Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыцьцё падштурхоўвае Менск і Кіеў да прагматычных дамоўленасьцяў «аб ненападзеньні», — украінскі палітоляг Фясенка


Мяжа паміж Украінай і Беларусьсю ў часе вайны. Архіўнае фота
Мяжа паміж Украінай і Беларусьсю ў часе вайны. Архіўнае фота

Украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка аналізуе апошняе абвастрэньне беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў, заяўляе пра імавернасьць існаваньня паміж Менскам і Кіевам нефармальнай дамовы «аб ненападзеньні» і лічыць, што Лукашэнка яшчэ мае пэўную аўтаномію ў прыняцьці рашэньняў.

Сьцісла:

  • У Кіеве лічаць, што імавернасьць прамога ўварваньня з боку Беларусі на гэты момант ня вельмі высокая.
  • Лукашэнка разумее велізарныя рызыкі ўцягваньня Беларусі ў вайну.
  • Яшчэ з канца 2022 году паміж Менскам і Кіевам існавалі і працягваюцца нефармальныя, неафіцыйныя кантакты.
  • Нельга атаясамліваць пазыцыю Лукашэнкі і пазыцыю Пуціна.
  • Лукашэнка мае пэўную аўтаномію ў прыняцьці рашэньняў.
  • Лукашэнку ня вельмі давяраюць у Кіеве, але на ўсялякі выпадак зь ім дамовіліся.
  • Вызваленьне палітвязьняў — гэта ня больш чым тактычны прыём.
  • У адносінах з Расеяй наўрад ці атрымаецца вярнуцца да той мадэлі адносін, калі рэжым Лукашэнкі меў значна больш аўтаноміі, чым цяпер.
  • Кіеў і Менск не жадаюць вайны. І гэта падштурхоўвае іх да прагматычных дамоўленасьцяў «аб ненападзеньні».

— Апошнім часам абвастрылася сытуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы — пасьля інфармацыі, што туды накіравалася пэўная колькасьць беларускіх вайскоўцаў. МЗС Беларусі і Ўкраіны абмяняліся даволі рэзкімі заявамі. З другога боку, прадстаўнікі ўкраінскіх памежнікаў кажуць, што істотнага павялічэньня беларускіх вайскоўцаў ля мяжы не назіраецца. Наколькі сур’ёзна ў Кіеве ўспрынялі гэтыя крокі Лукашэнкі? Ці лічаць, што ён такім чынам вымушаны проста хоць як дэманстраваць сваю адданасьць Маскве?

— Галоўная версія пры тлумачэньні гэтых падзеяў наступная: гэта рэакцыя Лукашэнкі на ціск і крытыку з боку Масквы, якая прагучала ў ягоны адрас пасьля пачатку ўкраінскай апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі. Лукашэнку тады ў Расеі абвінавацілі, што ён адвёў беларускія войскі ад украінскай мяжы, і гэта нібыта дало магчымасць УСУ пачаць ваенную аперацыю ў Курскай вобласьці.

Уладзімір Фясенка
Уладзімір Фясенка

Гэта не зусім так, але Лукашэнка вымушаны быў рэагаваць, абвяргаць гэта і заявамі, і канкрэтнымі дзеяньнямі. У прыватнасьці, перасоўваньнем вайскоўцаў бліжэй да ўкраінска-беларускай мяжы. І ўкраінскае кіраўніцтва на ўсялякі выпадак зрабіла папярэджаньне. У Кіеве разумеюць, што імавернасьць прамога ўварваньня з боку Беларусі на дадзены момант ня вельмі высокая, але на ўсялякі выпадак папярэдзілі, што ў выпадку нейкіх правакацыяў або заходу на ўкраінскую тэрыторыю будзе вельмі хуткі і жорсткі адказ.

Я думаю, сам Лукашэнка разумее велізарныя рызыкі ўцягваньня Беларусі ў вайну. Прынамсі зь дьзвюх прычынаў. Ён разумее, што беларускі народ ня хоча вайны, у краіне зусім іншыя настроі і іншае стаўленьне да гэтай вайны, чым у Расеі.

Па-другое, Лукашэнка выдатна разумее, што ўцягваньне Беларусі ў вайну стварае велізарныя рызыкі для захаваньня ягонага рэжыму. Інстынкт самазахаваньня зьяўляецца галоўным для Лукашэнкі. Таму ён манэўруе. Ён хоча Пуціну паказаць сваю ляяльнасць і адданасьць. Але вайны ён ня хоча, таму гуляе ў імітацыйныя гульні. Спрабуе пазьбегнуць праблем у выпадку вайны з Украінай і ня хоча пагаршэньня адносінаў з Пуціным.

— Вы згадалі слова «правакацыі». Сапраўды, усім відавочна, што нейкае «ўварваньне» з тэрыторыі Беларусі на сёньня не зьяўляецца рэальным. Беларускіх войскаў там мала, украінская абарончая інфраструктура дастаткова падрыхтаваная. Але калі Масква паставіць сабе за мэту праз нейкую правакацыю ўцягнуць Беларусь у ваенныя дзеньні? Якімі ў такой гіпатэтычнай сытуацыі будуць дзеяньні афіцыйнага Кіева? Максымальна стрымлівацца або адразу даць вельмі рэзкі адказ?

— Я ня думаю, што ўкраінскі бок будзе адразу дэманстраваць нейкія сілавыя дзеяньні — вядома, акрамя сытуацыі спробы пачатку ваенных дзеяньняў на ўкраінскай тэрыторыі. Рызыкі магчымых правакацыяў, вядома, прымаюцца да ўвагі.

Паміж беларускімі і ўкраінскімі сілавымі ведамствамі былі дамоўленасьці, каб пазьбягаць сілавога супрацьстаяньня на ўкраінска-беларускай мяжы. І, магчыма, яны абмеркавалі, як дзейнічаць, калі будуць правакацыі, якія могуць зрабіць прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў. Паколькі такая рызыка існуе, мяркую, дамовіліся пра альгарытм кантролю сытуацыі, магчыма, існуе нейкі мэханізм гарачай сувязі на такі выпадак.

Паводле некаторых дадзеных, якія зьяўляліся ва ўкраінскіх СМІ, апрацоўваньнем кантакту зь Беларусьсю займаўся Буданаў, кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны. Магчыма, нейкія нефармальныя каналы і набор дзеяньняў для нэўтралізацыі магчымых правакацыяў былі прапрацаваны яшчэ ў мінулым годзе. Будзем, ва ўсякім выпадку, на гэта спадзявацца. Дакладна мы ня ведаем. Але думаю, што сцэнар магчымых правакацый прымаўся ў разьлік і адпаведныя супрацьдзеяньні былі прапрацаваны загадзя.

— Вашы словы сьведчаць, што афіцыйны Кіеў успрымае Лукашэнку як у нейкай ступені незалежнага палітыка. Хаця і ва ўкраінскай, і ў беларускай публіцыстыцы часьцей прысутнічае іншае меркаваньне, што ён як мінімум васал, а то і раб Масквы, Пуціна. Але вашы разважаньні не супадаюць з такой высновай...

— Я не падзяляю той пункт гледжаньне, які атаясамлівае пазыцыю Лукашэнкі і пазыцыю Пуціна. Натуральна, Лукашэнка вельмі залежны ад Крамля. У яго свой альгарытм узаемадзеяньня з Пуціным у выбіваньні грошай і іншых відаў дапамогі ад Расеі, у нэўтралізацыі розных рызык у працэсе інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы».

І найперш што тычыцца вайны. Напрыклад, Лукашэнка амаль у рэжыме нон-стоп праводзіў вайсковыя вучэньні яшчэ з 2022 году. Гэта была такая дэманстрацыя, што вось я разам з вамі, калі што, дапамагу, але ў вайну не ўступаю. І разьмяшчэньне тактычнага ядзернага ўзбраеньня на тэрыторыі Беларусі — гэта ўсё, вядома, гульня паводле крамлёўскіх сцэнароў.

Але ўсё-такі я прытрымліваюся думкі, што ёсьць адрозненьні ў інтарэсах Лукашэнкі і Пуціна. Бо галоўны інтарэс Лукашэнкі — гэта захаваньне ўласнай улады. Таму ён манэўруе і ў трыкутніку Масква — Пэкін — Менск, гэта таксама прыкметна, і манэўруе ў працэсе вайны паміж Расеяй і Ўкраінай. Гэта самае складанае для Лукашэнкі.

Я думаю, што ў яго ўсё ж такі ёсць пэўная аўтаномія. Ва ўсякім разе, разуменьне ўласных інтарэсаў: што можна, а чаго нельга рабіць.

Ёсьць іншая праблема — праблема даверу да Лукашэнкі. Паводле некаторых дадзеных, нібыта былі нейкія таемныя дамоўленасьці афіцыйнага Кіева з рэжымам Лукашэнкі «аб ненападзеньні». Я так умоўна кажу, бо гэта неафіцыйная формула, крыху мэтафарычная. Аб тым, каб пазьбегнуць рызык прамога ваеннага сутыкненьня.

Хто, як, якім чынам гэта афармляў — я думаю, мо калі-небудзь мы даведаемся. Але пакуль можам рабіць толькі здагадкі. Думаю, што Лукашэнку ня вельмі давяраюць, але на ўсялякі выпадак зь ім дамовіліся. Пэўны кантынгент войскаў на мяжы зь Беларусьсю Ўкраіна трымае. Пэрыядычна іх умацоўвае, праводзіць меры бясьпекі.

Абодва бакі, папраўдзе, адзін аднаму ня вельмі давяраюць. Лукашэнка баіцца Ўкраіны і ўкраінскіх войскаў. Нашыя асьцерагаюцца рызык уварваньня з беларускай тэрыторыі. Хаця разумеюць, што на гэта пойдзе хутчэй расейскі бок, а не Лукашэнка. Таму Кіеў дзейнічае паводле прынцыпу: «Давярай, але правярай».

Даверу да Лукашэнкі няма. Але, тым ня менш, прымаецца да ўвагі яго інстынкт самазахаваньня. Пэрыядычна, я думаю, яму паказваюць літаральна на пальцах, чым можа скончыцца гульня з агнём супраць Украіны.

— Зараз шмат абмяркоўваюць некаторыя апошнія крокі Лукашэнкі, ягонае відавочнае імкненьне балянсаваць. Вызваліў пару дзясяткаў палітвязьняў, пэўныя прымірэнчыя заявы ў бок Польшчы, аслабленьне мігранцкага крызісу, той самы адвод войскаў ад украінскай мяжы (пакуль Масква не цыкнула). Калі б ён рэальна захацеў, ці мае ён пэрспэктывы хоць крыху вызваліцца ад гэтага маскоўскага дыктату?

— Калі рэальна ацаніць сітуацыю, наўрад ці Лукашэнка мае шанцы вызваліцца ад маскоўскага дыктату. На жаль, ён сам даўно ўжо загнаў сябе ў пастку залежнасьці ад Масквы, а цяперашняя вайна гэтую залежнасьць толькі ўзмацніла. І Лукашэнка кідаецца, як паранены зьвер, ён разумее велізарныя рызыкі для сябе і шле сыгналы ў самыя розныя бакі.

З аднаго боку, зь Менску гучаць пагрозы — маўляў, у выпадку чаго беларускае войска разам з расейскім можа выконваць ня толькі абарончыя задачы. Але пры гэтым Лукашэнка ў цэлым у шэрагу выпадкаў пайшоў на канструктыўныя дзеяньні. Паўдзельнічаў у абмене. Зразумела, што тут расейскі бок быў галоўным контрагентам. Але Лукашэнка зноў-такі пагуляў у гэтую жорсткую і мяккую стылістыку. Спачатку сьмяротны прысуд нямецкаму грамадзяніну, а потым яго вызвалілі.

Былі адпаведныя жэсты ў адносінах да палякаў. Вызваленьне палітвязьняў у ранейшыя часы маглі назваць і некаторай лібэралізацыяй рэжыму. Але думаю, што гэта ня больш як тактычны прыём. Лукашэнка, думаю, цяпер такім чынам дасылае сыгнал на Захад: маўляў, я не хачу з вамі канфлікту, наадварот, гатовы да некаторага зьмякчэньня адносін.

Але з Расеяй наўрад ці атрымаецца вярнуцца да той мадэлі адносін, калі рэжым Лукашэнкі меў значна больш аўтаноміі, чым цяпер. Залежнасьць узмацняецца. Цяпер, магчыма, ён спрабуе за кошт актывізацыі кантактаў з Пэкінам зьнізіць крыху залежнасьць ад Масквы, але гэта будзе складана. А з Захадам вярнуцца да ранейшых стасункаў ужо нерэальна.

Ды і ва Ўкраіны стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі прынцыпова зьмянілася. Цяперашнія «нефармальныя дамоўленасьці» маюць вымушаны характар. Рэальны стан украінска-беларускіх адносінаў — гэта сур’ёзны і глыбокі крызіс. Бо практычна спыніўся гандаль, мяжа стала пунктам патэнцыйнага канфлікту. З боку Беларусі па нас ужо наносіўся ўдар у 2022 годзе.

На выпраўленьне гэтай сытуацыі можа пайсьці вельмі вялікі пэрыяд часу, калі ня здарыцца нейкіх сур’ёзных палітычных зьмен у Беларусі. Але абодва бакі не жадаюць вайны. І гэта падштурхоўвае іх да прагматычных дамоўленасьцяў «аб ненападзеньні». Таму дамінуе жорсткі і цынічны прагматызм, які грунтуецца на тым, каб не дапусьціць горшага сцэнару, прамога ваеннага сутыкненьня. У астатнім адносіны паміж дзьвюма краінамі застаюцца канфліктнымі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG