Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 1 жніўня: экс-палітвязьня будуць судзіць паводле 5 артыкулаў, супраць добраахвотніка Кулажэнкі распачалі спэцвядзеньне


Берасьцейскі абласны суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Берасьцейскі абласны суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Менскага чыгуначніка затрымалі за пратэсты і паведамленьні ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі»

На «пакаяльным» відэа сілавікоў мужчына кажа, што 15 гадоў працуе на чыгунцы на пасадзе брыгадзіра дыстанцыі і што ў 2020 годзе тры разы хадзіў на маршы пратэсту. Таксама ён нібыта дасылаў фота і паведамленьні ў «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у тым ліку ў бот «Чорнай кнігі Беларусі».

Паводле інфармацыі «Медиазоны», затрыманага завуць Аляксандар Рымашэўскі.

Былога палітвязьня з Баранавічаў зноў будуць судзіць. Яму пагражае да 12 гадоў калёніі

Суд над былым палітвязьнем Віталём Коршунам пачнецца 13 жніўня ў Берасьцейскім абласным судзе, паведамляе «Вясна».

Яму закідаюць ажно пяць палітычных артыкулаў:

  • «Паклёп на прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэксу),
  • «Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК),
  • «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК),
  • «Заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361),
  • «Распальваньне варожасьці або звады» (ч. 1 арт. 130 КК).

Палітвязьню пагражае да 12 гадоў калёніі.

Судзіць яго будзе Сьвятлана Крамянеўская, піша «Наша ніва».

Віталю Коршуну 37 гадоў. Родам ён з Баранавічаў. Упершыню яго судзілі ў верасьні 2021 году. За год да гэтага ён пакінуў камэнтар пра тое, што трэба шукаць адрас нейкага амапаўца. Па вэрсіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасьля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку мужчыну прысудзілі два месяцы арышту.

Наступным разам Віталя Коршуна затрымалі ў студзені 2024 году.

Супраць добраахвотніка Паўла Кулажэнкі распачалі спэцыяльнае вядзеньне

40-гадоваму Паўлу Кулажэнку інкрымінуюць 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасьці такой арганізацыі», паведамляе «Вясна». Добраахвотніка зьбіраюцца судзіць завочна. Яго запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсьці ва Ўпраўленьне Сьледчага камітэту.

Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі ў дачыненьні да былога вайскоўца Віталя Пацехіна — яму інкрымінаваныя чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG