Вярхоўная Рада ўхваліла праект закону аб забароне ва Ўкраіне Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) і афіліяваных зь ёй рэлігійных арганізацый.
Як паведаміў дэпутат украінскага парлямэнту Аляксей Ганчарэнка, законапраект падтрымалі 265 парлямэнтароў.
У прыватнасьці, дэпутаты дапоўнілі артыкул 5 закону «Пра свабоду сумленьня і рэлігійныя арганізацыі» нормай, якая не дазваляе дзейнасьць рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву Царквы, кіроўны цэнтар якой знаходзіцца ў Расеі.
Апроч таго, праект закону прадугледжвае, што ў выпадку выяўленьня парушэньняў дзейнасьць рэлігійнай арганізацыі можна спыніць у судовым парадку па пазове цэнтральнага органу выканаўчай улады.
Раней сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Руслан Стэфанчук заяўляў, што пасьля набыцьця юрыдычнай моцы закону ўсе цэрквы, якія маюць сувязь з РПЦ, мусяць разарваць свае дачыненьні з Масквой цягам 9 месяцаў.
У сьнежні 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі.
Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы са статуту прыбралі згадку пра Маскоўскі патрыярхат. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).
Форум