Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага сьвятара, забароненага ў служэньні ў Беларусі, прынялі ў клір Сусьветнага Патрыярхату ў ЗША


Пятро Пракапцоў, архіўнае фота
Пятро Пракапцоў, архіўнае фота

Забаронены да служэньня ў Беларусі былы настаяцель прыхода храма Раства Прасьвятой Багародзіцы аграгарадка Прыбыткі Гомельскага раёна протаіерэй Пятро Пракапцоў прыняты ў клір Сусьветнага Патрыярхата ў ЗША,паведаміла ініцыятыва «Хрысьціянская візія».

Ініцыятыва спаслылаецца на агучанае рашэньне Архіепіскапа Амэрыкі Эльпідафора прыняць беларускага сьвятара ў клір грэцкай праваслаўнай архіепіскапіі Амэрыкі.

Протаіерэй Пятро Пракапцоў — былы настаяцель прыходу храма Раства Прасьвятой Багародзіцы аграгарадка Прыбыткі Гомельскага раёна Гомельскай вобласці, які знаходзіцца ў 5 км ад аэрадрома ў Зябраўцы, які расейскія войскі ў 2022 годзе выкарыстоўвалі для авіяўдараў па Ўкраіне.

Да сьвятара шматкроць зьвярталіся расейскія вайскоўцы, якія дысьлякаваліся ў раёне аэрадрома з просьбай асьвячаць баявую тэхніку. Ён катэгарычна адмаўляўся, і каб пазьбегнуць ціску, выехаў на час у пілігрымку ў Сьвята-Духаў манастыр у Вільню.

Арцыбіскуп Гомельскі Стэфан (Нешчарэт) падчас гэтай паездкі пагражаў сьвятару пазбаўленьнем сану, чым прымусіў вярнуцца ў Гомель.

Адразу пасьля вяртаньня Пракапцова выклікалі на размову да архірэя, а пасьля гэтай размовы яму патэлефанавалі з Гомельскага ўпраўленьня КДБ, дзе правялі апытаньне аб прычынах паездкі ў Літву, з кім ён там меў зносіны, як рабіў візу і г.д Пасьля размовы яго прымусілі падпісаць дакумэнт, што яго папярэдзілі пра «недапушчальнасьць супрацьпраўных дзеяньняў, спансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці, перадачы зьвестак, якія ганьбяць палітычны лад і прэзыдэнта Беларусі замежным СМІ, заклікаў да забастовак».

Баючыся далейшага ціску, Пракапцоў быў вымушаны выехаць за мяжу. Пасьля гэтага ён быў забаронены ў служэньні арцыбіскупам Гомельскім Стэфанам.

  • Пасьля 2020 году праз палітычны перасьлед рэжыму Лукашэнкі прайшлі больш за 60 беларускіх сьвятароў. Многіх затрымлівалі за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў», давалі «суткі» або штрафы. На некаторых завялі крымінальныя справы.
  • На 16 гадоў калёніі асудзілі праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча ў «справе Аўтуховіча», разам зь ім асудзілі ягоных жонку і сына. Восем месяцаў застаецца за кратамі цяжка хворы ксёндз Генрых Акалатовіч з Валожына. Яго вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Дэталі справы невядомыя. На ксяндза Дзьмітрыя Прыступу з Баранавічаў завялі крымінальную справу за тое, што ён «пракаціў» на капоце амапаўца ў першыя дні пратэстаў. Прыступа пасьпеў выехаць зь Беларусі.
  • Больш за дзесяць хрысьціянскіх сьвятароў выехалі зь Беларусі праз палітычны перасьлед з 2020 году. Сярод іх ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які 14 гадоў служыў у Паставах і пабудаваў там касьцёл, таксама праваслаўныя сьвятары айцец Георгі Рой і Аляксандар Кухта, якія выйшлі з-пад юрысдыкцыі Масквы і якіх узяў «пад крыло» Канстантынопаль.
  • У Вільні Георгі Рой і Аляксандар Кухта заснавалі беларускую парафію Сусьветнага патрыярхату. Пасьля гэтага Епіскапат Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы аб’явіў, што ім забаронена служыць, паколькі яны «самавольна пакінулі» свае прыходы і выйшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату без адпускных грамат. Напярэдадні ў будынку, у якім знаходзіцца беларускі прыход у Вільні, невядомыя абстралялі вокны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG