У варшаўскім стартап-хабе «Імагуру» 29 траўня прадставілі Канцэпцыю стварэньня Беларускага нацыянальнага дасьледчага ўнівэрсытэту.
Гэта ня першая спроба стварыць менавіта нацыянальны беларускі ўнівэрсытэт. Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ), які пачаў працаваць у Беларусі ў 1992 годзе, у 2004-м апынуўся ў Вільні ў выгнаньні, дзе працуе і дагэтуль.
Грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы» (ТБМ) доўга працавала і ў сакавіку 2018 году юрыдычна зарэгістравала «Ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча». Але пачаць працу ён не пасьпеў. 1 жніўня 2021 году той унівэрсытэт спыніў існаваньне, так і не распачаўшы прыём студэнтаў.
Базавыя мовы — беларуская і ангельская
Паводле аўтараў праекту, базавымі мовамі навучаньня і дасьледаваньняў ва ўстанове будуць беларуская і ангельская мовы. Беларуская будзе мовай справаводзтва, яна будзе дамінаваць у публічнай камунікацыі, запэўніваюць ініцыятары.
«Місія ўнівэрсытэту — стварэньне вольнай прасторы для разьвіцьця крытычнага мысьленьня, якое не было б абмежаванае палітычнымі, эканамічнымі межамі», — кажа прафэсар Павал Церашковіч.
Галоўны акцэнт будзе рабіцца менавіта на дасьледчыцкую працу, падкрэсьлівае Церашковіч.
Гісторыя, адукалёгія, філязофія, антрапалёгія, міжнародныя дачыненьні
Мяркуецца, што будзе створана 5 асноўных дасьледчых цэнтраў, якія прэзэнтаваў філёзаф Павал Баркоўскі.
- Цэнтар гістарычных дасьледаваньняў (Андрэй Радаман);
- Цэнтар або Дэпартамэнт адукалёгіі (Марына Сакалова, Сьвятлана Мацкевіч);
- Цэнтар філязофскіх дасьледаваньняў (Павал Баркоўскі, Вольга Шпарага);
- Цэнтар антрапалягічных дасьледаваньняў (Павал Церашковіч);
- Цэнтар дасьледаваньняў міжнародных зносін (Віктар Шадурскі, Роза Турарбекава).
Таксама ў пэрспэктыве будуць створаныя яшчэ 3 структуры:
- Інстытут сацыялёгіі і Цэнтар эмпірычных дасьледаваньняў (Генадзь Коршунаў і Андрэй Вардамацкі);
- Беларускі інстытут публічнай гісторыі (Ігар Станкевіч і Аляксей Ластоўскі);
- Інстытут беларускай мовы (Лілея Плыгаўка).
У больш аддаленых плянах — стварэньне Цэнтру міжнароднага права і Цэнтру кагнітыўных і кампутарных навук.
Два мільёны эўра на год
Папярэдні бюджэт праекту — 2 мільёны эўра ў год, адпаведна, 6 мільёнаў эўра на 3 гады (без уліку дадатковага бюджэту аўтаномных адзінак).
Мяркуецца, што адбудзецца працаўладкаваньне каля 50 чалавек (35 навуковых супрацоўнікаў, 11 чалавек — адміністрацыйны і дапаможны пэрсанал. Плюс рэктар і 8 структурных адзінак на дэпартамэнты).
Папярэдняя структура напаўненьня бюджэту:
- Грантавыя праграмы;
- Данаты і фонд разьвіцьця;
- Індывідуальныя і інстытуцыйныя міжнародныя дасьледчыя гранты;
- Платныя паслугі.
Ініцыятары сьцьвярджаюць, што прадстаўнікі беларускага бізнэсу таксама гатовыя ўкласьціся ў фінансаваньне Беларускага нацыянальнага дасьледчага ўнівэрсытэту.
Дзе? Пакуль невядома
Рэгістрацыя і акрэдытацыя ўнівэрсытэту ў адной з краінаў Эўразьвязу заплянаваная на 2025–2026 гады. Мяркуецца, што адбудуцца камунікацыі з палітыкамі і профільнымі міністэрствамі наступных краін Эўразьвязу: Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Чэхіі, Эстоніі.
«Увесь спадзеў на эўрапейскую супольнасьць», — кажа гісторык Андрэй Радаман. Ён расказвае пра 10 праектаў, якія ўжо рэалізуюцца фактычна на энтузіязме навукоўцаў-гісторыкаў.
Пакуль невядома, якая краіна пагодзіцца прыняць Беларускі нацыянальны дасьледчы ўнівэрсытэт. Прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык кажа, што гэтае пытаньне пакуль адкрытае.
«Гэтае пытаньне не такое простае. Заснаваць вышэйшую школу — гэта ў Польшчы зрабіць даволі лёгка, а адкрыць унівэрсытэт — цяжка. Патрэбен адпаведны закон. Можа, гэта атрымаецца ў Нямеччыне. Можа, у Швэцыі. Будзем іншыя варыянты разглядаць — хто нас пагодзіцца прыняць», — кажа прадстаўніца АПК у нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык.
Форум