Сельскагаспадарчую прадукцыю, вывезеную з акупаваных тэрыторый Украіны, перапрацоўваюць у Беларусі, высьветліў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар дзякуючы выцеку дакумэнтаў.
Расьсьледаваньне падрыхтаваў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) пры падтрымцы суполкі ўкраінскіх хакераў KibOrg, беларускіх «Кібэрпартызан» і праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы». У ім расказваецца, як Расея ў парушэньне нормаў міжнароднага гуманітарнага права вывозіць збожжа і іншыя сельгаскультуры, вырашчаныя на ўкраінскіх землях, і накіроўвае на свае экспартныя рынкі пад выглядам расейскіх.
У першай частцы расьсьледаваньня БРЦ раней расказваў, як херсонская пшаніца раней трапляла ў Азэрбайджан і Турэччыну, кукуруза — у Сырыю, ячмень — у Іран, а крымскі гарох — у Гішпанію. Частку збожжавых і алейных у Расеі куплялі краіны Балтыі, Грэцыя, Бэльгія і некаторыя іншыя краіны Эўразьвязу. Каб спыніць такія пастаўкі, Эўракамісія з 1 ліпеня 2024 году ўвяла забараняльную пошліну на ўвоз збожжавых, насеньня алейных і прадуктаў іх перапрацоўкі з Расеі і Беларусі.
Другая частка расьсьледаваньня БРЦ расказвае пра пастаўкі насеньня рапсу з акупаваных раёнаў Херсонскай вобласьці ў Беларусь.
Са зьвестак расейскай Фэдэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сыстэмы «Зерне», якія БРЦ атрымаў ад украінскіх хакераў KibOrg, вынікае, што было аформлена таварасуправаджальных дакумэнтаў для паставак у Беларусь сама менш на 4,9 тысячы тон рапсу (гэта пастаўкі, якія зарэгістраваныя на сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі або ўзгадваліся пры зносінах з прадстаўнікамі кампаній-экспартэраў).
Як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, украінскі фэрмэр Сяргей Максіменка, кіраўнік і сузаснавальнік ТАА «Світанок» зь мястэчка Сіваскае Херсонскай вобласьці Ўкраіны, трапіў у палон падчас расейскай акупацыі Ўкраіны і пасьля стаў супрацоўнічаць з расейскай уладай. Ён атрымаў расейскае грамадзянства і зарэгістраваў ТАА «Світанок» паводле расейскіх законаў. Гаспадарка прадавала насеньне рапсу расейскаму ТАА «Торгтрейд». Агулам у 2023 годзе гэтая кампанія вывезла 113 партый насеньня азімага рапсу агульнай вагой 2,6 тысячы тон, большая частка гэтых грузаў прызначалася для паставак беларускаму ААТ «Наваельнянскае міжрайагразабесьпячэньне». Мяркуючы па лічбах з дэклярацыяў, якія ёсьць у распараджэньні БРЦ, цэны на ўкраінскі рапс для беларускіх кампаній былі істотна ніжэйшыя за рынкавыя.
БРЦ ня змог зьвязацца з фэрмэрам Сяргеем Максіменкам, але журналіст БРЦ здолеў пагаварыць з дырэктарам расейскага ТАА «Торгтрейд» (зарэгістраванага ў 2022 годзе ў Грозным) Вадзімам Аляксеевым. Аляксееў сказаў, што ў асноўным закупляе насеньне сланечніку і рапсу з акупаваных Херсонскай і Запароскай абласьцей, а таксама з Крыму. На пытаньне пра рынкі, на якія кампанія працуе, Вадзім Аляксееў адказаў: «У мяне — Рэспубліка Беларусь».
Паводле БРЦ, таксама вывазам рапсу з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь займалася кампанія ТАА «Вялес-Агра», вынікае са зьвестак расейскай Фэдэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сыстэмы «Зерно». Кіраўніком і адзіным заснавальнікам «Вялес-Агра» лічыцца грамадзянін Кіргізстану Сяргей Вярхошынскі. Атрымаць камэнтар прадстаўнікоў фірмы БРЦ не ўдалося.
Як паведамляе БРЦ, у сыстэме «Зерно» ўдалося знайсьці 53 партыі рапсу агульнай вагой 1171 тона, якія прызначаліся для беларускіх прадпрыемстваў ТАА «Аграпрадукт» і ЗАТ «Аблрапсаграсэрвіс». Таксама з сыстэмы «Зерне» вынікае, што вывазам рапсу з акупаваных украінскіх рэгіёнаў у Беларусь у 2023 годзе займалася маскоўская кампанія «Агратрэйд»: яна фігуруе ў дакумэнтах на 30 паставак насеньня рапсу агульным аб’ёмам 671,8 тысячы тон для Навабеліцкага камбінату хлебапрадуктаў і ТАА «Аграпрадукт». Адно зь месцаў паходжаньня прадукцыі — Херсонская вобласьць.
Рапс з Херсоншчыны ў Беларусь вывозілі ня толькі кампаніі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі. У 2023 годзе ІП Аляксей Лук’янчанка з Барнаулу павінен быў паставіць дзевяць партый насеньня рапсу вагой 289,3 тоны філіялу беларускага ААТ «Гомельхлебапрадукт» — Навабеліцкаму КХП. Усе партыі сфармавалі ў красавіку 2023 году ў пасёлку Наватроіцкае Херсонскай вобласьці.
Мяркуючы па лічбах з дэклярацый па пастаўках украінскага рапсу, якія ёсьць у распараджэньні БРЦ, цэны на яго для беларускіх кампаній былі ніжэйшыя за рынкавыя прыкладна на 25%.
Цалкам расьсьледаваньне БРЦ можна пачытаць па спасылцы.
Форум