Беларуская група «Кібэрпартызаны», якая спэцыялізуецца на здабываньні сакрэтных зьвестак і ўзломах сайтаў, апублікавала скрыншоты з сайту «Гомельскай праўды», на якім яна разьмясьціла інфармацыю пра ўзлом базы зваротаў у КДБ, спасылкі на «партызанскі Тэлеграм» і выяву мядзьведзя ў сьвяточным каўпаку, які трымае лічбу 4 — бо ўзлом прымеркаваны да чацьвёртай гадавіны існаваньня арганізацыі.
Гэта ўжо другі ўзлом сайту «Гомельскай праўды» за паўгода. Апошні раз «Кібэрпартызаны» заблякавалі працу выданьня 25 сакавіка. Тады на галоўнай старонцы зьявілася віншаваньне беларусаў з Днём Волі і заклік далучацца да палку імя Кастуся Каліноўскага. Тады сайт «Гомельскай праўды» не працаваў цэлы тыдзень, на ім было разьмешчанае паведамленьне пра тэхнічныя працы.
Раней у сакавіку 2024 году да другой гадавіны палку Каліноўскага група «Кібэрпартызаны» ўзламала сайт ДТСААФ, на ім разьмясьцілі фатаздымак са штандарам палку і віншаваньні беларускім ваярам.
Форум