У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што непасрэдна ўздоўж лініі мяжы з боку Беларусі не зафіксавалі перамяшчэньня вайсковай тэхнікі і асабовага складу, хоць не выключаюць, што гэта можа адбывацца ў глыбіні беларускай тэрыторыі на ўкраінскім кірунку.
«Калі казаць непасрэдна пра лінію мяжы і тое, што мы можам назіраць на максымальный блізкасьці да нашай мяжы, то сытуацыя ў цэлым за апошні час не зьмянілася. Сілы абароны нашай краіны — і памежнікі, і Ўзброеныя сілы, і Нацыянальная гвардыя — цалкам кантралююць лінію мяжы зь Беларусьсю на ўсёй яе працягласьці», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону 22 жніўня.
Паводле яго, ніякіх нестандартных сытуацый ці правакацыйных дзеяньняў за апошні пэрыяд на гэтым кірунку не заўважылі. «За тым, што адбываецца ў глыбіні тэрыторыі Беларусі, наколькі сытуацыя можа зьмяняцца і наколькі яна можа быць пагражальнай для Ўкраіны, вядома ж, сочаць падразьдзелы нашай выведкі, каб у далейшым можна было рэагаваць адэкватна і аб’ектыўна на тыя выклікі, якія могуць быць», — дадаў ён.
Андрэй Дземчанка падкрэсьліў, што беларускі кірунак застаецца пагражальным для Ўкраіны, пакуль Беларусь застаецца ў сфэры ўплыву Расеі. Таму, паводле яго, Украіна не спыняе дзейнасьці ва ўмацаваньні мяжы на паўночным кірунку.
«Цяпер сытуацыя такая, што мы ня бачым перамяшчэньня непасрэдна каля нашай мяжы ні тэхнікі, ні асабовага складу падразьдзелаў арміі Беларусі. Я не выключаю, што, каб дагадзіць Крамлю, Беларусь можа трымаць пэўныя свае сілы ў глыбіні свайго памежжа ў кірунку нашай мяжы, але, наколькі сытуацыя зьмяняецца, мы працягваем сачыць, каб адэкватна рэагаваць», — падкрэсьліў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
Андрэй Дземчанка таксама дадаў, што з боку Беларусі не было спробаў прарыву выведна-дывэрсійных груп.
У Міністэрстве абароны Беларусі 22 жніўня паведамілі аб наведваньні дзяржаўным сакратаром Савета бясьпекі Беларусі Аляксандрам Вальфовічам памежных раёнаў, дзе падразьдзелы беларускай арміі «выконваюць задачы па ўзмацненьні дзяржаўнай мяжы на паўднёвых рубяжах». У той жа час дакладны раён знаходжаньня беларускіх падразьдзелаў прэсавая служба Мінабароны не назвала.
Камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч увечары 18 жніўня заявіў, што на паўднёвай мяжы Беларусь павялічыла сваю групоўку вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, у тым ліку авіяцыі, зэнітна-ракетных і радыётэхнічных войскаў.
16 жніўня на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам у пытаньнях ваеннай бясьпекі міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую імавернасьць збройных правакацый з боку Ўкраіны».
10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня ў 18:10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19:04 беларускія сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, а астатнія перадалі Расеі — іх, паводле Генэральнага штабу Расеі, «паразілі пад Яраслаўлем». «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Мы падазраваем, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — дадаў ён.
Камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч увечары 18 жніўня заявіў, што на паўднёвай мяжы Беларусь павялічыла сваю групоўку вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, у тым ліку авіяцыі, зэнітна-ракетных і радыётэхнічных войскаў.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Форум