Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заявілі, што расейскі дрон перасек мяжу Беларусі пасьля атакі на Чарнігаўскую вобласьць


Бесьпілётнік. Ілюстрацыйнае фота
Бесьпілётнік. Ілюстрацыйнае фота

Цягам усёй ночы і раніцай 21 жніўня над тэрыторыяй Украіны лятала больш за 60 расейскіх дронаў.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны заявілі, што адзін зь бесьпілётнікаў, запушчаных Расеяй па ўкраінскай тэрыторыі ў ноч на 21 жніўня, пасьля зьмены маршруту свайго руху ўрэшце перасёк мяжу ў Чарнігаўскай вобласьці зь Беларусьсю.

«Зафіксавалі перасячэньне варожым ударным дронам дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь у Чарнігаўскай вобласьці», — паведамілі ў апэратыўным камандаваньні па выніках адбіцьця расейскай атакі дронамі.

Цягам усёй ночы і раніцай 21 жніўня над тэрыторыяй Украіны лятала амаль 70 расейскіх дронаў. Расейскія сілы запускалі іх у некалькі хваляў. Дроны перамяшчаліся з поўначы ў цэнтар і на поўдзень Украіны, а потым мянялі свае маршруты руху.

Гэта ня першы раз, калі расейскія дроны пасьля запуску ў кірунку Ўкраіны пасьля перамяшчэньня над украінскай тэрыторыяй трапляюць у Беларусь.

10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня ў 18:10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19:04 беларускія сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, а астатнія перадалі Расеі — іх, паводле Генэральнага штабу Расеі, «паразілі пад Яраслаўлем». «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Мы падазраваем, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — дадаў ён.

Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках. Паводле Хрэніна, «вайсковыя часткі сілаў спэцапэрацыяў, сухаземных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».

Пазьней Міністэрства абароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў.

Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG