Рэфармаваць сыстэму адукацыі ў Беларусі стала трэндам. Адмысловую нараду правёў Лукашэнка, генэральны пракурор Швед таксама выказаўся і абурыўся тым, як у школах вучаць англійскай мове.
«Па шэрагу клясаў колькасьць гадзін на вывучэньне ангельскай мовы большая ў сукупнасьці, чым на вывучэньне беларускай і расейскай моў. Мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду?» — пацікавіўся ён. Аднак абурэньне генпракурора могуць не падтрымаць ня толькі самі школьнікі і іхныя бацькі, але і высокія чыноўнікі.
Лукашэнка ганарыцца малодшым сынам, які ведае кітайскую і ангельскую
У лютым 2018 году 15-гадовы падлетак Коля Лукашэнка граў на фартэпіяна як акампаніятар кітайскай сьпявачцы і па-кітайску павіншаваў са сьвятам вясны кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна.
У чэрвені 2022 года ў інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Associated Press Аляксандар Лукашэнка разважаў пра ангельскую мову:
«Міжнародная мова, яе трэба ведаць. Цяперашняе пакаленьне (і мае дзеці) ніколі не жылі за мяжой, ні ў Амэрыцы, ні ў Англіі, а свабодна размаўляюць на ангельскай мове».
Лукашэнка тады таксама адзначыў, што ягоны малодшы сын Мікалай можа размаўляць на ангельскай, як і на расейскай і беларускай мовах.
У чэрвені 2023 году ў інтэрвію вядомай расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай з тэлеканалу «Россия-1» Лукашэнка расказаў:
«Коля ў Кітаі вучыцца, у Пэкінскім унівэрсытэце». Пэкінскі ўнівэрсытэт уваходзіць у топ-15 найлепшых навучальных устаноў сьвету, займаючы ў рэйтынгу 12-ю пазыцыю па вэрсіі QS World University Rankings, і 7-е месца сярод найлепшых унівэрсытэтаў Азіі. Навучаньне там вядзецца на кітайскай і ангельскай мовах.
А вось дачка кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна Сі Мінцзэ вышэйшую адукацыю атрымала ў ЗША, вывучала псыхалёгію і ангельскую мову ў Гарвардзкім унівэрсытэце, які займае першае месца ў рэйтынгу ВНУ сьвету.
Беларускія чыноўнікі і прапагандысты таксама адпраўляюць вучыцца сваіх дзяцей за мяжу. У 2014 годзе тагачасны міністар адукацыі Сяргей Маскевіч пазбавіўся пасады, калі Лукашэнка даведаўся, што ягоны сын Дзяніс скончыў унівэрсытэт Мангейма і працуе ў ЗША.
Сын былога віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса Валер Румас і ягоная жонка Анастасія вучыліся ў лёнданскай Cass Business School (City University London), Валер працуе ў брытанскай інвэстыйна-кансалтынгавай кампаніі Uniter.
Дзеці праўладнага прапагандыста Андрэя Мукавозчыка ад першага шлюбу Марыя і Міхаіл вучыліся і жывуць у ЗША. У Штатах і Чэхіі сыны галоўнага рэдактара холдынгу «СБ. Беларусь сегодня» Дзьмітрыя Жука.
Дзеці чыноўнікаў і «міжнародныя адносіны»
Што да беларускіх ВНУ, высокапастаўленыя чыноўнікі часьцяком выбіраюць для сваіх дзяцей факультэт міжнародных адносінаў БДУ, дзе асаблівая ўвага ўдзяляецца менавіта вывучэньню замежных моў. У некаторых выпадках — Лінгвістычны ўнівэрсытэт. «Моду» на ФМА «задаў» Аляксандар Лукашэнка, які яшчэ ў 1990-х сваіх старэйшых сыноў Віктара і Дзьмітрыя ўладкаваў туды вучыцца. Нядаўна скончыла ФМА і ўнучка Лукашэнкі Вікторыя.
На ФМА вучыліся ў розныя гады дзеці колішніх старшыні КДБ Леаніда Ерына, віцэ-прэм’ера і амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашкі, міністра адукацыі Аляксандра Раўкова, міністра сельскай гаспадаркі Юрыя Мароза.
Атрымала кваліфікацыю юрыста-міжнародніка малодшая дачка міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча Ксенія. Падчас вучобы езьдзіла ў школу правоў чалавека ў швэдзкі Лунд, па студэнцкім абмене некаторы час вучылася ў польскай Лодзі. Сын міністра спорту Сяргея Кавальчука Яраслаў — таксама нядаўні выпускнік ФМА, працуе ў службе дзяржпратаколу МЗС.
«Без ангельскай мовы нікуды!»
Існуе шмат спэцыяльнасьцяў, прафэсій, цэлых галін, дзе бязь веданьня замежных моў працаваць складана: ІТ-сфэра, лягістыка, транспарт, турысцкі і гатэльны бізнэс.
У размове са Свабодай на ўмовах ананімнасьці пра неабходнасьць валоданьня замежнымі мовамі выказаўся вядомы мэдык.
Доктар, які практыкаваў у адным зь беларускіх РНПЦ, мае навуковую ступень кандыдата мэдычных навук. Ён кажа, што, каб працаваць у звычайнай паліклініцы ці шпіталі, ведаць замежныя мовы не абавязкова.
«У Беларусі дагэтуль захавалася савецкая мадэль — звычайнаму лекару ня трэба ведаць замежныя мовы.
Але калі ты хочаш разьвівацца ў сваёй прафэсіі, расьці (а прафэсія лекара падразумявае пастаянную адукацыю, павышэньне ўзроўню, доктар не перастае вучыцца ніколі, бо, калі ён заканчвае вучыцца, ён памірае як спэцыяліст), варта ведаць ангельскую. Гэта міжнародная мова для лекараў. Усе перадавыя часопісы — The Lancet, New England Journal of Medicine, JAMA (Journal of American Medical Association), Pediatrics, Nature — выдаюцца па-ангельску. Калі ты хочаш быць у трэндзе таго, што адбываецца, быць у курсе, якія ёсьць напрацоўкі, навацыі, то без ангельскай мовы нікуды!» — перакананы доктар.
Таму прасунутыя лекары самастойна вывучаюць мовы, чытаюць гэтыя самыя навуковыя часопісы, стараюцца трапіць на міжнародныя канфэрэнцыі, стаж, хаця ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі гэта не вітаецца, кажа суразмоўца.
«Усё гэта жорстка кантраляваліся. І ты ня мог узяць нават адпачынак, каб паехаць на нейкую навуковую канфэрэнцыю. Я ўжо не кажу пра тое, каб атрымаць фінансаваньне, хаця б на дарогу. У асноўным людзі рабілі гэта цішком, бралі адпачынак за свой кошт і ехалі. Бо калі ты інфармуеш Міністэрства аховы здароўя, трэба пісаць справаздачу, што ты рабіў, праходзіць працэс узгадненьня.
Але былі іншыя прыклады, калі чыноўнікі розных структур актыўна езьдзілі на замежныя канфэрэнцыі. Іх туды вазілі прадстаўнікі фармацэўтычных структур, вытворцы мэдычнага абсталяваньня, фінансавалі гэтыя паездкі», — расказвае доктар.
Мэдыцына сёньня — вельмі інтэрнацыянальная галіна, яна ня можа разьвівацца ізалявана ў адной краіне, працягвае ён.
«Нават Кітай, які рэальна вельмі моцны, ня можа дазволіць сабе выпасьці з сусьветнага мэдычнага навуковага кантэксту. Тое самае і Японія. Усе ўпісаныя ў гэты кантэкст, без ангельскай мовы нікуды. Бо колькасьць мэдычнай інфармацыі расьце проста катастрафічна, у геамэтрычнай прагрэсіі. Калі ты хочаш, каб мэдыцына разьвівалася, патрэбны ініцыятыўныя разумныя лекары зь веданьнем замежных моў», — перакананы суразмоўца.
Заслона праз сыстэму адукацыі
Незалежная экспэртка ў сфэры адукацыі Сьвятлана Мацкевіч лічыць, што цікавасьць генэральнага пракурора Шведа да вывучэньня беларускімі школьнікамі замежных моваў насамрэч у іншым.
«Гэта правядзеньне мяжы. Выказваньне генпракурора дакладна акрэсьлівае мяжу, жалезную заслону паміж заходнім сьветам і беларуска-расейскім. Гэтая заслона цяпер ня толькі на мяжы, а заслона праводзіцца менавіта па сыстэме адукацыі, у розумах людзей — праз нармаваньне, фіксацыю, „што такое добра“ на гэтай тэрыторыі і „што такое дрэнна“. Усё дрэннае, натуральна, на Захадзе: у Літве, Польшчы, Украіне.
Гэта такое рытуальнае замацаваньне: на гэтай тэрыторыі будзе так. І пытаньне тут не ў ангельскай мове: любыя праявы „заходнасьці“ (вывучэньне моваў, дэмакратыі, права, гісторыі) не вітаюцца. І гэтая жалезная заслона ідзе ў віртуальнай прасторы па тэрыторыі ідэалёгіі, нармаваньня. І пэрыядычна гэта дэкляруецца высокімі чыноўнікамі», — тлумачыць Сьвятлана Мацкевіч.
Аднак чыноўнікі самі сабе супярэчаць: іхным дзецям замежныя мовы патрэбныя, Мікалаю Лукашэнку таксама патрэбныя, іншым — не, зазначае экспэртка.
«Яны дэманструюць простым беларусам, грамадзянскай супольнасьці, што для іх адны нормы, а для астатніх — іншыя. Маўляў, „слухайцеся і падпарадкоўвайцеся“.
Але яны гуляюць у іншую „гульню“: замацаваньня нормаў і правілаў паводзінаў і ўсёй сыстэмы дзейнасьці ў беларускай адукацыі. Яны такім чынам маніпулююць намі. Мы можам з гэтага сьмяяцца, але яны ва ўладзе, яны кіруюць краінай. І перад дэмакратычнай супольнасьцю стаіць задача не паддавацца на гэтыя інфармацыйныя маніпуляцыі, ня ўляпвацца ў абмеркаваньне гэтых прыватных пытаньняў.
Трэба думаць, як перабудоўваць усю сыстэму адукацыі, якую альтэрнатыву мы можам прапанаваць грамадзянскай супольнасьці», — перакананая Сьвятлана Мацкевіч, незалежная экспэртка ў пытаньнях адукацыі.