Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета прынамсі 126 чалавек атрымалі штрафы за дапамогу палітвязьням і іх сем'ям, 22 чалавекі — пад вартай у СІЗА


З пачатку 2024 году ў Беларусі сама меней 126 чалавек асудзілі за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці» пасьля масавага студзеньскага рэйду сілавікоў па тых, хто дапамагаў палітвязьням, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманьняў 23 студзеня 2024 году стала дапамога сем’ям палітвязьняў з прадуктовымі перадачамі празь Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама дапамога палітвязьням, якія цяпер у няволі. Большасьць з тых, хто патрапіў пад перасьлед, — жанчыны і сваякі палітвязьняў. Частку зь іх асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, на некалькі дзясяткаў чалавек завялі крымінальныя справы.

Так, паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 126 чалавек патрапілі пад судовы адміністрацыйны перасьлед паводле арт. 24.15 КаАП (за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці») з пачатку лютага 2024 году па ўсёй Беларусі. Гэты адміністрацыйны артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўвалі, адзначаюць праваабаронцы, новую рэпрэсіўную практыку сталі актыўна выкарыстоўваць супраць сем’яў палітвязьняў.

Больш за ўсё беларусаў трапілі пад перасьлед паводле гэтага артыкулу ў Менску (22), Берасьці, Магілёве (па 12), Пінску (11), Горадні і Баранавічах (па 7). Ім прызначалі штрафы ў памеры ад 400 да 1 200 рублёў (ад 10 да 30 базавых велічыняў) з канфіскацыяй дапамогі.

Прыкладна супраць 30 чалавек завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязьняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі. Паводле зьвестак «Вясны», сама меней 22 чалавекі цяпер застаюцца пад вартай у СІЗА. Амаль усе — жанчыны, большасьць зь якіх ва ўзросьце больш за 50 гадоў. На іх завялі крымінальныя справы за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, па гэтым артыкуле ім пагражае да сямі гадоў калёніі.

Негледзячы на тое, што людзі дапамагалі палітвязьням па ўласным жаданьні і з уласных грошай, іх абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Сутнасьць абвінавачваньня ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю пра палітвязьняў на рэсурсах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» (гаворка пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый і ініцыятываў).

Крымінальныя справы супраць дзевяці жанчын ужо апынуліся ў судзе — кагосьці ўжо асудзілі, а хтосьці яшчэ чакае суду.

Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сяргеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Натальлю Харытонаву-Крыжэвіч. Жанчынам прызначаюць да трох гадоў калёніі.

  • Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітзьняволеных прадуктовымі наборамі праз інтэрнэт-пляцоўку «Е-дастаўка» сеткі крамаў «Эўраопт» у рамках ініцыятывы «INeedHelpBY» (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем), адбыўся 23 студзеня. У асноўным пацярпелі жанчыны і сваякі палітвязьняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG