго месяц не дачакалася выхаду мужа з калёніі – яе затрымалі сёлета ў студзені ў ходзе рэйду КДБ супраць тых, хто атрымліваў харчовую дапамогу і сам дапамагаў сем’ям палітвязьняў. Паводле магілёўскага філіялу «Вясны» Mayday.team, 21 лютага суд Кастрычніцкага раёну Магілёва разгледзеў адміністрацыйную справу Алесі Сергеенкі ў межах дэкрэту №7 Аляксандра Лукашэнкі «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе», але вынікі суду праваабаронцам невядомыя.

У 2021 годзе, пакуль Максіма Сергеенку судзілі ў Круглянскім раённым судзе, ягоная жонка Алеся з малым дзіцём на руках часта прыяжджала разам з мужам у суд на працэс. З апошняга паседжаньня Максім не вярнуўся, прысуд у 3 гады зьняволеньня спачатку жанчыну агаломшыў, але потым яна ўзяла сябе ў рукі.

«Падумала, як жыць далей, сабралася і пачысьціла каналізацыю, замяніла ахаладжальную вадкасьць і аліву ў машыне. Я заўсёды была ў Максіма асыстэнтам і багата чаму навучылася. Нехта скажа, напэўна, што гэта ня так складана. Не, не складана, калі ты любіш свайго мужа і бачыш сваю будучыню толькі зь ім. У нас усё яшчэ будзе», – казала Алеся Сергеенка для Mspring.media ў час, калі чакала мужу з калёніі.

У «Вясьне» Свабодзе пацьвердзілі, што Максім Сергеенка ў лютым выйшаў на волю, але зьвестак пра тое, хто цяпер даглядае дзяцей сямейнай пары, у праваабаронцаў няма.

Алеся Сергеенка прызнаная беларускімі праваабаронцамі палітзьняволенай.

Працэс над Алесяй вядзе судзьдзя Ірына Ланчава.

23 студзеня па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні і ператрусы. Яны закранулі ў асноўным сваякоў палітвязьняў, якія атрымлівалі дапамогу, і людзей, якія дапамагалі.

Пасьля арыштаў адбыліся дзясяткі адміністрацыных судоў. Прынамсі ў некалькіх выпадках сілавікі завялі крымінальныя справы за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-2 Крымінальнага кодэксу).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG