Сьцісла:
- У будучыню ўлады імкнуцца вынесьці толькі «паслухмянасьць народу» і выхаваньне маладога пакаленьня ў ляяльнасьці да дзейнай улады.
- Уласна вышэйшая адукацыя разглядаецца хутчэй як пагроза, бо менавіта ў сыстэме вышэйшай адукацыі фармуюцца людзі, якія ўмеюць крытычна мысьліць.
- Да ВНУ будзе прымяняцца хутчэй функцыя кантролю, а не разьвіцьця.
- Ствараецца агульная напружаная атмасфэра ціхага канцлягеру.
- Унівэрсытэты перайшлі на іншы ўзровень разуменьня «нормы», «новай нармальнасьці».
— За апошнія дні Аляксандар Лукашэнка правёў дзьве нарады, прысьвечаныя пытаньням сярэдняй і вышэйшай адукацыі, дзе шмат выказваўся на гэтую тэму. Ці даюць гэтыя нарады ўяўленьне, што ўлада хоча зрабіць з сыстэмай адукацыі, якія задачы перад ёй ставіць?
— Мяркую, у іх няма дакладнага пляну і бачаньня таго, як павінна выглядаць сыстэма адукацыі. У будучыню яны выносяць толькі «паслухмянасьць народу» і выхаваньне маладога пакаленьня ў ляяльнасьці да дзейнай улады.
Усе астатнія пытаньні — узроўню ведаў, якасьці адукацыі — іх не цікавяць. Любыя прапановы, зьвязаныя са стварэньнем «беларускага Гарварду», выглядаюць сьмешна і патыхаюць «пантамі», а не сур’ёзнымі прапановамі, якія арыентуюцца на сучасныя міжнародныя трэнды ў сыстэме адукацыі.
— Наколькі ўлады прытрымліваюцца пэўнай мяжы паміж ідэалягічным напаўненьнем і прафэсіяналізмам? Яны ўсё ж ня могуць укараняць толькі ідэалёгію і зусім ігнараваць неабходнасьць рыхтаваць адмыслоўцаў у адпаведных сфэрах.
— Яны будуць разгортваць два ключавыя працэсы ў сыстэме адукацыі. Першы — выхаваньне: сюды трапляе і ідэалёгія. Другі — падрыхтоўка кадраў. Бо трэба ж затыкаць дзіркі ў эканамічнай сыстэме.
Хаця ёсьць і шлях паспрабаваць затыкаць гэтыя дзіркі празь міграцыйныя працэсы. Таму і на нарадзе згадвалася магчымасьць прыняцьця студэнтаў з іншых постсавецкіх краін, найперш цэнтральнаазіяцкіх.
Задаецца пэўная планка, і яна ўжо была дакладна агучаная. Гэта «прафэсійна-тэхнічная адукацыя». Уласна вышэйшая адукацыя разглядаецца хутчэй як пагроза, бо менавіта ў сыстэме вышэйшай адукацыі фармуюцца асобы, якія ўмеюць крытычна мысьліць. Таму я лічу, што да ВНУ будзе прымяняцца хутчэй функцыя кантролю, а не разьвіцьця.
А вось сыстэма прафэсійна-тэхнічнай адукацыі будзе падтрымлівацца і кадрамі, і інвэстыцыямі: асноўныя грошы будуць накіроўвацца туды.
— Ці разумее Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі, што гэта «не ягоная» аўдыторыя, што яны, дэманструючы вонкавую ляяльнасьць, трымаюць «фігу ў кішэні»?
— Ён выдатна разумее, што пры ўсіх намаганьнях заўсёды будзе захоўвацца даволі вялікі працэнт неляяльных да ўлады студэнтаў. Таму прымяняе ў сваіх прамовах маніпулятыўныя тэхнікі хлусьні і прапаганды. У прыватнасьці, успамінаючы 2020 год, кажа, што ніхто не страляў, не было задушэньня пратэстаў, на пратэстах было мала людзей і гэтак далей.
Аднак усіх немагчыма падмануць, і таму ў дачыненьні да нязгодных будзе прымяняцца функцыя пільнага кантролю з боку адміністрацыі ўсіх навучальных установаў. І гэта ўсё ў рамках выбранай уладамі тэхналёгіі масавага выхаваньня.
— Аднак улады спрабавалі «пашыхтаваць» моладзь зь сярэдзіны 1990-х: стваралі БРСМ, уводзілі пасады ідэолягаў і гэтак далей. Цяперашняя спроба чымсьці адрозьніваецца ад тых, яна мае шанцы па посьпех? Бо ранейшыя спробы, па вялікім рахунку, не ўдаліся. Гэта паказаў 2020 год, калі моладзь была не на баку Лукашэнкі.
— Тут вельмі важнае агульнае масавае асяродзьдзе, у якім знаходзяцца маладыя людзі. Усё, што было до 2020 году, у параўненьні з тым, што адбываецца цяпер — гэта была дастаткова мяккае асяродзьдзе. Было больш магчымасьцяў, «лібэралізацыя» і гэтак далей. Таму маладое пакаленьне вельмі скептычна ставілася да ўлады.
Зараз трошкі іншая сытуацыя, дастаткова закрытая ўнутры краіны. Так, ёсьць адкрытыя каналы інфармацыі, праз інтэрнэт, але сфармулявана пэўная сыстэма забаронаў, як публічных, так і непублічных. І гэта стварае агульную напружаную атмасфэру ціхага канцлягеру.
Таму частка магчымага прагрэсіўнага разьвіцьця маладога пакаленьня або выносіцца за межы краіны, або можа разгортвацца ўнутры сям’і, унутры вузкіх малых сацыяльных групаў, дзе захоўваецца пэўная еднасьць і ўзаемадзеяньне. Фактычна можна гаварыць пра самаадукацыю і самавыхаваньне.
— Ці магчыма ацаніць, як працэс агульнай таталірызацыі беларускага жыцьця разьвіваецца ва ўнівэрсытэтах? Гэта робіцца рэальна ці хутчэй «для галачкі»?
— Я думаю, што ўнівэрсытэты перайшлі на іншы ўзровень разуменьня «нормы», «новай нармальнасьці». Проста дзеля таго, каб выжываць і неяк працягваць працу. Пытаньні этыкі, маралі ўжо не закранаюццца. Увесь пласт гуманітарна-філязофскай часткі адукацыі проста закрыты. Усё зводзіцца да больш простых патрэбаў — атрыманьне прафэсіі, працяг функцыянаваньня ВНУ. Рэзка зьнізілася планка запатрабаваньняў, вызначана пэўная «зона камфорту», за якую не пажадана выходзіць.
Уся адукацыя зьведзеная да нейкіх канкрэтных спэцыяльнасьцяў — замест сыстэмы ўнівэрсальнай адукацыі. Таму ўжо па факце амаль усе беларускія ВНУ перасталі быць унівэрсытэтамі, яны сталі «вышэйшымі ПТВ» (прафэсійна-тэхнічнымі вучэльнямі).
І вось гэтае прывядзеньне ВНУ да ніжэйшых нормаў, зьніжэньне планкі, відавочна, супадае з чаканьнямі рэжыму. Рэжым робіць стаўку на прафэсійна-тэхнічную адукацыю — і сыстэма адукацыі адказвае на такі запыт улады.
Форум