Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуда пра вызваленьне Пачобута: «Думаю, мы нашмат бліжэй. Я бачу сымптомы зьменаў зь беларускага боку»


Беларускі журналіст Анджэй Пачобут, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Беларускі журналіст Анджэй Пачобут, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Варшава працягвае працу па вызваленьні беларускага палітвязьня, журналіста і сябра Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 24 жніўня ў інтэрвію Kanał Zero, заўважыла выданьне «Позірк».

«Я думаю, мы нашмат бліжэй [да вызваленьня Пачобута — рэд.]. Мы не на паўкрока бліжэй. <...> Мы вельмі старанна працуем, і я бачу сымптомы зьменаў зь іншага боку. <...> Мы значна бліжэй», — сказаў Дуда.

Гаворачы пра вызваленьне Аляксандрам Лукашэнкам шэрагу палітвязьняў, польскі прэзыдэнт адзначыў, што «гэтая невялікая адліга» адбылася пасьля ягонага «вяртаньня з Кітаю».

Паводле Дуды, Варшава «рознымі спосабамі» дамагаецца вызваленьня Анджэя Пачобута. «Мы не забываем пра гэтую справу, імкнемся да гэтага», — дадаў ён.

Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць вызваленьня Пачобута ў рамках праведзенага 1 жніўня абмену зьняволенымі паміж Расеяй, ЗША і некалькімі іншымі краінамі прэзыдэнт Польшчы сказаў, што «польскія ўлады даведаліся пра гэта ў апошнюю хвіліну».

«Мы ня ўдзельнічалі ў гэтых перамовах. Гэта праўда. Гэтыя перамовы вялі амэрыканцы. Амэрыканцы размаўлялі з Расеяй. Менавіта яны вялі гэтыя перамовы з самага пачатку. Гэта ўсё, што я магу сказаць пра гэта», — паведаміў Дуда.

«Да нас, як да саюзьнікаў, быў зьвернуты заклік аб правядзеньні абмену, — дадаў ён, маючы на ўвазе вызваленьне з польскай турмы меркаванага агента ГРУ Расеі Паўла Рубцова, якога абвінавачвалі ў шпіянажы. — [Пагадзіцца на такія ўмовы абмену] — гэта было цяжкае рашэньне. Гэта рашэньне павінен быў прыняць прэм’ер-міністар, ён гаварыў са мной раней», — распавёў Дуда.

Пры гэтым прэзыдэнт Польшчы зьвярнуў увагу, што Варшава мела магчымасьць «заблякаваць абмен», але гэта магло стварыць «сур’ёзную праблему» ў выпадку, калі б Пачобут не пагадзіўся з такімі ўмовамі вызваленьня.

«Я ня ведаю, ці хацеў бы ён, каб яго абмянялі на шпіёнаў без магчымасьці вярнуцца ў Беларусь. І, такім чынам, без магчымасьці быць са сваёй сям’ёй. Без магчымасьці быць нармальным грамадзянінам», — удакладніў палітык.

Ён падкрэсьліў, што Пачобут «арыштаваны незаконна, ён невінаваты» і таму «яго сьвятое права — выйсьці з гэтай турмы і мець магчымасьць перасоўвацца па Беларусі, як яму захочацца» як грамадзяніну Беларусі. Над вызваленьнем журналіста, падкрэсьліў Дуда, Варшава працуе ўжо некалькі гадоў.

«Мы прыдумалі розныя магчымасьці, каб вызваліць яго з турмы [яшчэ] некалькі гадоў таму <...>. Ён не пагадзіўся зь некаторымі рашэньнямі, якія мы прапанавалі», — сказаў прэзыдэнт Польшчы.

  • 4 жніўня 2024 году намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна ў эфіры Polsat News паведаміў, што вызваленьне Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў абмяркоўваецца «наўпрост зь Беларусьсю».
  • 9 жніўня ў эфіры TVN24 кіраўніца канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Малгажата Папроцка заявіла, што Пачобут «ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці туды вярнуцца» і дадала, што «да палітвязьня трэба ставіцца вельмі сур’ёзна». Паводле яе, «ёсьць адпаведныя каналы для кантакту з Пачобутам», гэтае пытаньне ўвесь час «стаіць на парадку дня прэзыдэнта Польшчы2.
  • 12 жніўня кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая сустракалася з Пачобутам у красавіку 2024 году, заявіла ў камэнтары Rzeczpospolita, што журналіст пагадзіўся пакінуць краіну ў выпадку вызваленьня.
  • У лютым 2023 году Горадзенскі абласны суд прысудзіў Пачобуту 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за заклікі да санкцый, «накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» і «распальваньне варожасьці». Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
  • Пасьля гэтага Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG