Падчас нядзельнай сустрэчы зь вернікамі папа Рымскі зазначыў, што «адчувае асьцярогі» ў сувязі зь нядаўна прынятым законапраектам, адзначыўшы, што ён можа ўдарыць па простых верніках. Словы пантыфіка прыводзяць, у прыватнасьці, France Presse і Vatican News.
«Ніхто ня робіць зла тым, што моліцца. Калі нехта ўчыняе зло супраць свайго народу, ён будзе вінаваты ў гэтым, але нельга лічыць злом тое, што ён маліўся», — сказаў Францішак, дадаўшы, што вернікам трэба дазволіць маліцца ў той царкве, якую яны лічаць сваёй.
«Калі ласка, няхай ніводная хрысьціянская царква не будзе скасаваная прама або ўскосна: цэрквы ня трэба чапаць», — сказаў Папа Рымскі, заклікаўшы вернікаў маліцца «за мір».
Ён таксама зазначыў, што «з болем сочыць за баявымі дзеяньнямі ва Ўкраіне і Расейскай Фэдэрацыі».
- 24 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны падпісаў прыняты раней Вярхоўнай Радай законапраект, які забараняе ў краіне дзейнасьць Расейскай праваслаўнай царквы, а таксама рэлігійных арганізацый, якія кіруюцца з Расеі.
- Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы са статуту прыбралі згадку пра Маскоўскі патрыярхат. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).
- Ва УПЦ заяўляюць, што царква ўжо незалежная ад Масквы, рашэньне аб гэтым было прынята неўзабаве пасьля расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Украіну. Аднак афіцыйна царква не аб’яўляла аб аўтакефаліі. Украінскія ўлады, прааналізаваўшы дакумэнты, прыйшлі да высновы, што УПЦ па-ранейшаму зьвязана з Расеяй. Акрамя таго, у дачыненьні да шэрагу яе ярархаў і сьвятароў завялі крымінальныя справы праз падазрэньні ў супрацоўніцтве з Расеяй.
Форум