Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму малако лепш купляць у плястыку, чым у тэтрапаку. Правілы экалягічнага жыцьця


Малочныя прадукты. Ілюстрацыйнае фота
Малочныя прадукты. Ілюстрацыйнае фота

Паразмаўлялі з мэнэджаркай «Экадому» Карынай Салавей пра тое, як выпрацаваць экалягічныя звычкі: ашчаджаць ваду і электрычнасьць, правільна сартаваць сьмецьце, выкарыстоўваць менш хіміі і іншае.

Карына Салавей —— выканаўчая дырэктарка, мэнэджарка «Экадому», экс-супрацоўніца «Аховы птушак Бацькаўшчыны». З 2014 году займаецца экаактывізмам і працуе ў PR-кірунку і разьвіцьця экаарганізацый. Усе экалягічныя праблемы ўзаемазьвязаныя, лякальныя з глябальнымі, мы ўплываем на іх у розным маштабе, сьцьвярджае экаактывістка.

«Часам здаецца, што ў нас няма разуменьня сувязі паміж здароўем і якасьцю жыцьця і станам навакольнага асяродзьдзя. Але сувязь ёсьць і адказнасьць за зьмены да лепшага ў тым ліку на кожным і кожнай з нас. Я б параіла паглядзець „Гісторыю рэчаў з Ані Леанард“, дакумэнтальны фільм „Дом“ (2009), пачытаць пра філязофію „zero waste“ (нуль адкідаў)», — раіць Карына Салавей.

Яна дадае, што важна, каб дзеяньні былі сыстэматычнымі, сталі часткай жыцьцёвай філязофіі, у якую гарманічна ўпісваюцца, напрыклад, такія прынцыпы:

  • карыстайся рэчамі беражліва;
  • калі нешта зламалася — аддай у рамонт; калі нешта не патрэбна — аддай тым, каму спатрэбіцца;
  • не купляй больш, чым трэба;
  • купляй у складчыну зь сябрамі тыя рэчы, карыстацца якімі даводзіцца ня часта;
  • адмоўся ад аднаразовых тавараў;
  • зьбірай адходы паасобку і здавай іх на перапрацоўку;
  • аддавай прыярытэт мясцовым і сэзонным прадуктам;
  • набывай прадукты без упакоўкі ці ў той, якую можна перапрацаваць«.

Каб эканоміць ваду, Карына раіць для пачатку карыстацца кубкам і закрываць кран, калі вы чысьціце зубы. Таксама варта своечасова рамантаваць усе краны і бачок у прыбіральні, даставаць вілкі прыбораў з разэтак, калі вы імі не карыстаецеся ў гэты момант.

«Ёсьць нашмат больш парадаў і лайфхакаў, што датычацца электраэнэргіі, газу, вады і цяпла, якія добра сабраныя ў артыкуле. Гэтыя парады дазволяць зэканоміць на камунальных плацяжах.

Яшчэ раю паслухаць 10-ы эпізод падкасту „Яшчэ цяплей“ па тэме, там усяго 30 хвілін».

Як правільна сартаваць сьмецьце?

Скідаць у адну машыну зьмесьціва кантэйнэраў для шкла, плястыку, паперы з агульным сьмецьцем кіроўцам забаронена.

«Аднак такое можа адбыцца, калі ў кантэйнэры для другаснай сыравіны людзі накідалі зашмат звычайнага сьмецьця, асабліва адходаў харчаваньня. Тады кіроўца мае права самастойна прыняць рашэньне вывезьці ўсё разам, каб не забруджваць наступную партыю другаснай сыравіны (плястык, шкло, папера). Але ў любым выпадку, калі вы заўважылі такое, варта патэлефанаваць у ЖЭС або ў 115.бел», — раіць Карына.

Зьмесьціва каляровых кантэйнэраў (шкло, паперу, плястык) можа забіраць адна машына, бо ў Беларусі сыстэма асобнага збору сьмецьця мае дадатковае сартаваньне ў ручным рэжыме на станцыях.

«Варта зазначыць, што трэба выліць рэшту вадкасьці з плястыкавых бутэлек, інакш могуць узьнікнуць праблемы на перапрацоўцы — забруджаныя ці мокрыя яны ня будуць якаснай сыравінай. Дарэчы, для макулятуры зараз даволі шмат адмысловых кантэйнэраў, лепш паперу пакідаць там. Калі ў вас няма пляцоўкі для асобнага збору сьмецьця, можна яе арганізаваць самастойна. Па альгарытм, як гэта зрабіць, напішыце ці патэлефануйце ў тэлеграм (ці вайбэр), ці проста на інфалінію „Зялёны тэлефон“ (+375 29 1702670)», — рэкамэндуе Карына.

«Калі ёсьць выбар, купляйце напоі ў шкляной тары»

Цяпер ёсьць вялікая праблема з тэтрапакамі, кажа мэнэджарка «Экадому».

«Тэтрапак — гэта кампазыт з алюмінію, плястыку і паперы. Упакоўка такога кшталту — гэта вялікая праблема, бо часьцей за ўсё яе немагчыма разьдзяліць на кампанэнты і перапрацаваць. Да такой упакоўкі адносяцца пакеты ад кавы, кармоў для катоў і сабак, блістэры ад лекаў, аднаразовыя кубачкі, фальгаваная ўпакоўка і іншае. Калі ёсьць магчымасьць выбару, то тое ж малако лепш купляць у празрыстым плястыку ПЭТ, які перапрацоўваецца».

Плястыкавую прадукцыю з маркіраваньнем 1, 2, 4, 5 у трыкутніку выкідвайце ў кантэйнэр для плястыку (апроч упакоўкі ад крупаў, шакалядак і чыпсаў).

«Алюмініевыя бляшанкі з-пад напояў здавайце ў мэталялом ці выкідайце ў кантэйнэры для плястыку. Калі ёсьць выбар, купляйце напоі ў шкляной тары. Карыстайцеся сваёй бутэлькай для вады, напаўняйце яе. Не забывайце зьмінаць плястыкавыя і алюмініевыя бутэлькі перад тым, як пакласьці іх у кантэйнэр. Накрыўкі пакідайце на бутэльках ці здымайце і зьбірайце для сацыяльных праектаў, такіх як «Новае жыцьцё ўзамен на накрыўкі».

Шчыльную поліэтыленавую плёнку выкідвайце ў кантэйнэр для плястыку, раіць Карына.

«А тонкія поліэтыленавыя пакеты замяніце на мяшэчкі з тканіны. Такія тонкія пакеты нельга сабраць і перапрацаваць. Каб зьменшыць свой экасьлед, скарыстайце іх паўторна, але потым выкідайце ў кантэйнэр для агульнага сьмецьця. Таксама добра думаць пра перапрацоўку, калі купляеце тавары ў краме: ці можна перапрацаваць або выкарыстаць паўторна гэтую рэч ці ўпакоўку?»

Добры сайт-падказка, як і што правільна сартаваць, тут: ёсьць і адмысловы бот, якi дапаможа зразумець, што куды выкідаць —, рэкамэндуе Карына.

«Воданепранікальныя пласты робяць перапрацоўку папяровых кубкаў амаль немагчымай»

Вялізная праблема і з аднаразовымі кубачкамі для кавы, якія мы бяром у кавярнях, кажа экспэртка.

«Папяровы кубак для кавы не трапляе на перапрацоўку, а проста адпраўляецца на сьметнік. Для таго, каб зрабіць такі кубак воданепранікальным, яго пакрываюць знутры полістыролавай плёнкай ці наносяць LDPE-пакрыцьцё (з аднаго ці двух бакоў). Менавіта гэтыя воданепранікальныя пласты робяць перапрацоўку папяровых кубкаў амаль немагчымай. Больш за тое, самі кубкі не вырабляюць зь перапрацаванай сыравіны: тонкае шво ўсярэдзіне шклянкі судакранаецца з гарачым напоем, таму яно павінна быць зроблена зь першаснай цэлюлёзы».

Часам на папяровых кубках ёсьць міжнародны знак паўторнай перапрацоўкі (трыкутнік з кругавымі стрэлкамі). Ён азначае, што прадукт паддаецца перапрацоўцы, калі трапіць у патрэбныя ўмовы.

«Сустракаецца знак „Grune Punkt“ („Зялёная кропка“) у выглядзе кругавых зялёных стрэлак. Такі лягатып на свой тавар ставіць той вытворца, які аказвае фінансавую падтрымку праграме перапрацоўкі адходаў зь Нямеччыны „Eco Emballage“. Аднак такі знак не гарантуе, што менавіта ваш кубак трапіць у спрыяльныя ўмовы і перапрацоўку (кампаставаньне). Таму найлепшае выйсьце — карыстацца сваім шматразовым кубкам ці тэрмакубкам. Дарэчы, шмат якія кавярні цяпер ідуць насустрач такому стаўленьню і робяць зьніжкі на напоі», — расказвае Карына.

Яна зьвяртае ўвагу, што вельмі важна не выкідаць батарэйкі і іншыя электратавары ў агульнае сьмецьце, а здаваць на ўтылізацыю.

«Практычна ва ўсіх буйных супэрмаркетах цяпер стаяць спэцыяльныя кантэйнэры для збору і ўтылізацыі электратавараў. Каб здаць буйнагабарытныя рэчы — пральную машыну, халадзільнік — можна зьвярнуцца ў спэцыяльныя службы, якія прыедуць і забяруць іх на ўтылізацыю. Ёсьць добрая ініцыятыва „Зялёная мапа“, якая дзейнічае з 2012 году ў Беларусі. Там можна знайсьці шмат карыснай інфармацыі, у тым ліку пра тое, куды і якія рэчы можна здаць на перапрацоўку».

«Выток праблемы — несьвядомае бескантрольнае спажываньне»

Перапрацоўка адходаў у Беларусі ёсьць, і пэўныя станоўчыя зьмены таксама, кажа актывістка.

«Зараз спрабуюць адмовіцца ад міні-палігонаў. Згодна з Канцэпцыяй стварэньня аб’ектаў для сартаваньня і выкарыстаньня цьвёрдых камунальных адходаў і палігонаў для іх захаваньня, прынятай тры гады таму, замест міні-палігонаў маюць пабудаваць буйныя міжрэгіянальныя сьмецьцеперапрацоўчыя комплексы з абсталяванай тэрыторыяй для захаваньня неперапрацаваных адкідаў. Так, паводле сёлетняй інфармацыі Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя, завод для сартаваньня сьмецьця ўжо ўвялі ў эксплуатацыю ў Віцебску, а ў Горадні будуюць другую чаргу такога прадпрыемства».

Тры рэгіянальныя абʼекты будуюцца для Баранавіцкага, Аршанскага і Бабруйскага раёнаў. Агулам жа да 2025 году заплянавана 16 прадпрыемстваў для сартаваньня сьмецьця. Аднак прынятых захадаў недастаткова — ні з боку дзяржавы, ні з боку бізнэсу, спажыўцоў, лічыць мэнэджарка «Экадому».

«Да прыкладу, у шмат якіх краінах Эўразьвязу ёсьць зручная сыстэма закладной цаны, калі ў цану прадуктаў у пэўнай тары ўключаецца сума, якую ты можаш вярнуць пасьля здачы гэтай тары праз спэцыяльны тарамат. Такія падыходы стымулююць людзей сартаваць сьмецьце. Але зноў жа вяртаемся да вытокаў праблемы — несьвядомага бескантрольнага спажываньня. Пакуль мы ня зьменім свой лад жыцьця, ня будзе забясьпечана пашыраная адказнасьць вытворцаў прадукцыі, ніякія новыя станцыі і палігоны праблему са сьмецьцем у краіне не вырашаць».

«Сродкі для прыбіраньня дома небясьпечныя для нашага здароўя»

У мыцьці адзеньня Карына раіць прытрымлівацца наступных правілаў:

  • чым халаднейшая вада, тым лепш;
  • чым менш часу зойме мыцьцё, тым лепш. Можна карыстацца хуткімі рэжымамі накшталт «30 хвілін» ці тымі, што завуцца «эка»;
  • загружаць пральную машыну цалкам, ня мыць малой колькасьці рэчаў;
  • выбіраць пральную машыну адказна, уважліва глядзець, колькі энэргіі яна спажывае (клясу энэргаэфэктыўнасьці); калі чалавек жыве адзін, то лепей і машыну купляць меншую (на 3-4 кг). Вялікія машыны падыходзяць для вялікай сям’і;
  • выбіраць якасны парашок/гель (дзе менш ПАР, фасфатаў, араматызатараў і г.д.). Гель лепш, дарэчы, бо парашок у адкрытым выглядзе можа быць ня вельмі бясьпечным, бо трапляе ў лёгкія. Купляць у zero-waste крамах, каб не набываць кожны раз новую ўпакоўку;
  • карыстацца меншай колькасьцю парашку, чым пазначана на ўпакоўцы, асабліва калі адзеньне ня вельмі бруднае.

Шкоднасьць бытавой хіміі не перабольшаная, упэўненая Карына.

«Некаторыя рэчывы, якія ўваходзяць мыйныя і іншыя сродкі, здольныя нэгатыўна ўплываць і на навакольнае асяродзьдзе, і на арганізм чалавека.

Лепш адмовіцца ад сродкаў, у складзе якіх фасфаты, нітрабэнзол, аміяк, хлёр.

Яны небясьпечныя для нашага здароўя: здольныя выклікаць алергічныя рэакцыі, парушаюць бар’ерныя функцыі скуры, раздражняюць сьлізістыя абалонкі, могуць выклікаць апёкі, ацёк верхніх дыхальных шляхоў і іншыя хваробы».

Можна паспрабаваць натуральныя сродкі для прыбіраньня.

«Харчовая сода можа замяніць шмат бытавых сродкаў. Сода лёгка дасьць рады бруднаму посуду, нават у халоднай вадзе. Сода дапаможа змагацца з плямамі, чысьціць і паліраваць алюмініевыя, храмаваныя, срэбныя, сталёвыя, бляшаныя і плястыкавыя паверхні. Яе можна скарыстаць для ачысткі і дэзадараваньня халадзільнікаў. Можна скарыстаць як сродак ад накіпу. Для мыцьця посуду паспрабуйце гарчычны парашок. Воцат падыдзе для выдаленьня васковых плям, дэзынфэкцыі (чысты воцат можна сьмела скарыстаць для апрацоўкі туалету), мыцьця кафлі, шкла (пасьля выкарыстаньня праветрыце памяшканьне), для выдаленьня накіпу».

Як правільна выбіраць тавары ў прадуктовай краме?

«Калі есьць магчымасьць, аддавайце перавагу мясцовым прадуктам, зь мінімальнай упакоўкай, а лепш зусім безь яе. Амаль 40% усяго плястыку ідзе ў сьвеце на ўпакоўку. Хлеб ці макарону ў свой пакет, гарбату на вагу — добрая ідэя. Няма магчымасьці купіць без упакоўкі выбірайце тую, што перапрацоўваецца (PET/01, HDPE/02, LDPE/04, цьвёрдая PP/05). Сачыце па магчымасьці, каб у ўпакоўкі не было шмат слаёў».

Нельга паліць сьмецьце

Калі вы жывяце ў вёсцы, варта таксама прытрымлівацца пэўных экалягічных правілаў.

«Перш за ўсё, не пакідайце сьмецьце ў дзікай прыродзе — у лесе, рэках, балотах. Калі раптам хтосьці ўсё ж гэта робіць, то ёсьць альгарытм як дзейнічаць у такім выпадку. Трэба імкнуцца, каб у вёсках ставілі кантэйнэры для асобнага збору сьмецьця (зараз сьмецьце ў маленькіх вёсках быццам проста вывозяць і потым сартуюць, але ніхто ня ведае, як усё папраўдзе адбываецца ў пляне перапрацоўкі). Для гэтага можна пісаць звароты праз 115.бел (працуе нават у вёсках) ці ў сельвыканкамы», — расказвае Карына.

У прыватным доме можна ўсталяваць сонечныя батарэі, асабліва калі вы імкняцеся да аўтаноміі, незалежнасьці ад цэнтралізаванай дзяржаўнай энэргасыстэмы.

«Іншая опцыя — сонечныя калектары. І тыя, і тыя працуюць 7-8 месяцаў на год у нашым клімаце. Можа здацца, што з сучаснымі цэнамі на электраэнэргію гэта немэтазгодна, але ўсё можа зьмяніцца ў любы момант і аўтаномнасьць дакладна не зашкодзіць», — перакананая экспэртка.

Калі ў вас ёсьць агарод, варта памятаць, што хімічныя ўгнаеньні і сродкі аховы выкарыстоўваць небясьпечна.

«Ёсьць магчымасьці дасягнуць неабходных мэтаў інакш. Пры дапамозе прыродных матэрыялаў рэальна павялічваць урадлівасьць глебы і ахоўваць расьліны ад шкоднікаў. Пэрмакультура — асобная вялікая тэма, але вельмі раю пацікавіцца такім падыходам, калі маеце сваю гаспадарку».

Часам людзі і хочуць вырашыць экапраблему ці палепшыць прастору вакол сябе, але не стае ведаў ці досьведу, мяркуе Карына.

«Варта дзяліцца рэсурсамі, якія могуць дапамагчы. Напрыклад ёсьць лістоўка пра ініцыятыву „Зялёны тэлефон“, якую можна раздрукаваць і павесіць у публічным месцы ці раздаць суседзям: Раю пачытаць артыкул пра жыцьцё ў вёсцы цягам 10 гадоў цудоўнай пары — Верасьня і Аўгіньні. Там шмат рэфлексіі, карысных думак, у тым ліку пра стаўленьне да навакольнага асяродзьдзя; уражвае наколькі прыемным, сьвядомым і экапрыхільным можа быць жыцьцё ў беларускай вёсцы. Дарэчы, на сайце шмат натхняльных гісторый і карысных матэрыялаў на тэму жыцьця ў вёсцы».

Людзі ў вёсцы дагэтуль часта паляць сьмецьце, але гэтага рабіць нельга.

«Гэта забруджвае навакольнае асяродзьдзе — пры паленьні розных адходаў утвараецца сумесь таксычных рэчываў, што шкодзіць і здароўю. Асобна хочацца зьвярнуць увагу на спальваньне сухой травы, што дагэтуль часта практыкуецца на лецішчах, у вёсках. Такое спальваньне зьяўляецца частай прычынай лясных пажараў і пажараў на тарфяніках; гінуць кузуркі, зьвяры, бяднее склад расьліннасьці, дэградуе глеба. Таму самы экалягічны спосаб утылізацыі — сартаваньне і ўтылізацыя па відах адходаў».

Што можна зрабіць у сваім пад’езьдзе, двары, горадзе

«Напрыклад, дзяліцца з суседзямі і суседкамі рэчамі (буккросінг у пад’езьдзе; палічка, дзе можна пакінуць непатрэбныя рэчы і ўзяць штосьці патрэбнае замест і г.д.), аб’ядноўвацца дзеля вырашэньня праблемаў двара ці горада ў невялічкія чаты аднадумцаў, пісаць звароты на 115.бел. Можна паставіць кантэйнэры для асобнага збору сьмецьця, калі іх яшчэ няма, азеляніць тэрыторыю каля дома і зрабіць яе больш дружалюбнай для дзікай прыроды (шмат карыснага па тэме тут), змагацца з паркоўкамі на зялёных зонах, узгадніць усталяваньне паркоўкі для ровараў».

Таксама Карына раіць паслухаць падкаст «Утульны горад».

«І памятайма, што не бывае маленькіх спраў у паляпшэньні прасторы вакол нас і беражлівага стаўленьня да навакольнага асяродзьдзя, дзікай прыроды. Таму пачаць са сваёй кватэры, лецішча, пад’езду, двара, а па магчымасьці далучаць да справы аднадумцаў — гэта вельмі добрая ідэя».

Як стаць экалягічным. Парады прадстаўніцы «Экадому»

  1. Карыстайцеся рэчамі беражліва. Калі нешта зламалася — адрамантуйце. Калі нешта ня трэба — аддайце тым, каму спатрэбіцца.
  2. Не купляйце больш, чым трэба. Таксама можна купляць у складчыну зь сябрамі рэчы нячастага карыстаньня. Адмоўцеся ад аднаразовых тавараў.
  3. Зьбірайце адходы асобна і здавайце іх на перапрацоўку. Купляйце прадукты без упакоўкі ці ў той, якую можна перапрацаваць.
  4. Аддайце перавагу натуральным сродкам для прыбіраньня. Сода і воцат адмыюць дом лепей за сучасную хімію. Для мыцьця адзеньня выкарастоўвайце гель зь мінімумам шкодных рэчываў.
  5. Ашчаджайце электраэнэргію. Мыйце адзеньне максымум на 30 градусах. Даставайце з разэткі вілкі прыбораў, якімі не карыстаецеся.
  6. Ашчаджайце ваду. Стаўце рэжым «хуткае мыцьцё» (часта ён на пральнай завецца «эка»). Выключайце ваду, пакуль чысьціце зубы, і карыстайцеся кубачкам.
  7. Ня спальвайце сьмецьце — гэта забруджвае навакольле і псуе вашае здароўе.
  8. Не паліце сухую траву — гэта вельмі частая прычына лясных пажараў. Такое спальваньне зьнішчае кузурак і зьвяроў.
  9. Станьце «вачамі» эколягаў. Калі заўважылі, што сапсавалася вада, нехта высякае дрэвы ў парку, ананімна паведаміце пра гэта эколягам.
  10. Расказвайце сям’і, сябрам, калегам, суседзям пра экапрыхільны лад жыцьця. Яднайцеся для вырашэньня экалягічных праблемаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG