Чалавецтва штогод вырабляе 57 мільёнаў тон плястыкавага забруджваньня, якое выяўляюць і ў глыбінях акіяну, і ў самых высокіх гарах, і нават у чалавечым арганізьме.
Гэтым аб’ёмам плястыку можна запоўніць увесь Цэнтральны парк Нью-Ёрку на вышыню хмарачоса Эмпайр-Стэйт-Білдынг, піша «Голас Амэрыкі».
Крыніца больш як дзьвюх трацінаў гэтага забруджваньня — краіны Глябальнага Поўдня, гаворыцца ў новым дасьледаваньні навукоўцаў з брытанскага Ўнівэрсытэту Лідса, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе Nature. Аўтары дасьледаваньня вывучылі, колькі плястыкавага забруджваньня спараджаюць 50 тысяч гарадоў ва ўсім сьвеце.
Пад плястыкавым забруджваньнем разумеюць плястык, які трапляе ў адкрытае асяродзьдзе, а не ўтылізуецца на сьметніках ці спальваецца. У месцах, дзе пражывае 15% насельніцтва плянэты, улады не зьбіраюць і не ўтылізуюць плястыкавыя адкіды належным чынам, і гэтая праблема асабліва прыкметная ў Паўднёва-ўсходняй Азіі і ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары, якія вытвараюць самы вялікі аб’ём плястыкавага сьмецьця. Сюды ўваходзяць 255 мільёнаў жыхароў Індыі, зазначаецца ў дасьледаваньні.
Сьпіс гарадоў, якія генэруюць самы вялікі аб’ём плястыкавага забруджваньня, узначальвае Лагас (Нігерыя). За ім ідуць Дэлі (Індыя), Луанда (Ангола), Карачы (Пакістан) і Каір (Эгіпет).
Сярод краін больш за ўсё плястыкавага забруджваньня стварае Індыя — 10,2 мільёна тон. Гэта ўдвая зь лішкам больш, чым у Нігерыі ці Інданэзіі, якія займаюць другое і трэцяе месцы. Кітай, які часта крытыкуюць за забруджваньне навакольнага асяродзьдзя, займае чацьвёртае месца. У лік іншых буйных забруджвальнікаў уваходзяць Пакістан, Банглядэш, Расея і Бразылія. На долю гэтых васьмі краін, разам узятых, прыпадае больш за палову плястыкавага забруджваньня сьвету.
Для параўнаньня: ЗША займаюць 90-е месца (52 500 тон), а Вялікая Брытанія — 135-е месца (5100 тон).
У дасьледаваньні таксама падкрэсьліваецца небясьпека для здароўя мікраплястыку, які ўтвараецца ў выніку няправільнага спальваньня ці выкіданьня плястыку. Гэтыя драбнюткія часьцінкі сустракаюцца ў самых аддаленых месцах, ад Эвэрэста да Марыянскай упадзіны, і становяць цяпер значную пагрозу для здароўя чалавека.
У 2022 годзе большасьць краін пагадзіліся заключыць першую юрыдычную дамову аб плястыкавым забруджваньні. Фінальныя перамовы ў гэтым пытаньні пройдуць у Паўднёвай Карэі ў лістападзе.
Форум