Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманаму ксяндзу з Пружанаў Паўлу Ярашэвічу прысудзілі штраф, ён на волі


Павал Ярашэвіч, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Павал Ярашэвіч, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Як даведалася аб’яднаньне вернікаў «Хрысьціянская візія», ксяндза Паўла Ярашэвіча асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за «распаўсюд экстрэмізму» (арт. 19.11 КаАП).

Па выніках суду ксяндзу далі штраф 1200 рублёў і канфіскавалі тэлефон. Пасьля суду яго вызвалілі.

Павал Ярашэвіч быў затрыманы ў пятніцу 16 жніўня, выходныя ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Ксёндз Ярашэвіч — пружанскі дэкан і пробашч мясцовай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Парафія ўваходзіць у Пінскую дыяцэзію.

У ліпені папа Рымскі прызначыў новым біскупам для Беларусі ксяндза, якога год таму затрымлівалі сілавікі. Ім стаў сьвятар зь Ліды, ксёндз Андрэй Зноска, пробашч касьцёла Божае Міласэрнасьці. Апостальская нунцыятура ў Беларусі паведаміла, што ксяндза Андрэя Зноску прызначылі дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. Якраз там служыць ксёндз Ярашэвіч.

  • Пасьля 2020 году праз палітычны перасьлед рэжыму Лукашэнкі прайшлі больш за 60 беларускіх сьвятароў. Многіх затрымлівалі за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў», давалі «суткі» або штрафы. На некаторых завялі крымінальныя справы.
  • На 16 гадоў калёніі асудзілі праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча ў «справе Аўтуховіча», разам зь ім асудзілі ягоных жонку і сына. Восем месяцаў застаецца за кратамі цяжка хворы ксёндз Генрых Акалатовіч з Валожына. Яго вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Дэталі справы невядомыя. На ксяндза Дзьмітрыя Прыступу з Баранавічаў завялі крымінальную справу за тое, што ён «пракаціў» на капоце амапаўца ў першыя дні пратэстаў. Прыступа пасьпеў выехаць зь Беларусі.
  • Больш за дзесяць хрысьціянскіх сьвятароў выехалі зь Беларусі праз палітычны перасьлед з 2020 году. Сярод іх ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які 14 гадоў служыў у Паставах і пабудаваў там касьцёл. Таксама праваслаўныя сьвятары айцец Георгі Рой і Аляксандар Кухта, якія выйшлі з-пад юрысдыкцыі Масквы і якіх узяў «пад крыло» Канстантынопаль.
  • Рэжым Лукашэнкі зьнішчыў пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» ў Менску, а будынак, прыстасаваны да малітваў, разбурыў. Пастара Вячаслава Ганчарэнку выклікалі на допыты і адпраўлялі ў ізалятар.
  • Пасьля таямнічага начнога лякальнага пажару закрылі Чырвоны касьцёл, сымбаль каталікоў і візытоўку Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG