Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць Ігара Мельнікава, які дасьледаваў гісторыю Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы


Гісторык Ігар Мельнікаў, архіўнае фота
Гісторык Ігар Мельнікаў, архіўнае фота

10 верасьня ў судзе Менску распачынаецца працэс над гісторыкам Ігарам Мельнікавым, вядома, што яго абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара Мельнікава палітвязьнем.

Судовы працэс над гісторыкам будзе разглядацца ў Менскім гарадзкім судзе. Яго абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Судзіць Мельнікава будзе судзьдзя Міхаіл Макарэвіч, піша «Вясна». Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Як вынікае з артыкулу дзяржаўнага выданьня «СБ», Мельнікава судзяць за інтэрвію неназванаму незалежнаму СМІ.

«Ігар Мельнікаў у 2022 годзе па матывах нацыянальнай варожасьці і варажнечы, а таксама палітычнай і ідэалагічнай варожасьці, загадзя ведаючы пра экстрэмісцкую дзейнасьць удзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурсу, у мэтах разьвіцьця і папулярызацыі мэдыя такой накіраванасьці і ўключэньня щ такую дзейнасьць большай колькасьці грамадзян, даў ім інтэрвію», — цытуе «СБ» абвінавачаньне. Паводле выданьня, Мельнікаў цалкам прызнаў абвінавачаньне.

Ігару Мельнікаву 44 гады, ён вядомы спэцыяліст у гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы міжваеннага пэрыяду і ў часы Другой сусьветнай вайны. Мельнікаў вучыўся ў Менску, Маскве і Варшаве, ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце Польшчы атрымаў ступень доктара навук.

Як гісторык Ігар Мельнікаў супрацоўнічаў з шэрагам беларускіх выданьняў, а таксама арганізоўваў выставы на гістарычныя тэмы, у тым ліку ў 2016 годзе правёў выставу пра беларусаў, якія служылі ў Войску Польскім, у 2019 годзе — выставу «Мяжа была пад Менскам» пра савецка-польскую мяжу да 1939 году.

У 2017 годзе Ігар Мельнікаў пад назвай «Адысэя палешука» выдаў мэмуары беларускага жаўнера Арміі Андэрса Паўла Нічыпарука, сярод аматараў гісторыі таксама карыстаюцца попытам ягоныя кнігі «Забытыя героі. Жаўнеры зь Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе», «Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг.» ды іншыя.

Вядома таксама, што дасьледчык працаваў над манаграфіяй «Лінія Пілсудзкага. Спыніць чырвоны бліцкрыг. Гісторыя польскіх доўгатэрміновых умацаваньняў на мяжы з БССР у 30-я гады ХХ ст.», якую рыхтаваў для выданьня на польскай мове.

На сайце «Вясны» затрыманьне Ігара Мельнікава пазначанае 21 студзеня 2024 году — днём, калі Мельнікаў быў апошні раз актыўны ў Instagram.

Праз два дні, 23-24 студзеня, у Беларусі прайшоў рэйд сілавікоў, падчас якога затрымалі больш за 200 грамадзян, падазраваных у дапамозе палітвязьням альбо ў атрыманьні дапамогі ў межах ініцыятывы INeedHelp. Больш за 20 чалавек, паводле праваабаронцаў, прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. У беларускіх судах цяпер праходзіць адразу некалькі судовых працэсаў у так званых «справах салідарнасьці».

Былы кандытат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што суд над Ігарам Мельнікавым непасрэдна зьвязаны зь ягонай працай як гісторыка:

«Для мяне гэта чарговы этап барацьбы з нашай гісторыяй, якая з пункту гледжаньня ўлады павінна стаць крамлёўскай. Для яе за Бугам могуць быць толькі вечныя ворагі Масквы, а Польшча — найстрашнейшы зь іх. А ўсё, што рабіў Ігар Мельнікаў — гэта з дакладнасьцю да наадварот. Ягоная гісторыя нашых стасункаў з Варшавай ня мае месца ў цяперашняй Беларусі, якую анэксуе Пуцін з прамаскоўскімі прапагандыстамі. Гэта забойства гістарычнай памяці, нічога іншага», — лічыць Аляксандар Мілінкевіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG