Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каго вы спрабуеце падмануць?». Чаму дакладваць Лукашэнку няпраўду стала для ягоных падначаленых звыклай справай


Помнік Шарыфу Рашыдаву, Аляксандар Лукашэнка, Леанід Брэжнеў, каляж
Помнік Шарыфу Рашыдаву, Аляксандар Лукашэнка, Леанід Брэжнеў, каляж

Той, хто стварае палітычны рэжым, які грунтуецца на крывадушнасьці і хлусьні, урэшце сам становіцца ахвярай лісьлівасьці і няпраўды ўласных чыноўнікаў.

Сьцісла:

  • Лукашэнка ўсё часьцей наракае на тое, што высокія ўрадавыя чыноўнікі мэтанакіравана ўводзяць яго ў зман, утойваюць аб’ектыўную інфармацыю, прыхарошваюць рэальны стан эканомікі.
  • Маральныя прынцыпы ва ўсім дзяржаўным апараце даўно размытыя, арыентыры няпэўныя, крытэры вагаюцца разам з палітычнымі ўстаноўкамі. Калі за маштабныя прыпіскі і маніпуляцыі на выбарах хваляць і ўзнагароджваюць, то чаму такія ж прыпіскі і маніпуляцыі немагчымыя ў іншых сфэрах дзяржкіраваньня?
  • Ілюзорная выдуманая прапагандай карціна суцэльных посьпехаў і дасягненьняў зручная аўтарытарнаму валадару, каб трымаць у няведаньні і паслушэнстве грамадзтва і цешыць уласнае самалюбства. Аднак абсалютна не прыстасаваная для таго, каб прымаць узважаныя кіраўніцкія рашэньні і пасьпяхова разьвіваць эканоміку.
  • Каб атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю, Лукашэнка вымушаны карыстацца тымі ж спосабамі, што і савецкая партыйная намэнклятура — абапірацца на зьвесткі спэцслужбаў, зьбіраць справаздачы «не для друку» і карыстацца інфармацыяй незалежных СМІ, дзейнасьць якіх сам жа забараніў у Беларусі.

Лукашэнка даўно падазрае, што падначаленыя не гавораць яму ўсёй праўды, утойваюць аб’ектыўную інфармацыю, а то і адкрыта хлусяць. Адсюль — усё больш частыя просьбы, папрокі, угаворы і патрабаваньні да чыноўнікаў гаварыць пра сытуацыю ў краіне ўсё як ёсьць, не прыхарошваць і не хаваць непрыемных лічбаў і фактаў. Чаму ж угаворы і папрокі ня дзейнічаюць?

Многіх уразіла, як, прызначаючы на пачатку студзеня новага міністра эканомікі Юрыя Чабатара, Лукашэнка прасіў і патрабаваў ад яго не хлусіць:

«У аснове вашай працы павінна ляжаць выключна праўда. Ніякага прыхарошваньня. Рана ці позна я гэта заўважу. У мяне дастаткова для гэтага рычагоў. Таму ні ў якім разе не хлусіць. Усё як ёсьць. Таму што калі вы, мякка кажучы, недакладную інфармацыю будзеце падаваць мне, значыць, будуць няправільныя кіраўнічыя рашэньні».

Юры Чабатар, міністар эканомікі Беларусі і прэм'ер Раман Галоўчанка
Юры Чабатар, міністар эканомікі Беларусі і прэм'ер Раман Галоўчанка

Збоку гэта выглядае даволі дзіўна. Адбываецца прызначэньне на адну з высокіх пасадаў у дзяржаве. Апрыёры павінна мецца на ўвазе, што кандыдатам у міністры ня можа быць асоба з сумнеўнай рэпутацыяй альбо непераборлівая ў маральным пляне ці схільная да хлусьні. І тут нібыта прыстойнаму чалавеку кіраўнік дзяржавы нагадвае пра тое, чаму мама і тата звычайна вучаць малое дзіця ў 3-гадовым узросьце. Тлумачэньне тут можа быць толькі адно: само гэта нагадваньне паказвае, што такая зьява ў сыстэме дзяржкіраваньня сёньняшняй Беларусі стала чымсьці звыклым і будзённым, што гэта — стыль працы ўсёй уладнай «вэртыкалі». Пацьверджаньняў, што гэта сапраўды так — нямала.

«Гледзячы ў крывое люстэрка»

Пра сапраўдныя маштабы таго, наколькі ўрад хавае ад Лукашэнкі праўдзівую інфармацыю, ён сам расказаў 20 кастрычніка 2023 года, падчас нарады з урадам:

«Не заўсёды, прыняўшы рашэньне, мы яго рэалізуем. Рэалізуем несвоечасова — гэта ўжо норма. Але мяне больш за ўсё апошнім часам (я ўжо пра гэта недзе гаварыў) хвалюе тое, што наш урад, замест таго, каб канкрэтнай справай займацца, пачынае хлусіць і дэзынфармаваць прэзыдэнта. Дзеля таго, каб паказаць сябе ў лепшым сьвятле... Я не хачу публічна прыводзіць прыклады, але ў закрытым рэжыме я прывяду вам прыклад, які красамоўна сьведчыць аб тым, што хлусьня ў нас ня зжытая. І зьдзіўляцца таму, што ў нас у Гомельскай вобласьці падзеж быдла (прыпісваюць там недзе), у Віцебскай вобласьці, Магілёўскай, ды і ўвогуле па краіне... Што тут зьдзіўляцца, калі гэта ідзе ад міністраў нашых, ад нашых губэрнатараў. Гэта недапушчальна... Я не кажу, што гэта традыцыя. Але я баюся, каб гэта ня стала ў Беларусі традыцыяй, хлусьня. Гледзячы ў крывое люстэрка, мы краіну не ўтрымаем. І новых імпульсаў ёй не нададзім, якіх бы стратэгічных у нас плянаў ні існавала».

Лукашэнка на цырымоніі падпісаньня рашэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму, 2022
Лукашэнка на цырымоніі падпісаньня рашэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму, 2022

Таксама вельмі эмацыйна Лукашэнка патрабаваў ад сваіх падначаленых сумленных зьвестак і праўдзівай інфармацыі пра рэальны стан рэчаў у сельскай гаспадарцы летась у жніўні, падчас сэлектарнай нарады ў пытаньнях жніва:

«Зноў жа адвечная хвароба аграрыяў — прыпіскі. Па рэспубліцы пракуратура ўстанавіла 185 такіх выпадкаў, калі тэхніка была гатовая да работы толькі на паперы. Вось гэтага дараваць ніколі нельга! Такія гора-кіраўнікі нас завядуць чорт ведае куды. 33 зернесушыльныя комплексы таксама былі не гатовыя... Ня ведаю, навошта гэтае ашуканства і каго вы спрабуеце падмануць? Замест таго, каб зьвярнуцца па дапамогу, спрабуеце схаваць праблему. А ў выніку будзе несабраны ўраджай і страты для ўсёй дзяржавы».

Складана паверыць у тое, што Лукашэнка ня ведае, дзеля чаго патрэбна такое ашуканства. Гэта даўно вядома і яму, і кожнаму чыноўніку: за пераможныя рэляцыі, пасьпяховыя справаздачы і высокія дасягненьні чакаюць высокія пасады, ордэны ды іншыя ўзнагароды. А адважысься гаварыць у вочы начальству непрыемную праўду, дык сам найперш і пацярпіш. Яшчэ і пасаду можаш страціць. Зразумела, рана ці позна могуць злавіць на хлусьні (прыпісках, недакладных справаздачах). Але хіба за гэта ў сёньняшняй Беларусі строга караюць? Так, трохі паўшчуваюць. Бо чыноўнік жа — свой чалавек, хацеў як лепей, імкнуўся не засмуціць начальніка.

Адна вялікая дэкарацыя

Маральныя прынцыпы ва ўсім цяперашнім дзяржаўным апараце даўно размытыя, арыентыры няпэўныя, крытэры вагаюцца разам з палітычнымі ўстаноўкамі. Калі за маштабныя прыпіскі і маніпуляцыі на выбарах хваляць і ўзнагароджваюць, то чаму такія ж прыпіскі і маніпуляцыі немагчымыя ў іншых сфэрах? Дзіўна было б спадзявацца, што, калі ўся сыстэма ператвораная ў адну вялікую дэкарацыю (нібыта «парлямэнт», нібыта «выбары», нібыта «СМІ»), то застануцца нейкія яе элемэнты, створаныя на прынцыпах праўды, аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці.

Савецкая сыстэма, якую Лукашэнка добра памятае, была выбудаваная дакладна паводле такіх жа прынцыпаў. Зьнішчыўшы незалежную прэсу, пасадзіўшы ў турму ці выціснуўшы за мяжу апазыцыю, забараніўшы доступ да незалежных крыніц інфармацыі, рэжым шпаркімі тэмпамі вяртае грамадзтва ў тую рэчаіснасьць, дзе свабодна і беспакарана можна пісаць і гаварыць толькі адно. Прыблізна такое:

Наша Родина прекрасна

И цветет как маков цвет.

Окромя явлений счастья

Никаких явлений нет.

У гэтым дасланым калісьці ў 80-я гады ў савецкую газэту вершаваным творы невядомага аўтара — квінтэсэнцыя таго, што дазволена было ведаць савецкім грамадзянам пра тую рэчаіснасьць, у якой яны жылі.

Чарга ў Маскве, 1988
Чарга ў Маскве, 1988

Ілюзорная, выдуманая прапагандай карціна суцэльных посьпехаў і дасягненьняў зручная аўтарытарнаму валадару, каб трымаць у няведаньні і паслушэнстве грамадзтва і цешыць уласнае самалюбства. Аднак абсалютна не прыстасаваная для таго, каб прымаць слушныя кіраўніцкія рашэньні і пасьпяхова разьвіваць эканоміку. Лукашэнка далёка ня першы, хто гэта заўважыў і ад гэтага пацярпеў. Напрыклад, у СССР ад гэтага цярпелі пастаянна. Ня раз здаралася: Масква, супакоеная і бадзёрымі аптымістычнымі рапартамі зь месцаў пра нібыта высокую вытворчасьць мяса (ці малака, ці збожжа) шчодрым жэстам накіроўвала вялікую частку рэсурсаў «братэрскім краінам» з Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. А потым з жахам выяўляла, што ўласнае насельніцтва карміць няма чым, бо высокія валавыя паказчыкі існавалі толькі на паперы, а ў рэальнасьці ў сховішчах няма і паловы таго, вытворчасьцю чаго хваліліся, за што атрымалі ордэны, званьні і дзяржаўныя прэміі.

Леанід Брэжнеў у Ташкенце, 1982
Леанід Брэжнеў у Ташкенце, 1982

Шараф Рашыдаў і «баваўняная справа»

Непераўзыдзеным майстрам маштабных прыпісак, маніпуляцый зь лічбамі і містыфікацый у позьнім СССР не без падстаў лічыўся Шараф Рашыдаў — незьмяняльны лідэр савецкага Узбэкістану, які ўзначальваў гэтую «баваўняную рэспубліку» на працягу 22 гадоў — у 1960-80-я гады. У 1976 годзе Рашыдаў даў урачыстае абяцаньне Брэжневу, што Ўзбэкістан штогод будзе пастаўляць рэкордныя 6 мільёнаў тон бавоўны. Абяцаньне было невыканальным: рэальных рэсурсаў для такіх аб’ёмаў не было. Але Маскве гэтага дужа хацелася: лічылася, што ў такім выпадку ўдасца абысьціся бязь імпарту баваўнянай сыравіны. А яна была вельмі патрэбна ня толькі для тэкстыльных фабрык, але і для вайсковай прамысловасьці як сыравіна для вырабу бяздымнага пораху, які прымяняецца ў ракетабудаваньні. Выканаць нерэальныя пляны можна было толькі на паперы: праз прыпіскі, двайную бухгальтэрыю, шматузроўневую піраміду хлусьні, крадзяжу і хабарніцтва.

Помнік Рашыдаву ва Ўзбэкістане
Помнік Рашыдаву ва Ўзбэкістане

Брэжневу вельмі падабаліся паслухмянасьць, гігантаманія Рашыдава і ягоныя пераможныя справаздачы. На ўзбэцкага лідэра сыпаўся залаты дождж узнагарод за нібыта «нечуваныя дасягненьні». Дзьве залатыя Зоркі Героя Сацпрацы, дзесяць ордэнаў Леніна (найвышэйшых у СССР), Ленінская прэмія... Падлічана, што за пяць гадоў (з 1979-га па 1985-ы) ва Ўзбэкістане прыпісалі 5 мільёнаў тон бавоўны, за якую атрымалі ад Масквы больш за 3 мільярды рублёў (прычым палова гэтай сумы была скрадзеная).

Юрый Андропаў, які прыйшоў да ўлады ў СССР пасьля сьмерці ў 1982 годзе Леаніда Брэжнева і які яшчэ на пасадзе кіраўніка КДБ ведаў пра маштаб прыпісак і хлусьлівых справаздач, на пачатку 1983-га даў загад жорстка расьсьледаваць «баваўняную справу». Ва Ўзбэкістан была выслана група дасьведчаных сьледчых з цэнтру. Вынік: 790 крымінальных спраў, 4,5 тысячы чалавек прыцягнуты да суду, тоны сканфіскаванага ў арыштаваных чыноўнікаў золата, дзясяткі мільёнаў рублёў гатоўкай, некалькі самагубстваў...

Сам Рашыдаў гэтага ўжо ня ўбачыў: ён раптоўна памёр у кастрычніку 1983-га ў 65-гадовым узросьце, знаходзячыся ў службовай паездцы па рэспубліцы. Пахавалі яго зь вялікай пашанай, у самым цэнтры Ташкента, насупраць музэя Леніна. Плянавалася, што ў будучыні магіла стане цэнтрам мэмарыяльнага комплексу. Але тут раптоўна пачалося расьсьледаваньне «баваўнянай справы» і выявілася, што не такі ўжо Рашыдаў і герой. Летам 1984-га ў Ташкент прыбыла дэлегацыя ЦК КПСС на чале зь Лігачовым — выбіраць новага партыйнага лідэра Ўзбэкістану. Адчуўшы, які вецер дзьме з Масквы, усе выступоўцы на пленуме, якія яшчэ нядаўна кляліся ў вернасьці Рашыдаву, як адзін выкрывалі яго як дэспата, карупцыянэра, нецярпімага да чужой думкі, стваральніка атмасфэры рабалепства, кумаўства і прыпісак. У выніку замест таго, каб узводзіць мэмарыял, пленум пастанавіў цела Рашыдава з ганаровага месца ў цэнтры Ташкента эксгумаваць і перапахаваць на могілках. Так і зрабілі.

Праўда — толькі «для службовага карыстаньня»

Не дапускаючы праўдзівага інфармаваньня ўласнага грамадзтва, кіроўная партыйная кляса ў СССР усё ж мела патрэбу ў аб’ектыўнай інфармацыі: бяз гэтага сыстэма кіраваньня была сьляпая і глухая і не магла прымаць хоць колькі-небудзь адэкватных рэальнай сытуацыі рашэньняў. Адзіным магчымым выйсьцем стала паралельная параўнальна аб’ектыўная сыстэма інфармаваньня высокапастаўленых службовых асобаў. Ня толькі спэцслужбы, але і многія іншыя ведамствы (упраўленьні дзяржаўнай статыстыкі, інфармацыйныя агенцтвы, многія міністэрствы) распаўсюджвалі больш-менш дакладную інфармацыю пад грыфамі «для службовага карыстаньня», «сакрэтна», «не падлягае публікацыі», «не для друку», «асабіста». Гэтыя паведамленьні развозілі ў адпаведнасьці з адмысловым сьпісам адрасатаў спэцыяльныя кур’еры — пад асабісты росьпіс, для азнаямленьня высокіх начальнікаў. Прычым размова ішла зусім не пра нейкія вайсковыя стратэгічныя таямніцы ці дзяржаўныя сакрэты, а менавіта пра тое, што датычыла штодзённага жыцьця і побыту людзей. Напрыклад, пра тое, што ў краіне здарыўся чарговы неўраджай і ў шэрагу рэгіёнаў узьніклі перабоі з самым неабходным — хлебам, малаком, мясам. Альбо што недзе ў вялізнай чарзе па каўбасу ці гарэлку адбылася масавая бойка і ёсьць пацярпелыя (а здаралася, і забітыя). Ці пра масавае незадавальненьне ў нейкай мясцовасьці вернікаў, у якіх адабралі і закрылі царкву. Прачытаць пра нешта падобнае ў савецкіх газэтах было немагчыма: калі б нехта і адважыўся надрукаваць, тут жа палічылі б «антысаветчынай», а аўтар пайшоў бы пад суд паводле артыкулу «аб антысавецкай агітацыі і прапагандзе». А па так званых «закрытых каналах» падобная інфармацыя праходзіла і партыйныя бонзы былі больш-менш у курсе, што сапраўды адбывалася ў краіне.

Чарга па цыгарэты ў Маскве, 1990
Чарга па цыгарэты ў Маскве, 1990

Цікава, што, шукаючы крыніцы альтэрнатыўнай аб’ектыўнай інфармацыі, улады ў СССР і ў іншых краінах «сацыялістычнага лягеру» ў 60-70-я гады праявілі вялікі інтарэс да зьместу перадач Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, а таксама іншых заходніх радыёстанцый, якія ў пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі вялі актыўнае вяшчаньне на Савецкі Саюз і краіны Ўсходняй Эўропы. У спэцслужбах былі створаныя адмысловыя аддзелы дзеля «радыёперахопу» (праслухоўваньня і запісу радыёперадач) з наступным выкладаньнем на паперы найбольш цікавай і важнай для савецкіх уладаў інфармацыі, якую немагчыма было атрымаць з уласнай прэсы, перапоўненай прапагандай «дасягненьняў і посьпехаў». Матэрыялы гэтых «радыёперахопаў» потым у выглядзе дакладных запісак і спэцлістоў «для службовага карыстаньня» таксама распаўсюджваліся сярод намэнклятурных кіраўнікоў.

Раздражнёны хлусьнёй падначаленых Лукашэнка змушаны будзе пайсьці падобным жа шляхам. Ён ужо цяпер папярэджвае схільных да лісьлівасьці і ашуканства прыдворных, што ў яго «ёсьць рычагі», каб здабываць праўдзівую інфармацыю. «Рычагі» гэтыя вядомыя — закрытыя зьвесткі спэцслужбаў, Сьледчага камітэту, негалосных кантралёраў. А яшчэ — адмыслова падабраная інфармацыя зь недзяржаўнай і замежнай прэсы, вывуджаная памочнікамі ды кансультантамі з забароненых у Беларусі інтэрнэт-рэсурсаў. І карціну сьвету першай асобы фармуе найперш той, хто падбірае і складае зьмесьціва тэчак і даведак, якія кладуцца потым на стол першай асобы. І ў гэтым выпадку гаварыць пра поўную аб’ектыўнасьць і бесстароннасьць не выпадае. Бо сярод набліжаных да «трона» існуе перапляценьне розных інтарэсаў, інтрыг, суб’ектывізму і ўласных густаў, сымпатый ды антыпатый — як звычайна заведзена ў цесным чыноўніцкім сьвеце.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG