Заява прагучала пасьля абвінавачаньня МЗС Украіны на адрас беларускіх уладаў у тым, што зь беларускага боку да ўкраінскай мяжы падведзеныя беларускія вайскоўцы і баевікі групоўкі «Вагнэр».
Як паведаміла агенцтва Reuters, расейская група наймітаў «Вагнэр» заявіла ў панядзелак, што яна дзейнічала толькі ў Афрыцы і ў Беларусі, саюзьніцы Расеі, і што яе салдаты больш ня ўдзельнічаюць у вайне ва Ўкраіне. Украіна ў нядзелю заклікала Беларусь адвесьці, як яна назвала, значныя сілы, разгорнутыя ўздоўж іх агульнай мяжы. У заяве гаворыцца, што яны ўключаюць беларускія сілы спэцыяльнага прызначэньня і былых наймітаў ПВК «Вагнэр».
У рэдкай заяве група «Вагнэр» паведаміла, што яе ўдзельнікі працуюць толькі ў Афрыцы і Беларусі.
«Ніякіх падразьдзелаў кампаніі няма ні ў Нацыянальнай гвардыі РФ, ні ў шэрагах Мінабароны Расеі, ні дзе-небудзь яшчэ», — гаворыцца ў паведамленьні. «Вагнэр» «на гэтым этапе ня ўдзельнічае ў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», — заявіла група, ужыўшы тэрмін Крамля, які выкарыстоўваецца для вайны ва Ўкраіне.
Reuters не змагло праверыць гэтую заяву.
«У выпадку зьмены сытуацыі гэта будзе агучана», — сказалі ў «Вагнэры».
Роля «Вагнэра» ў Афрыцы, напрыклад у падтрымцы ваеннай хунты ў Малі, выклікае непакой у Захаду. Ва Ўкраіне групоўка актыўна ўдзельнічала ў пачатку ваенных дзеяньняў Расеі, асабліва ў доўгай бітве за ўкраінскі горад Бахмут, які яна нарэшце захапіла ў траўні 2023 году. У наступным месяцы яе заснавальнік Яўгеній Прыгожын узначаліў кароткачасовы мяцеж супраць абароннага ведамства Расеі. Ён і іншыя высокапастаўленыя фігуры «Вагнэра» загінулі ў авіякатастрофе 23 жніўня 2023 г.
26 жніўня Міністэрства замежных спраў Украіны са спасылкай на ўкраінскія выведныя службы заявіла, што Беларусь «пад выглядам вучэньняў канцэнтруе» ўзброеныя сілы ў Гомельскай вобласьці, побач з украінскай мяжой.
Паводле афіцыйнага Кіева, узброеныя сілы Беларусі «пад выглядам вучэньняў канцэнтруюць значную колькасьць асабовага складу, узбраеньняў і вайсковай тэхнікі, у тым ліку танкаў, артылерыі, зэнітных ракет, сродкаў супрацьпаветранай абароны і інжынэрных сродкаў.
У МЗС Украіны адзначылі, што беларускія войскі дысьлякуюцца ў Гомельскай вобласьці ля паўночных межаў Украіны. Тамсама была заўважаная прысутнасьць наймітаў былой ПВК «Вагнэр».
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.
Форум